Патрыятычнаму вахаванню сваіх навучэнцаў шмат увагі надаюць у Ульскім прафесійным ліцэі

К 75-летию с начала Великой Отечественной войны

70 гадоў… Дарога даўжынёю ў жыццё аддзяляе нас ад гераічнага подзвігу нашага народа ў барацьбе за мір і шчасце на Зямлі. Усё менш і менш застаецца тых, хто сваім самаадданым подзвігам змог выратаваць чалавецтва – франтавікоў, партызан, працаўнікоў тылу. Сёння мы называем іх ветэранамі. А тады, у 41-м, гэта былі бязвусыя хлапчукі і зусім юныя дзяўчынкі. Яны хацелі жыць, кахаць і радавацца жыццю. Але не ўсе з іх дайшлі да Перамогі. І наш абавязак – захоўваць памяць аб гераічным мінулым эпохі Вялікай Айчыннай вайны, перадаваць веды маладому пакаленню пра подзвіг савецкага народа, гераізм простых салдат і генералаў.
Патрыятычнаму вахаванню сваіх навучэнцаў шмат увагі надаюць у Ульскім прафесійным ліцэі. Педагогі і выхавацелі робяць усё, каб сучасная моладзь імкнулася зразумець маральныя прынцыпы таго пакалення, даведацца, чым жылі іх аднагодкі ў вельмі складаных умовах ваеннага часу.
Таму юбілею Вялікай Перамогі ў навучальнай установе прысвяцілі шэраг мерапрыемстваў. Навучэнцы ліцэя ахвотна прынялі удзел у акцыях «Ветэран» і «Абеліск». Юнакі і дзяўчаты з віншаваннямі наведаліся ў госці да абаронцаў Айчыны, што пражываюць у аграгарадку Ула, а таксама ўнеслі свой уклад у добраўпарадкаванне мемарыяла ў вёсцы Хоціна, дзе нарадзіўся наш легендарны зямляк, генерал Леў Даватар, імя якога носіць Ульскі ліцэй.
Юбілей Перамогі ў навучальнай установе адзначылі і тэматычным канцэртам пад назвай «Ніхто не забыты, нішто не забыта». Праграма была падрыхтавана сумесна з вучнямі Ульскай СШ, за што ім адміністрацыя ліцэя выказвае шчырыя словы падзякі.
Але ж асноўным мерапрыемствам, прымеркаваным да 70-годдзя Вялікай Перамогі, стаў агітпрабег па маршруце Ула-Узрэчча, падрыхтаваны  пры ўдзеле райкама ГА «БРСМ». Моладзь усклала кветкі да брацкай магілы, дзе пахаваны больш за 200 воінаў. У ліку тых, хто знайшоў свой апошні прытулак на Узрэччы, восем Герояў Савецкага Саюза. Усе яны ўдастоены гэтага высокага звання пасмяротна: за фарсіраванне ракі, захоп, утрыманне і пашырэнне плацдарма на левым беразе Заходняй Дзвіны. Вельмі цяжка было гэта зрабіць, але пастаўленую задачу абаронцы Айчыны выканалі, нягледзячы ні на што, нават цаной шматлікіх жыццяў нашых адважных воінаў.
Ля брацкай магілы на Узрэччы адбыўся мітынг-рэквіем. Пра значэнне гераічнага подзвігу салдат і афіцэраў Перамогі гаварылі намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ульскага ліцэя Т. У. Смаляк і першы сакратар РК ГА «БРСМ» Т. А. Жукоўская. Працягам урачыстасці стаў прыём навучэнцаў ліцэя ў члены ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі». Маладзёжная арганізацыя раёна ў гэты дзень папоўнілася на 9 чалавек. Пасля чаго былі ўручаны ўзнагароды навучэнцам ліцэя, якія праявілі сябе падчас агітпрабега.
– Патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення – гэта мэтанакіраваная дзейнасць па фарміраванні ў навучэнцкай моладзі высокай патрыятычнай свядомасці, пачуцця вернасці сваёй Айчыне, гатоўнасці да выканання грамадзянскагаі канстытуцыйных абавязкаў па абароне інтарэсаў Радзімы ў мірны і ваенны час, – упэўнена Т. У. Смаляк. – Прыклады гераічнай барацьбы, подзвігі лепшых сыноў Айчыны павінны стаць асновай патрыятычнага выхавання. Няхай вечнай будзе памяць пра герояў Вялікай Айчыннай вайны…



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *