Візіт Старшыні КНР Сі Цзіньпіна ў Беларусь

Тема недели

Старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпін наведаў 10-12 мая з дзяржаўным візітам Беларусь. Ён ажыццяўляўся па запрашэнні Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Пасля афіцыйнай цырымоніі сустрэчы ў Палацы Незалежнасці Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзіньпін 10 мая правялі перагаворы ў пашыраным фармаце і вузкім складзе, прадстаўнікі афіцыйных дэлегацый падпісалі амаль два дзясяткі пагадненняў і мемарандумаў на 3,5 млрд. долараў. Старшыня КНР Сі Цзіньпін агучыў, што ў цэлым для фінансавання сумесных праектаў Беларусі будзе прадастаўлена новых ільготных і камерцыйных крэдытаў на агульную суму 7 млрд. долараў. 11 мая ў Мінску прайшоў Беларуска-кітайскі бізнес-форум, па выніках якога было падпісана 25 пагадненняў.
Беларусь і Кітай пераходзяць ад крэдытнага да інвестыцыйнага супрацоўніцтва
Беларусь і Кітай фарміруюць новы ўзровень сумеснага развіцця ў адносінах, у аснове якога пераход ад крэдытнага да інвестыцыйнага супрацоўніцтва. На гэта звярнуў увагу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са Старшынёй Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпінам у пашыраным складзе.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што вопыт такой работы ў бакоў ужо ёсць. У Беларусі рэалізуюцца два буйныя сумесныя праекты па вытворчасці легкавых аўтамабіляў з удзелам кітайскай кампаніі «Джылі» і будаўніцтве Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень».
Узаемадзеянне дзвюх краін дынамічна развіваецца. У ліпені 2013 года Беларусь і Кітай устанавілі адносіны ўсебаковага стратэгічнага партнёрства. «Сёння мы вядзём даверны палітычны дыялог, узгадняем пазіцыі на міжнароднай арэне, усебакова развіваем узаемавыгаднае гандлёва-эканамічнае, крэдытна-інвестыцыйнае, навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва. Мы таксама пашыраем абмены ў гуманітарнай сферы», – сказаў беларускі лідар.
Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што ўрады Беларусі і Кітая паспяхова рэалізуюць маштабную Праграму развіцця ўсебаковага стратэгічнага партнёрства на 2014–2018 гады. Новы механізм міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве нацэлены на паскарэнне прыняцця стратэгічных рашэнняў. «Мы, шчыра кажучы, сталі больш мабільнымі не толькі ў прыняцці рашэнняў, але і выкананні іх», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Сі Цзіньпін заявіў аб гатоўнасці адкрыць новую эпоху ў развіцці беларуска-кітайскага партнёрства
Старшыня КНР на афіцыйных перагаворах у пашыраным складзе з Прэзідэнтам Беларусі падкрэсліў вялікі асабісты ўклад Аляксандра Лукашэнкі ў развіццё беларуска-кітайскай дружбы. «Я вельмі цаню ўстаноўленыя паміж намі цесныя дзелавыя сувязі і асабістую глыбокую дружбу. Мы лічым, што гэты візіт мае вялікае значэнне для далейшага развіцця кітайска-беларускіх адносін», – сказаў Сі Цзіньпін.
Паводле яго слоў, за мінулыя гады ў міжнароднай абстаноўцы адбыліся вельмі глыбокія і складаныя змены, аднак Кітай і Беларусь заўсёды давяраюць адзін аднаму, аказваюць падтрымку і дапамогу. «Я гатовы з вамі падтрымліваць цесныя кантакты і сувязі, абмяркоўваць пытанні, звязаныя з развіццём двухбаковых адносін, каб разам з вамі адкрываць новую эпоху ў кітайска-беларускіх адносінах усебаковага стратэгічнага партнёрства», – падкрэсліў кітайскі лідар.
Сі Цзіньпін адзначыў, што за апошнія гады ў Беларусі пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі дасягнуты ўражальныя поспехі ў дзяржаўным будаўніцтве, у тым ліку захоўваецца палітычная стабільнасць, паступальна развіваецца эканоміка.
Па выніках Беларуска-кітайскага міжрэгіянальнага бізнес-форуму падпісана 25 пагадненняў
Так, завізіраваны пагадненні аб дружбе і супрацоўніцтве паміж Гомелем і Харбінам, аб устанаўленні пабрацімскіх адносін паміж Гроднам і Лунанем (правінцыя Ганьсу), Полацкам і Муданьцзянам. Супрацоўнічаць будуць таксама Брэсцкая вобласць і правінцыя Хубэй, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт і Народны ўрад горада Пекіна, што замацавана адпаведнымі дакументамі.
Акрамя таго, у лік падпісаных дакументаў увайшоў мемарандум аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам гандлю Беларусі і Народным урадам правінцыі Ганьсу.
Мемарандум аб супрацоўніцтве падпісалі IZPTechnologiesGroupBeijing (Кітай) і кансорцыум ЗТАА «АОІ Лагістык Парк» (Беларусь).
У Мінску прайшоў Беларуска-кітайскі міжрэгіянальны бізнес-форум. Яго арганізавалі Міністэрства камерцыі КНР, Міністэрства эканомікі Беларусі, Беларуская гандлёва-прамысловая палата. Усяго на форум прыбыло амаль 450 чалавек, з іх 300 з КНР. Пленарнае пасяджэнне пад дэвізам «Новыя пляцоўкі – новыя магчымасці» ўключала ў тым ліку прэзентацыю праекта індустрыяльнага парка «Вялікі камень», выступленні кіраўніцтва правінцый, гарадоў Кітая і рэгіёнаў Беларусі.
Па матэрыялах БелТА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *