На вопросы ответит председатель Бешенковичского районного суда — Н. Н. Рощина

Новости района

На вуліцы восень, а ў душы заўсёды вясна. З такім святочным настроем нашы цудоўныя жанчыны-бібліятэкары збіраліся на семінар-ушанаванне «Людзі высокага прызвання», прысвечаны Дню бібліятэк. У гэтым годзе сустрэча адбылася на базе Ульскай сельскай бібліятэкі.


Час у дарозе праляцеў незаўважна. Хтосьці маладосць згадваў, а хтосьці пра дзяцей і ўнукаў расказваў. Было весела і цікава. На месцы ж нас ужо чакалі. Сустрэлі добразычліва і радасна. Пачаўся семінар з выступлення дырэктара цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Таццяны Міхайлаўны Курмель. Яе словы падзякі за цярплівасць, творчы падыход да справы, увагу да кожнага чытача не пакінулі абыякавым нікога з прысутных. Асабліва цёплыя словы былі адрасаваны ветэранам бібліятэчнай справы: С. С. Савік, М. А. Петуховай, В. А. Бондаравай, Ю. І. Кухто, А. В. Берднік, С. А. Краўчанка. На жаль, астатнія не змаглі наведаць калег. Гаспадарка ці іншыя справы перашкодзілі сабрацца ўсім жанчынам, што прысвяцілі сваё жыццё служэнню кнізе.


Ролю вядучых узялі на сябе загадчыца аддзелам маркетынгу Т. І. Мароз і метадыст аддзела маркетынгу А. А. Капойка, якія прыдумалі шмат цікавых віктарын, інтэлектуальных пытанняў і жартоўных конкурсаў. Удзельнікі атрымалі своеасаблівыя памятныя прызы.


Да віншавання далучыліся дырэктар Ульскага сельскага Дома культуры і мастацкі кіраўнік народнага ансамбля народнай песні «Ульяначка» І. М. Леднік, а таксама салісткі ансамбля М. С. Багрэц і Л. В. Цюлькова. Свой уклад у свята ўнесла і бібліятэкар Стрыжаўскай сельскай бібліятэкі С. В. Карабань, якая віншавала калег цудоўнымі песнямі. То імклівыя, то павольныя матывы зачароўвалі, навявалі ўспаміны пра былыя часы, калі чытач, каб знайсці патрэбную кнігу і напісаць канспект, ішоў па дапамогу да бібліятэкара. Увогуле шмат цёплых і шчырых слоў прагучала на свяце. Ад’язджалі дадому задаволеныя і шчаслівыя.


На думку Таццяны Міхайлаўны Курмель, выязджаць на такія семінары трэба і нават неабходна. Бібліятэкары могуць абмяняцца вопытам, знайсці нешта цікавае для сябе, а потым адкрыць гэта чытачам.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *