Л. М. Ярмошына: выбарчая кампанія праходзіць спакойна

Тема недели

У ЦВК БЕЛАРУСІ НЕ ПАСТУПІЛА НІ АДНОЙ СКАРГІ НАКОНТ РАБОТЫ ІНІЦЫЯТЫЎНЫХ ГРУП


Аб гэтым у сваім відэазвароце на сайце vybory2015.by паведаміла старшыня Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына.


«Выбарчая кампанія праходзіць спакойна. У Цэнтральную камісію не паступіла ні адной скаргі наконт работы ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты. Такія скаргі таксама не паступалі і ў праваахоўныя органы», – заявіла Лідзія Ярмошына.


«У краіне працягваецца збор подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты. Ініцыятыўныя групы працуюць незалежна і не даюць справаздачу нікому, у тым ліку Цэнтральнай камісіі. Тым не менш, мы маем інфармацыю, што дзве групы ўжо здалі частку падпісных лістоў у тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі. Я магу сказаць, што больш як 100 тыс. подпісаў ужо здадзена ў падтрымку вылучэння кандыдатам у прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі і больш як 500 подпісаў здадзена ў падтрымку вылучэння Анатоля Лябедзькі (па стане на 31 жніўня)», – расказала Лідзія Ярмошына.


АКРЭДЫТАВАНА 188 НАЦЫЯНАЛЬНЫХ НАГЛЯДАЛЬНІКАЎ


«У тэрытарыяльных выбарчых камісіях, Цэнтральнай камісіі (а ў нас 153 тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі) акрэдытавана ўжо 188 нацыянальных наглядальнікаў. Больш за ўсё яны прадстаўлены ў Цэнтральнай выбарчай камісіі. Восем нацыянальных наглядальнікаў, якія прадстаўляюць асноўныя палітычныя партыі і грамадскія рухі, ужо маюць акрэдытацыю ў Цэнтрвыбаркаме і назіраюць за нашай работай», – паведаміла Лідзія Ярмошына.


Кіраўнік ЦВК звярнула ўвагу, што выбарчае заканадаўства прадугледжвае магчымасць абскарджання ў судзе рашэнняў выканаўчых і прадстаўнічых органаў аб утварэнні выбарчых камісій. «Палітычнымі сіламі, грамадскімі аб’яднаннямі і выбаршчыкамі было пададзена 8 такіх скаргаў у суды Беларусі. Усе яны разгледжаны. Пры гэтым тры скаргі пакінуты без разгляду ў сувязі з парушэннем устаноўленага законам парадку», – праінфармавала яна.


РАБОТА ПА ФАРМІРАВАННІ СПІСАЎ ВЫБАРШЧЫКАЎ ПАВІННА БЫЦЬ ПРАВЕДЗЕНА МАКСІМАЛЬНА ЯКАСНА


Аб гэтым заявіла старшыня Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына ў Гомелі на семінары-вучобе з кіруючым складам тэрытарыяльных выбарчых камісій рэгіёна.


«Часта асноўная прэтэнзія выбаршчыкаў датычыцца таго, што яны не знаходзяць сябе ў спісах, або запрашэнні для ўдзелу ў выбарах накіроўваюцца сваякам, якіх ужо няма ў жывых. Таму мы разлічваем, што работа па фарміраванні спісаў будзе праведзена максімальна якасна», – выказала патрабаванне кіраўнік ЦВК.


Яна нагадала, што фарміраваннем спісаў выбаршчыкаў займаюцца мясцовыя выканаўчыя органы ўлады, выкарыстоўваючы пры гэтым спісы, якія прымяняліся ў ходзе ранейшай выбарчай кампаніі, звяраючыся папярэдне з ваенкаматамі, загсамі, абыходзячы пакватэрна дамы і гэтак далей. Іх карэкціроўкай займаюцца выбарчыя камісіі, утвораныя на тэрыторыі кожнага ўчастка для галасавання. «Спісы выбаршчыкаў вывешваюцца за 15 дзён да даты выбараў, у бягучым годзе гэта будзе 26 верасня. Да гэтай даты яны павінны быць поўнасцю сфарміраваны», – дадала Лідзія Ярмошына.


ДЛЯ ГАЛАСАВАННЯ ГРАМАДЗЯН БЕЛАРУСІ ЗА МЯЖОЙ ПЛАНУЮЦЬ АДКРЫЦЬ 45 УЧАСТКАЎ


«Мы запланавалі сродкі на адкрыццё 45 выбарчых участкаў. Аднак дакладную лічбу сказаць пакуль немагчыма, паколькі паслы павінны зноў правесці ўлік беларускіх грамадзян, якія зарэгістраваны або нейкім іншым чынам лічацца ў пасольстве», – сказала кіраўнік ЦВК.


Яна растлумачыла, што ўчастак адкрываецца там, дзе на консульскім уліку знаходзяцца больш як 20 грамадзян. «Улічваючы вопыт папярэдніх выбарчых кампаній, не думаю, што колькасць участкаў для галасавання значна зменіцца», – дадала Лідзія Ярмошына.


БДІПЧ АБСЕ ПРЫМАЕ ЗАЯЎКІ ДЛЯ ЎДЗЕЛУ Ў МАНІТОРЫНГАВАЙ МІСІІ НА ВЫБАРАХ ПРЭЗІДЭНТА БЕЛАРУСІ


«Пасля атрымання афіцыйнага запрашэння прыняць удзел у назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі ў Рэспубліцы Беларусь, якія пройдуць 11 кастрычніка 2015 года, на падставе вынікаў і вывадаў місіі па ацэнцы патрэбнасцей 14-17 ліпеня 2015 года, а таксама ў адпаведнасці з мандатам, БДІПЧ АБСЕ рыхтуецца да разгортвання місіі назірання за выбарамі», – гаворыцца ў размешчаным паведамленні.


У прыватнасці, размова ідзе аб пошуку знешніх кансультантаў на наступныя пасады: кіраўніка місіі, яго намесніка, аналітыка па выбарах, палітычнага і прававога аналітыкаў, медыяаналітыка, а таксама каардынатара доўгатэрміновых наглядальнікаў.


Пры гэтым адзначаецца, што ўсе назначэнні часовыя, па кантракце, і працягласць іх будзе каля васьмі тыдняў (у выпадку, калі спатрэбіцца правядзенне другога тура прэзідэнцкіх выбараў, назначэнні могуць быць прадоўжаны прыкладна на тры тыдні). Кандыдаты павінны быць грамадзянамі любой дзяржавы-удзельніцы АБСЕ, за выключэннем Беларусі. Адно з асноўных патрабаванняў – яны павінны быць зарэгістраваны ў базе даных экспертаў па выбарах БДІПЧ.


Кандыдаты павінны быць гатовы падключыцца да маніторынгавай місіі па першым патрабаванні ў канцы жніўня. Заяўкі на ўдзел прымаюцца да 10 жніўня.


У інфармацыі таксама гаворыцца, што дзяржавам-удзельніцам АБСЕ будзе прапанавана адправіць 40 доўгатэрміновых і 400 кароткатэрміновых наглядальнікаў. Жадаючым стаць доўгатэрміновым або кароткатэрміновым наглядальнікам прапануецца звязацца са сваёй дэлегацыяй АБСЕ ў Вене або Міністэрствам замежных спраў.


Па матэрыялах БелТА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *