Житель Бешенковичского района, воровавший у своих земляков, понёс заслуженное наказание

Происшествия

Разведзены і непрацуючы жыхар г. п. Бешанковічы К., відаць, па прынцыпе вядомых герояў знакамітага кінафільма вырашыў таксама заняцца крадзяжом.


28 мая 2014 года саракагадовы новаспечаны «джэнтльмен удачы» ўзламаў дзверы дома па вуліцы Кастрычніцкай райцэнтра і са скрынкі, што ляжала на канапе, украў грошы гаспадыні – каля пяці мільёнаў рублёў.


Праз няпоўныя два месяцы К. зноў вырашыў паспытаць шчасця. І яно яму ўсміхнулася ўжо на вуліцы Лермантава г. п. Бешанковічы. Выставіўшы аконную раму, аматар пажывіцца за кошт другога апынуўся ў агульным пакоі чужой хаты. Аднак адчуваў сябе тут як сапраўдны гаспадар. «Гэта я ўдала зайшоў!» – падумалася К., калі прыкмеціў у серванце бутэльку каньяка. Але куды больш багаты «прыкуп» чакаў «джэнтльмена ўдачы» ў спальні: тут знайшоўся паўлітровы слоік з грашамі – амаль чатыры мільёны рублёў. Не стаў грэбаваць і доларамі ЗША, якія знаходзіліся тут жа. Іх аказалася 715 на агульную суму звыш сямі мільёнаў рублёў па курсе Нацбанка Рэспублікі Беларусь на той час.


Акрылены ўдачамі, К. прадоўжыў свае «прыгоды». 28 жніўня 2014 года наш «герой» быў ужо на вуліцы Ганчарнай. У спальні чужога дома знайшоў пакет, а ў ім – тры мільёны рублёў. 31 жніўня 2014 года ён завітаў на вуліцу Энгельса. Праўда, у доме, які ён прыгледзеў у якасці чарговай ахвяры, на першы погляд ні «беларусы», ні «амерыканцы» на вочы не трапіліся. Але было і тут чым разжыцца – восеньскія закаткі агародніны. Прыхапіў заадно батон з разынкамі, бохан чорнага хлеба, 300 грамаў закусачнага зэльцу. А тут і стары бумажнік запрыкмеціў, а ў ім ляжалі 180 тысяч рублёў. Праўда, «улоў», калі меркаваць па папярэдніх «паходах», быў зусім невялікі – усяго крадзенае пацягнула на 277 тысяч рублёў. Але ж не з пустымі рукамі!


У верасні таго ж года гэты «джэнтльмен удачы» залез у хату па вуліцы Раманава. Тут ён разжыўся на бензапілу, пару красовак, мужчынскія туфлі, скураныя паўбацінкі. Знайшоўся і харчовы тавар – свініна, фарш, сметанковае масла, замарожаная курыца, шкляная банка кавы, банка мясных кансерваў… Усяго амаль на тры з паловай мільёны рублёў.


У цэлым жа мінулы год аказаўся вельмі шчодрым для К. – украдзена грошай і рэчаў на суму амаль 23 мільёны рублёў.


Па пастанове суда Бешанковіцкага раёна, які адбыўся 3 снежня 2014 года, іх трэба будзе вярнуць пацярпелым. А зрабіць гэта непрацуючаму, а тым больш чалавеку, які пакутуе на алкагалізм, не так проста. Безумоўна, не кампенсуюць гэта і канфіскаваныя ў лік пагашэння сумы мэблевая сценка, сервант і мяккі куток.


Вывад адзін – трэба ўладкоўвацца на працу. Але ці пойдзе на такі крок лайдак?..


Здзіўляе і бестурботнасць пацярпелых, якія так неахайна абыходзяцца з захоўваннем грашовых сродкаў. Танней, відаць, было б пакласці іх на рахунак у банку ці перавесці на картачку. А так пацярпелым давядзецца чакаць кампенсацыі вельмі доўга…



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *