Горячие линии в райвоенкомате

Новости района

Як вядома, дзеці – кветкі нашага жыцця. Менавіта ім мы імкнёмся даць усё самае лепшае, выхаваць у асяроддзі сямейнай любві і дабрыні. Праца з дзецьмі патрабуе вялікай эмацыянальнай аддачы. Таму ў настаўнікі ідуць людзі надзвычай энергічныя, чыя актыўнасць заахвочвае і заклікае ўдасканальваць майстэрства. Да аднаго такога чалавека мы і наведаліся.


Дырэктар Астровенскай дзіцячага сада-сярэдняй школы Іосіф Пятровіч Антонаў, чыё прозвішча сёлета занесена на раённую Дошку гонару, сустрэў ветліва. Адразу пачаў расказваць пра дзяцінства, бо імкненне да настаўніцкай працы ўзнікла яшчэ тады. Гэта Вольга Пятроўна, настаўніца пачатковых класаў, паспрыяла сваёй дабрынёй і спагадай. Іосіф Пятровіч скончыў Полацкае педагагічнае вучылішча, потым – Віцебскі педагагічны інстытут, дзе вучыўся на факультэце пачатковых класаў. Перш чым лёс прывёў яго на Бешанковіччыну, працаваў у Докшыцкім раёне, у школе.


– Вучу дзяцей і разам з імі вучуся сам, – кажа Іосіф Пятровіч. – Адразу ўсё спазнаць немагчыма.


Аднак трэба заўважыць, што яго энергіі хапае не толькі на тое, каб быць адказным кіраўніком, але яшчэ і выкладаць дзецям беларускую мову і літаратуру. Пацікавілася, як жа гэта ён усё паспявае? Дырэктар хітра ўсміхаецца і адкрывае просты сакрэт, сутнасць якога ў заўзятай працы, з ранку да позняй ночы, тады і хопіць часу на ўсё, акрамя адпачынку.


Свой працоўны дзень мужчына пачынае а палове шостай. Спачатку гаспадарчыя справы, потым школьныя. Увечары – дадому, і зноў гаспадарка, падрыхтоўка да ўрокаў. Бавіць час на вінаградніку (мае каля 50 кустоў 14 сартоў) альбо ў садзе ля яблынь, груш ці сліў.


На працы Іосіф Пятровіч заўсёды прыслухоўваецца да парад калег.


– Мы нават думаем амаль аднолькава, – заўважае мужчына. – Калі збіраемся на педагагічны савет, прапановы супадаюць.


Іосіф Пятровіч вельмі любіць сына Максіма, дачку Лізавету, унука Мацвейку, якія сталі зорачкамі яго жыцця. А хто ж не марыць пражыць так, каб пакінуць на зямлі след?


– Хачу толькі, каб гэта быў не след босай нагі на пяску, – гаворыць мужчына. – А добрыя справы. Як кіраўнік жа, лічу, што галоўнае ў характары – павага да іншых. Настаўнікі, вучні, іх бацькі будуць адносіцца да вас так, як і вы да іх. Кожны чалавек – гэта асоба, якая мае права жыць на гэтай зямлі і гаварыць, што думае.


У жыцці Іосіфа Пятровіча шмат цікавых выпадкаў. Ён згадвае, калі неяк зімой у клубе пазнаёміўся з дзяўчынай, праводзіў яе і закахаўся. Так Ніна Францаўна стала яго жонкай. Летась Антонавы адзначылі сярэбранае вяселле. Усе справы муж і жонка выконваюць разам: ці вырошчваюць ружы, ці прыбіраюць.
– Вось чаго не люблю, – гаворыць Іосіф Пятровіч, – дык гэта гатаваць ежу. Магу толькі дранікі пячы ды рыбу смажыць. Таму тут поўнасцю аддаю ініцыятыву жонцы.


На такой гумарыстычнай ноце мы завяршылі размову пра школу і дзяцей, бо Іосіфа Пятровіча чакалі неадкладныя дырэктарскія справы. Прыемна было, аднак, вось так пагаварыць пра галоўнае. Калі праца – фронт, дзе мы кожны дзень змагаемся і адказваем не толькі за сваё жыццё, то сям’я – надзейны тыл, дзе нас прымаюць такімі, якія мы ёсць, а дзеці – зорачкі, для якіх мы жывём. Кім яны стануць, калі вырастуць, залежыць і ад такіх людзей, як Іосіф Пятровіч, чыё прызванне быць настаўнікам.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *