Заседание состоится 26 августа

Новости района

Вечаровая летняя прахалода навявае ўспаміны пра час, калі за вокнамі мяце, а на душы сумна, калі самае лепшае – сядзець у мяккім крэсле, у руках – кубачак кавы, і ў чарговы раз перагортваць старонкі любімай кнігі. З такімі думкамі я ішла на сустрэчу з бібліятэкарам Нінай Мікалаеўнай Галавешка, чалавекам, які ўжо 38 гадоў крочыць па жыцці з кнігай.


Ніна Мікалаеўна – жанчына незвычайна шчырая і сціплая. Па ўсім было бачна, што калегі любяць і паважаюць яе. У першыя хвіліны, калі Ніна Мікалаеўна здзівілася просьбе, мяне падтрымалі: «Калі не пра Вас, то пра каго?» І жанчына згадзілася. Яна з захапленннем расказвала пра бібліятэку былых часоў, розныя мерапрыемствы і святы нават больш, чым пра сябе. Жыццёвы вопыт бібліятэкара вялікі, бо працаваць Ніна Мікалаеўна пачала 19-гадовай дзяўчынай.


– Сама я з вёскі Паручнікі. З самага дзяцінства вельмі любіла чытаць, – узгадвае Ніна Мікалаеўна. – Увогуле, падчас вучобы змяніла тры школы, прачытала ўвесь бібліятэчны фонд. Потым, калі чытаць ўжо не было чаго, кнігі пачала прыносіць маці. Мне было цікава, адкуль яна іх бярэ. Аказалася, што маці запісала мяне ў Бешанковіцкую дзіцячую бібліятэку.


Так склаўся лёс, што скончыўшы 10-гадовую школу ў Бешанковічах, адважная дзяўчына паехала ў Магілёўскі тэхнікум, а пасля размеркавання трапіла ў дзіцячую бібліятэку, дзе і працуе з 1977 года. Спачатку Ніна Мікалаеўна была бібліятэкарам абанемента, потым загадчыцай чытальнай залы, а з 1991 года – загадчыцай дзіцячай бібліятэкі. Якія б цяжкасці ні сустракаліся, жанчына і не думала пакідаць працу. Шлях з кнігай абраны раз і назаўсёды.


– Мне падабаецца тое, што я раблю, і калі нешта паабяцаю, то абавязкова гэта выканаю, – запэўніла Ніна Мікалаеўна.


Мне было цікава, як бавяць час бібліятэкары, бо калі кнігі – гэта праца, то што рабіць дома? А спраў сапраўды шмат, таму што Ніна Мікалаеўна склаўшы рукі не сядзіць. Яна любіць кветкі, даглядае іх, любіць прагулкі на веласіпедзе і размовы з цікавымі людзьмі.


– Раней з мужам любіла яшчэ і рыбу вудзіць, – усміхаецца жанчына. – А яшчэ я не магу без свайго калектыву і сумую, калі хто-небудзь адсутнічае.


Акрамя таго, Ніна Мікалаеўна цікавіцца класікай і, нешта перачытваючы, адкрывае для сябе новае, са здзіўленнем заўважаючы, што старыя творы апавядаюць пра сучаснасць. Любімая кніга – «Два капитана» Веніяміна Каверына. Яшчэ ёй падабаюцца творы А. С. Пушкіна, А. П. Чэхава і іншых аўтараў. Зараз Ніна Мікалаеўна – шчаслівая бабуля. Унукі – 10-гадовы Іван і 3-гадовы Ягор – галоўная радасць у жыцці.


На думку Ніны Мікалаеўны, каб працаваць у дзіцячай бібліятэцы, трэба не толькі любіць дзяцей, а і адносіцца да іх, як да роўных. Быць бібліятэкарам – значыць, быць адказным, працаваць у суботу і нядзелю. Прыносіць у ахвяру вольны час цяжка, не кожны так здолее. Сакрэт жа сапраўднага бібліятэкара просты: быць інтэлігентам, інтэлектуалам, і заўсёды ведаць, дзе што знаходзіцца. Тады праца будзе асалодай, а чалавек стане асобай.


– Бібліятэкар – цудоўная прафесія для жанчын, – менавіта так лічыць Ніна Мікалаеўна. – Не надта грашовая, але затое для душы. Цяпер жа працаваць зусім добра. Раней, каб зацікавіць кнігай, мы толькі расказвалі, арыентавалі дзяцей. Зараз, дзякуючы камп’ютару, можам і паказаць, ды і твор раздрукаваць, якога няма ў фондзе. Магчыма, у будучым бібліятэка пяройдзе на электронныя варыянты кніг, але я лічу, што папяровая кніга застанецца. Яна вучыць спачуваць, развівае фантазію. Дзеці любяць кнігі, асабліва прыгодніцкія, пра жывёл і прыроду. Чытаюць «Скарбы Радзімы» Уладзіміра Ягоўдзіка, творы Валерыя Квілорыя, Валерыя Кастручына. У нас ёсць цікавая серыя з ілюстрацыямі «Маленькі прафесар». Ніякі камп’ютар не заменіць асалоды ад перагортвання старонак. І няхай яны пажоўклі, і месцамі зацёрліся, аднак, прыемна трымаць кнігу, адчуваць рукамі яе памякчэлую вокладку.


Я не спыняю, слухаю яе і заўважаю, што вочы жанчыны, калі заходзіць гутарка пра кнігу, свецяцца цеплынёй. Як жа цудоўна, што побач з намі ёсць людзі, настолькі адданыя працы! Паслухаўшы Ніну Мікалаеўну, я раптам зразумела: каб расказаць пра яе, пералічыць усе цікавыя здарэнні, мне не хопіць газетнай старонкі. Гэта ўсмешлівы і светлы чалавек, які адкрывае дзецям захапляльны свет кнігі, нясе разумнае, добрае, вечнае.


Пад канец размовы на пытанне, у чым жа сакрэт яе абаяльнасці, Ніна Мікалаеўна адказвае, што ўся справа ў любімай працы, і жадае ўсім выбіраць свой жыццёвы шлях, кіруючыся жаданнямі сэрца.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *