Лес открыт для пеших посетителей

Новости района

У народзе кажуць, што гэтае хрысціянскае свята азначае хуткі надыход восені і ператварэнне прыроды. Ночы робяцца халоднымі і доўгімі, дні – кароткімі. Але народ наш, нягледзячы ні на што, святкуе і радуецца.


Мяне зацікавіла, як жа святкуюць Яблычны Спас у нашай Свята-
Ільінскай царкве? Раніцай накіроўваюся туды і бачу, што першыя наведвальнікі – бабулі. Яны прыйшлі яшчэ раней і цяпер сядзелі на лавачках. Потым пачалі падыходзіць мужчыны, жанчыны і дзеці. Былі і маладыя маці з зусім маленькімі дзеткамі. Людзі віншавалі адзін аднаго, гаманілі і ўсміхаліся, пакуль цішыню храма не парушылі спевы. Пачуўшы галасы, у каторы раз здзівілася, наколькі прыгожа яны гучаць! Святыя словы несліся ўверх, ахінаючы ўсё і ўсіх на сваім шляху.


Нехта запаліў свечку, нехта маліўся, шаптаў сваё, набалелае. Людзі ішлі адзін за адным. Штораз адчыняліся дзверы, упускаючы новых прыхаджан. Заўважыла, што полымя свечак пагойдвалася. Ад ветру ці ў такт малітве? Назіраючы за гэтым, падумала: як добра, што ёсць вера. Яна робіць нас моцнымі, дапамагае жыць, і кожны можа зрабіць выбар…


А ў гэты час, пакуль ішла служба, ля царквы ладзілася выстава. Раённы Цэнтр і сельскія ўстановы культуры, па дамоўленасці з айцом Віталіем, размясцілі плады новага ўраджаю. Рыхтавалі ўсё самі. Чаго толькі тут не было! Яблыкі розных гатункаў, толькі знятыя з дрэва, сушаныя, яблычнае павідла, бліны з яблыкамі, пірагі, яблыкі з мёдам. Яны ляжалі ў кошыках, на талерках, так і просячыся ў рукі. Дарэчы, усё можна было пакаштаваць, але пасля асвячэння.


Хутка чаканне было ўзнагароджана. Людзі выйшлі на двор, дзе айцец Віталій павіншаваў усіх са святам і асвяціў садавіну новага ўраджаю. Пасля пачастунку задаволены народ паціху пачаў разыходзіцца. Кожны імкнуўся прыйсці хутчэй дадому, каб адзначыць свята з роднымі. Таму што ў гэты дзень, як лічыцца ў некаторых народаў, адкрываецца неба і можна пабачыць Бога, што-небудзь папрасіць у яго (звычайна гэта павер’е суадносяць з Ражджаством ці Вадохрышчам). Веруючыя ішлі з царквы, кожны думаў пра нешта сваё, але ўсе ўсміхаліся. Цяпер гэта былі людзі, светлыя думкамі і чыстыя душой.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *