И. Ф. Кореневский — комиссар исключительной стойкости и отваги

К 75-летию с начала Великой Отечественной войны

Адным з кіраўнікоў партызанскага руху на тэрыторыі Віцебскай вобласці быў першы сакратар Ушацкага падпольнага райкама партыі, камісар партызанскай брыгады імя В. I. Чапаева Іван Фёдаравіч Каранеўскі. Сын беднага селяніна з-пад Улы, ён прайшоў вялікую школу жыцця. Служыў у Чырвонай Арміі, вучыўся ў Ваеннай акадэміі. Пасля яе заканчэння служыў у кавалерыйскіх часцях на Далёкім Усходзе, у Кіеве, Петразаводску, у Беларусі. Нашаму земляку давялося быць другім сакратаром Дрысенскага (Верхнядзвінскага) райкама партыі, пазней – першым сакратаром Гарадоцкага РК КПБ.
3 пачаткам Вялікай Айчыннай вайны сям’я Івана Фёдаравіча эвакуіравалася на ўсход, у г. Аксубаева, што паўночней Казані. Сам ён застаўся на падпольнай рабоце ў тыле ворага. 3 ліпеня 1942 года I. Ф. Каранеўскі ўзначаліў Ушацкі падпольны райкам КПБ. Пад яго кіраўніцтвам райкам вёў арганізатарскую і палітычную работу ў партызанскіх падраздзяленнях, сярод мясцовага насельніцтва. Вясной і летам 1942 года камуністы і камсамольцы сабралі ў вёсках добраахвотнікаў у Чырвоную Армію і пераправілі іх праз знакамітыя «Суражскія вароты». Шмат было зроблена па прыцягненні моладзі ў партызанскую барацьбу, па арганізацыі рэзерваў народных мсціўцаў.
Партызаны брыгады імя В. I. Чапаева, мясцовыя жыхары кантралюемых атрадамі вёсак Ушацкага і Ветрынскага раёнаў летам 1942 года выйшлі пераможцамі ў барацьбе за хлеб. Акупантам, якія знаходзіліся ва Ушачах, не ўдалося абрабаваць сялян. Яны захавалі ўвесь ураджай збожжавых і падзяліліся запасамі з партызанамі. Дзякуючы гэтаму не толькі брыгада імя В. I. Чапаева, але і ўтвораная летам 1942 года партызанская брыгада імя К. Я. Варашылава, а таксама партызанскія атрады, што прыйшлі ва Ушацкі раён зімой і вясной 1943 года, не адчувалі асаблівага недахопу ў прадуктах харчавання.
Камісар быў арганізатарам і душой усяго ульскага падполля. Яшчэ ў снежні 1942 года падпольшчыкі папярэдзілі камандаванне аб падрыхтоўцы гітлераўцаў да карнай экспедыцыі супраць партызан. Камендант Улы Хельд загадаў выкарыстаць супраць народных мсціўцаў усіх свабодных ад каравульнай службы паліцаяў, інжынерна-тэхнічны персанал аэрадрома. Наступленне меркавалася весці трыма групамі, кожнай было выдадзена па тры кулямёты. Фашысцкія афіцэры размясціліся на бронетранспарцёры.
Партызаны зрабілі засаду ў лесе. Прапусціўшы першую калону гітлераўцаў, яны атакавалі штабную групу і разграмілі яе. Было знішчана шмат нямецкіх афіцэраў.
Падпольная група, у якую акрамя I. А. Рыбакова (у далейшым начальніка брыгаднага шпіталю) уваходзілі яго сястра Надзея, сёстры Ніна і Люба Леднікі, Іван Родзін, родны брат камісара Пётр Каранеўскі і яго жонка Сафія, сёстры Ганна і Яўгенія Сідлеры, сёстры Лідзія і Валянціна Бядрыцкія, не толькі перадавала партызанам разведданыя, але і аказвала дапамогу медыкаментамі, перавязачнымі матэрыяламі.
Партызанская брыгада імя В. I. Чапаева дзейнічала ў глыбокім тыле ворага больш за два  гады. За гэты час яе атрады здзейснілі шмат баявых аперацый. Каранеўскі выхаваў здольных, беззапаветна адданых справе камісараў атрадаў, работнікаў падпольнага райкама КПБ. Яго саратнікі і памочнікі Генадзь Лапшынкоў, Уладзімір Васілеўскі, Валянціна і Юлія Бераснёвы і многія іншыя пазней расказвалі, што, працуючы пад кіраўніцтвам Каранеўскага, кожны з іх прайшоў вялікую школу жыцця, атрымаў выдатную загартоўку.
I. Ф. Каранеўскі ў ліку першых быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.
Стойкасць, мужнасць і разуменне абставін, якія праявілі партызаны і жыхары Ушацкага раёна, у многім тлумачацца вялізнай палітычнай работай, якую вёў Ушацкі райкам КПБ пад кіраўніцтвам I. Ф. Каранеўскага. Газеты, лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, вечары самадзейнасці, проста гутаркі – уся разнастайнасць форм работы з людзьмі была ўзята на ўзбраенне падпольнымі партыйнымі арганізацыямі і выкарыстоўвалася эфектыўна, як таго патрабавалі абставіны і ўмовы барацьбы на акупіраванай тэрыторыі.
Камісар брыгады I. Ф. Каранеўскі знаходзіўся на пярэднім краі ўсе дні красавіцка-майскай карнай аперацыі 1944 года. Ён загінуў на баявым пасту 4 мая 1944 года.
Імя выдатнага сына беларускага народа прысвоена вуліцы ў аграгарадку Ула. Не так даўно гэта імя насіла і сельгаспрадпрыемства раёна, але ў  2011 годзе ў выніку  яго далучэння  да  ЗАТ «ААБ-Агра Наватар» яно рэарганізавана.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *