Трэба захаваць мір у Беларусі

Тема недели

14 жніўня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў ААТ «Мінскі завод колавых цягачоў», дзе азнаёміўся з работай прадпрыемства і пагутарыў з працоўным калектывам.


ГАЛОЎНАЯ ЗАДАЧА – АБАРАНІЦЬ І ЗАХАВАЦЬ КРАІНУ


«Як бы нам ні было цяжка, мы павінны захаваць мір у нашай краіне, і няважна з якім прэзідэнтам. Трэба, каб былі мір і стабільнасць», – адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час сустрэчы з працоўным калектывам ААТ «Мінскі завод колавых цягачоў».


«Я пачынаю цікавіцца, а што хоча народ пачуць ад будучых кандыдатаў у прэзідэнты? А народ хоча зарплаты пабольш і пажадана менш работы. Такое жаданне заўсёды было, я гэта добра разумею. Але не гэта сёння галоўнае», – лічыць беларускі лідар.


Паводле яго слоў, цяпер пачаўся жорсткі перадзел свету, і калі раней свет дзялілі проста, то сёння ўсё значна складаней. «Увесь свет сёння, напрыклад, аб’яднаўся ў барацьбе з ІДІЛ. Усе ваююць супраць яго, – адзначыў кіраўнік дзяржавы. – Але ніхто не падумаў аб тым, а як жа гэты ІДІЛ, дзе сабралі людзей з усяго свету, процістаіць такім магутным дзяржавам, якія нібыта супраць яго ваююць?»


«І ламаюць цэлыя дзяржавы. Заходняя кааліцыя на чале з Амерыкай не можа з імі справіцца. А чаму? А таму што з гэтай кааліцыі гэты ІДІЛ нехта фінансуе, ён камусьці выгадны, здагадайцеся самі з трох разоў, каму гэта выгадна. Каб змяніць архітэктуру свету. Каб падзяліць багатыя на вуглевадароды землі, а дакладней, забраць сабе. Але не сваімі рукамі. А рукамі вось гэтых небарак, якім у галаву ўбілі нейкія ідэі і яны ідуць, паміраюць, ваююць за нейкія грошы і сродкі», – сказаў Прэзідэнт.


ДЗЯКУЮЧЫ АДЗІНСТВУ ГРАМАДСТВА Ў БЕЛАРУСІ НЯМА ПРАБЛЕМ
З ВЫМУШАНАЙ ЗНЕШНЯЙ МІГРАЦЫЯЙ


Каменціруючы сітуацыю з вымушанай міграцыяй некарэнных жыхароў у Еўропе, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што людзі з разбураных ваеннымі канфліктамі Егіпта, Лівіі, Сірыі гатовы, рызыкуючы жыццём, перапраўляцца ў Еўропу. Але сярод іх не толькі тыя, хто вымушаны быў пакінуць родную краіну, але і экстрэмісцкія элементы.


«Не трэба было разбураць гэтыя дзяржавы. Яны жылі – трэба было з імі супрацоўнічаць і паступова прапаноўваць ім свае каштоўнасці», – лічыць Аляксандр Лукашэнка. Што датычыцца Беларусі, то яна, як транзітная краіна, трымае міграцыйныя працэсы на строгім кантролі. Жадаючых нелегальна трапіць праз беларускую граніцу ў Еўропу аператыўна выяўляюць.


ДЗЯРЖАВА НЕ МАЕ НАМЕРУ ПАКУЛЬ ПРАДАВАЦЬ МЗКЦ


«Я не хацеў бы прыватызаваць (чытай: аддаваць за бясплатна) тое, што створана народам», – сказаў Прэзідэнт.


Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што апошнія год-два навязваюць ідэю прыватызацыі і продажу гэтага прадпрыемства. «Маё стаўленне да прыватызацыі вы ведаеце. Не мы гэта з вамі стваралі, гэта створана некалькімі пакаленнямі, прынамсі, мы трэцяе пакаленне, якое тут працуе, і не нам з вамі вырашаць у корані гэту праблему. Хоць, калі паўстане пытанне, – давядзецца», – адзначыў беларускі лідар.


Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што па правілах для прыватызацыі прадпрыемства першапачаткова трэба згода працоўнага калектыву. Пасля рашэнне прымае Мінскі гарвыканкам і міністр, потым урад, і пасля гэтага дакументы трапляюць на стол Прэзідэнта, і ён канчаткова прымае рашэнне аб прыватызацыі таго ці іншага прадпрыемства.


УСЕ ПРАДПРЫЕМСТВЫ ДЗЯРЖКАМВАЕНПРАМА ЗАБЯСПЕЧАНЫ ЗАКАЗАМІ
І ПРАЦУЮЦЬ БЕЗ СТРАТ


Зацверджана праграма развіцця абароннага сектара эканомікі і Дзяржкамваенпрама да 2020 года. Цяпер ідзе абарона планаў развіцця кожнага прадпрыемства. У асноўным усе яны забяспечаны заказамі. Стратных прадпрыемстваў у сістэме Дзяржкамваенпрама няма, ідзе работа над дыверсіфікацыяй экспарту.


Што датычыцца МЗКЦ, то завод забяспечаны кантрактамі часткова да 2020 года па некаторых пазіцыях. На падыходзе новыя экспартныя кантракты. ААТ пастаўляе сваю прадукцыю ў 20 краін свету, у тым ліку ў Расію, ААЭ, Турцыю, Кітай. Штогод МЗКЦ выпускае ад двух да сямі новых відаў вырабаў. Узоры новай тэхнікі, якія будуць прадстаўлены ў наступным годзе, рыхтуюцца і цяпер.


ДЛЯ МОЛАДЗІ СТВОРАНЫ ПЕРСПЕКТЫЎНЫЯ РАБОЧЫЯ МЕСЦЫ


Работнікі МЗКЦ пацікавіліся меркаваннем кіраўніка дзяржавы аб перспектыўных спецыяльнасцях, якія варта выбраць маладым людзям, каб стаць у далейшым запатрабаванымі спецыялістамі. «Папракнуць уладу ў тым, што мы недзе адсталі і не можам прадаставіць моладзі перспектыўнае, добрае рабочае месца, сёння нельга», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.


У якасці прыкладу ён прывёў касмічную галіну. Беларусь ужо запусціла свой першы спадарожнік, другі, паводле слоў Прэзідэнта, будзе яшчэ больш эфектыўным. Здымкі беларускага касмічнага апарата запатрабаваны ў многіх галінах, і працаваць у гэтай сферы трэба будзе менавіта моладзі.


У Беларусі будуецца атамная электрастанцыя, а гэта самыя сучасныя, высокааплатныя рабочыя месцы, дадаў Прэзідэнт. Толькі на першым этапе спатрэбіцца каля 5-7 тысяч чалавек абслуговага персаналу. На самім МЗКЦ, дзе па даручэнні кіраўніка дзяржавы праходзіць комплексная мадэрнізацыя, патрэбны канструктары, кіраўнікі. «І гэта ўсё для моладзі. Таму няма ў нас праблем з тым, што рабіць і куды дзяваць моладзь. Наша галоўная задача – пераканаць нашых дзяцей, каб яны не думалі, што там, «за бугром», лепш», – падкрэсліў Прэзідэнт.


ЛУКАШЭНКА: ПЛАНУЮ, ШТО МАЕ ДЗЕЦІ БУДУЦЬ ЖЫЦЬ НА ГЭТАЙ ЗЯМЛІ


«Не ведаю як вашы дзеці, але я планую, што мае дзеці будуць жыць у гэтай краіне, на гэтай зямлі», – сказаў кіраўнік дзяржавы. «У нас цудоўная краіна», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да работнікаў прадпрыемства.


Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі можна атрымаць добрую адукацыю. «І не верце таму, што ў нас адукацыя дрэнная. Нашых людзей, спецыялістаў з рукамі-нагамі гатовы пасля ВНУ забраць да сябе. А мы іх утрымліваем. Дык калі дрэнная адукацыя, што ж вы бераце? І паглядзіце, колькі іншаземцаў вучыцца», – сказаў ён. «Вось гэта трэба берагчы, гэта трэба цаніць», – дадаў Аляксандр Лукашэнка.


Па матэрыялах БелТА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *