Валентина Даниловна Ескун одна из лучших в своём деле на Бешенковиччине

Они занесены на районную Доску почёта

Камп’ютар… Папера… Справаздачы… І адны толькі лічбы, лічбы, лічбы. Бясконцыя, як сам час. Простыя, хвалюючыя, дакладныя. Звязаць з імі жыццё адважыцца толькі чалавек, які не баіцца адказнасці. Чалавек, які з маленства прывык займацца іх падлікам.


Галоўны бухгалтар Ульскага прафесіянальнага ліцэя Валянціна Данілаўна Ескун амаль 33 гады працуе з лічбамі. Незнаёмаму з гэтай справай не зразумець такую адданасць цяжкай, напружанай працы, якая патрабуе канцэнтрацыі ўсёй ўвагі.


Аднак на выбар жыццёвага шляху значна ўплываюць не толькі нашы асабістыя імкненні, але і навакольнае асяроддзе.


– Напэўна, у душы я заўсёды была бухгалтарам, – заўважае жанчына. – Люблю дакладнасць, таму і прафесію выбрала сабе ў асалоду. Паўплывала і тое, што тата працаваў касірам. У дзяцінстве мне падабалася прыходзіць да яго і назіраць, як хутка, мне тады здавалася, нібы гуляючы, ён аперыруе лічбамі.


Потым Валянціна Данілаўна зразумела, што гэта не так і лёгка, як здавалася на першы погляд. Карэспандэнт «Зары»сустрэлася з жанчынай напрыканцы працоўнага дня. Валянціна Данілаўна не збіралася ісці дадому, бо заставаліся яшчэ некаторыя справы.


На стале – папкі з дакументамі, а ў вазе – кветкі, вялікі букет шыкоўных астраў. Дома ў Валянціны Данілаўны шмат кветак: вяргіні, ружы, цыніі. Аднак астры – самыя любімыя.


– Яшчэ ёсць аксаміткі, – кажа бухгалтар. – Гэтыя нагадваюць школу, таму іх у мяне заўсёды цэлая клумба, як і астраў.


З дзяцінства Валянціна Данілаўна паважае і любіць працу на зямлі. У Лепельскім раёне, дзе жыла сям’я, была вялікая гаспадарка, таму яна і старэйшы брат дапамагалі бацькам. Зараз жанчына мае свой дом з прысядзібным ўчасткам, сыноў Аляксея і Аляксандра. Нядаўна яшчэ і ўнук Міша нарадзіўся.


– Вельмі люблю іх, родненькіх, – заўважае Валянціна Данілаўна. – Адчуваю, што за імі я, нібы за каменнай сцяной.


Аднак і шлях да гэтага шчасця быў цярністым. Жанчына з адзнакай скончыла школу, тэхнікум – з чырвоным дыпломам. Пісала вершы, спявала ў хоры.


– Было складана, але ў жыцці я заўсёды знаходжу пазітыў, – падзялілася В. Д. Ескун. – Мне шанцавала: вакол былі добрыя людзі, якія ніколі не адмаўлялі ў дапамозе. Падчас вучобы ў тэхнікуме цудоўныя адносіны склаліся з куратарам групы. Дзякуючы Еўдакіі Яфімаўне Більдзюг наша група шмат пабачыла, была ў тэатры і на розных канцэртах. Нават пасля заканчэння тэхнікума мы перапісваліся. «Не сорамна не ведаць, сорамна не спытаць», – гэтыя словы куратара запомніліся на ўсё жыццё, сталі своеасаблівым запаветам, святым прынцыпам і ў працы.


Валяніна Данілаўна ўсміхаецца, узгадаўшы мінулае. Яна не перастае мяне ўражваць. Жанчына, якая захапляецца лічбамі, іх дакладнасцю, адначасова любіць паэзію, вольны палёт думак і меркаванняў. Гэта яшчэ раз даказвае: людзі могуць цікавіцца розным, але іх душа заўсёды цягнецца да прыгожага.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *