Бешенковичский район посетила Л. А. Добрынина – доверенное лицо кандидата в Президенты Республики Беларусь А. Г. Лукашенко

Выборы Президента Беларуси - 2015

На мінулым тыдні дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Пастаяннай камісіі па бюджэту і фінансах Людміла Анатольеўна Дабрыніна – давераная асоба кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі – правяла сустрэчы з выбаршчыкамі нашага раёна. Яны прайшлі ў населеных пунктах Ула, Ржаўка, раённым Доме культуры, Бешанковіцкім філіяле Рэспубліканскага вучэбнага цэнтра «Лес».


Выбары Кіраўніка дзяржавы – важная грамадска-палітычная падзея. Бо мы, народ Беларусі, выбіраем не толькі Прэзідэнта краіны, але і перспектывы далейшага развіцця рэспублікі, нашу будучыню, вызначаем лёс сваіх дзяцей. Важна, каб кожны чалавек свядома падыходзіў да гэтага выбару, ведаў і валодаў сітуацыяй, якая складваецца ў рэспубліцы і рэгіёне.


Чаго мы дасягнулі за перыяд развіцця маладой суверэннай дзяржавы? Напэўна, кожны з вас, не задумваючыся, адкажа, што галоўны вынік рэалізацыі палітыкі, якая праводзіцца на месцах, – захаванне эканамічнай і палітычнай стабільнасці. Самае важнае, што ёсць адзінства і згода ў краіне, у нашым грамадстве, мір і парадак на зямлі. Мы сталі жыць лепей. І ўсё гэта створана працай беларускага народа.


Менавіта зыходзячы з рэалій сённяшняга дня, Людміла Анатольеўна гаварыла пра тое, што наша краіна прырастае крок за крокам, таму мы абавязаны захаваць дасягнутае і памножыць гэтыя дасягненні.


– Шлях свайго развіцця мы абралі 20 гадоў назад. У Беларусі створана і надалей будзе развівацца мадэль сацыяльнай дзяржавы. Яна створана жыццём і рэалізуецца самім народам, працоўнымі калектывамі, а не ўзята з падручнікаў, – падкрэсліла Л. А. Дабрыніна. – У бягучай пяцігодцы можна на канкрэтных прыкладах прасачыць у якім рэчышчы развівалася наша рэспубліка. Перш за ўсё, актыўна вялася мадэрнізацыя эканомікі. Гэтая мэта была пастаўлена Кіраўніком дзяржавы, каб павысіць канкурэнтаздольнасць нашай прадукцыі на рынку і палепшыць яе якасць.


Мадэрнізацыя закранула прамысловыя і дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы, будуецца АЭС і развіваецца атамная энергетыка. На Аршанскім ільнокамбінаце, напрыклад, ажыццёўлены працэс пераўзбраення з падтрымкай дзяржавы. У выніку чаго атрыманы якасны прадукт, 80% якога ідзе на экспарт.


Прыярытэтным накірункам з’яўляецца развіццё сельскай гаспадаркі. Вынік укладанняў у яе капіталу і працоўных рэсурсаў радуе. Дарэчы, АПК Бешанковіцкага раёна ўваходзіць у тройку лідараў у Віцебскай вобласці па вытворчасці збожжа, яго ўраджайнасці, валавому збору. Шмат зроблена для развіцця сельскіх тэрыторый і іх добраўпарадкавання, стварэння холдынгаў. Галіна стала прыносіць валюту ад продажу сельгаспрадукцыі.


У Беларусі створаны ўмовы для развіцця малога і сярэдняга бізнесу. У кароткія тэрміны можна адкрыць сваю справу, а гэта добрая магчымасць для самарэалізацыі. Нягледзячы на складаныя эканамічныя ўмовы, прыняты ўсе меры, каб захаваць працоўныя калектывы. Для кіраўніцтва дзяржавы важна, каб кожны чалавек меў свой участак працы, годны заробак і ўзровень жыцця.


Сацыяльная накіраванасць дзяржаўнай палітыкі праглядаецца і ў падтрымцы маламаёмасных слаёў насельніцтва, сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей. Створаны мацярынскі капітал, у бюджэце на гэтыя мэты прадугледжана 1,8 трлн. рублёў. Развіваецца жыллёвае будаўніцтва. Штогод з дзяржпадтрымкай будуецца 2,5 млн. кв. м жылля.


У краіне захавана сацыяльная накіраванасць бюджэту, большая частка яго сродкаў ідзе на ўмацаванне сацыяльнай сферы – ахову здароўя, адукацыю, сацыяльную абарону насельніцтва. Створаная матэрыяльна-тэхнічная база ў галіне медыцыны дазваляе сёння развіваць пазабюджэтную дзейнасць. Да нас едуць лячыцца з многіх краін свету. А гэта кажа пра тое, што ўсё робіцца з клопатам пра чалавека.


– За каго з чатырох кандыдатаў у Прэзідэнты аддаць свой голас – гэта павінен кожны вырашыць сам, аднак, усё пазнаецца ў параўнанні, – зазначыла Л. А. Дабрыніна. – Пустых абяцанняў наш Прэзідэнт не дае, гэта пацверджана жыццём. Першараднымі і надалей застаюцца такія арыенціры, як занятасць (захаванне працоўных месцаў, магчымасць кожнаму грамадзяніну Беларусі самарэалізацавацца і зарабіць на годнае жыццё ўласнай працай); экспарт прадукцыі (стабільнасць эканомікі, нізкая інфляцыя, збалансаваны бюджэт); інвестыцыі (укараненне новых тэхналогій і павышэнне якасці жыцця беларусаў).


Улада трымаецца на даверы людзей. Таму размова была шчырай. У дыялог уступілі і жыхары раёна. Напрыклад, педагагічны калектыў Ульскага ліцэя хвалявалі праблемы, звязаныя з навучаннем і наступным працаўладкаваннем падлеткаў з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця, якія не могуць на роўных канкурыраваць на рынку працы з іншымі выпускнікамі ліцэяў і каледжаў. Л. А. Дабрыніна паабяцала ініцыятыву ульян ўнесці для разгляду на заканадаўчым узроўні.


На сустрэчы ў РДК Людміла Анатольеўна абмеркавала ўзнятыя прыдзвінцамі пытанні, якія датычыліся будаўніцтва жылля для моладзі, выплаты заработнай платы, працаўладкавання і перанавучання, а таксама запэўніла, што ў бліжэйшы час улада не плануе павышаць пенсійны ўзрост.


– Усе праблемныя пытанні, якія ўзнімаюць людзі у час сустрэч, будуць прааналізаваны, – паабяцала Л. А. Дабрыніна, – і даведзены да ведама ўлады.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *