Георгій Іванавіч Ліхавідаў з Бешанковіч — удзельнік венгерскіх падзей

К 75-летию с начала Великой Отечественной войны

Ледзь сустрэўся з гаспадаром хаты, як той тут жа прамовіў:
– Ты ж, відаць, ведаеш, што я нядаўна пахаваў сваю Ніну Іванаўну?
– Ведаю, Георгій Іванавіч… Прыміце мае шчырыя спачуванні.
– Вось так… 62 гады пражылі разам душа ў душу…
Бачылася, што вельмі перажывае дарагую страту гэты чалавек…
Нягледзячы на тое, што з Георгіем Іванавічам Ліхавідавым, які жыве ў аграгарадку Астроўна, знаёмы гадоў 35,  яго біяграфія мае для мяне шмат цікавых і павучальных момантаў.
Ён нарадзіўся ў Навасёлках, жыў на хутары ля вёскі Парэчча, дзе бацька Іван Іванавіч, трактарыст Астровенскай МТС, купіў дом. Мясціна была прыгожая – Заходняя Дзвіна, стогадовыя ліпы, свежы водар лесу і луга. У вёсцы Дарагакупава скончыў тры класы, у чацвёрты пайшоў ужо ў Астроўне, куды ў 1939-м у выніку перасялення насельніцтва з хутароў пераехалі бацькі.
Георгій Іванавіч расказвае павольна, расклаўшы на стале процьму ўсялякіх грамат, дыпломаў, пасведчанняў і здымкаў – дакументальных сведкаў яго біяграфіі.
– Сярэднюю школу скончыў, калі мне споўнілася 20 гадоў, бо вайна перашкодзіла, – вядзе свой аповяд ветэран працы і Узброеных Сіл, маёр у адстаўцы. – У школе ўзначальваў камсамольскую арганізацыю, быў членам Бешанковіцкага райкама камсамола. Па пуцёўцы Віцебскага абкама ЛКСМБ быў накіраваны на вучобу ў Серпухоўскае вышэйшае ваенна-тэхнічнае вучылішча, потым атрымаў накіраванне у г. Вену, сталіцу Аўстрыі…
Але перш чым туды адправіцца, Георгій Іванавіч прыехаў на радзіму і жаніўся на мясцовай дзяўчыне Ніне, якая працавала старшай піянерважатай у Астровенскім дзіцячым доме. І толькі пасля гэтай важнай падзеі ў жыцці малады афіцэр у вызначаны тэрмін быў ужо ў Аўстрыі. Няшмат мінула часу, як Ліхавідаў апынуўся ў Венгрыі.
– Цікава, а ў  знакамітых  венгерскіх падзеях 1956 года Вы, выпадкова, удзел не прымалі? – пытаюся.
– Як жа, прымаў, – неяк загадкава ўсміхнуўся Георгій Іванавіч і паказаў мне пасведчанне цёмна-зялёнага колеру, падобнае на тыя, што маюць удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны. – Раней гэта стараліся не афішыраваць, а цяпер я магу гаварыць пра гэта смела.
Бяру ў рукі пасведчанне. «Удзельнік Венгерскіх падзей з 23 кастрычніка 1956 года па 31 лістапада 1957 года», – чытаю ў ім.
Калі працягваць гаворку пра вайсковую службу, то нельга не адзначыць: мой субяседнік яшчэ некаторы час служыў у аваіяцыі ў г. Шчучыне, што ў Беларусі, а потым дзевятнаццаць гадоў  служыў на вядомым ракетным палігоне «Капусцін Яр», што ў Астраханскай вобласці. Займаў высокія пасады: быў памочнікам начальніка штаба, памочнікам і старшым памочнікам начальніка аддзела кадраў палігона. Асабліва падкрэслю: калі звычайна афіцэр служыць 25 гадоў, то Георгій Іванавіч прысвяціў службе ў арміі 29. Нездарма ж ён адзначаны ордэнам «Знак Пашаны»!
Заслуг у гаспадара хаты шмат. Георгій Іванавіч доўгі час узначальваў Астровенскі Дом культуры, яшчэ дзевятнаццаць гадоў – ветэранскую арганізацыю саўгаса «Астроўна». Ён мае пасведчанне «Ганаровы пенсіянер Віцебскай вобласці». А яшчэ Ліхавідаў добра ведае гісторыю свайго краю, раёна. І калі, прачытаўшы мой чарговы артыкул на гэту тэму, нешта ў ім прыцягнула ўвагу, Георгій Іванавіч набірае нумар тэлефона і спрабуе высветліць: што да чаго.
Такая яго прынцыповая пазіцыя ва ўсім: у рабоце, грамадскіх справах і г. д. Ваенная загартоўка і ўласная дысцыпліна  прымушаюць  Ліхавідава  тут жа рэагаваць на розныя падзеі і факты, імкнучыся ўстанавіць ісціну, дабіцца справядлівасці нават у самых дробязных, здавалася б, пытаннях. Сам жа застаецца сціплым. Гэта ў Астроўне добра ведаюць, таму і паважаюць яго.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *