За безопасность вместе

Новости района

У мінулую суботу цэнтральная плошча ў Бешанковічах пераўтварылася ў бойкую гандлёвую пляцоўку. Сюды на традыцыйны восеньскі кірмаш з’ехаліся сельгасвытворцы з вырашчанай прадукцыяй, прамыслоўцы, а таксама індывідуальныя прадпрымальнікі.


Прадпрыемствы аграпрама парадавалі жыхароў раёна багаццем «вітамінаў» і прымальнымі цэнамі. Як заўжды, попытам карысталася збожжа: тут можна было набыць авёс, жыта, ячмень, пшаніцу. Гандлявалі збожжам, напрыклад, ДП «ПлісыАгра», ААТ «Бешанковічы аграсервіс», ЗАТ «ААБ-Агра Наватар», УП «Свіціна-ВМК», ПУП «АграВітВін», ДП «ПалітаддзелецАгра».


У шырокім асартыменце была прадстаўлена і мясная прадукцыя. Асобныя гаспадаркі прывезлі на кірмаш мяса. Карысталася попытам прадукцыя ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка». Збіралі людзей палаткі райпа, якое выставіла на продаж як прадукты харчавання (мясныя паўфабрыкаты, вэнджаніну, жывую рыбу, кандытарскія вырабы, садавіну і гародніну), так і прамысловую групу тавараў.


Ульскі прафесійны ліцэй па традыцыі гандляваў бульбай, капустай, морквай, буракамі. Канкурэнцыю буйным сельгаспрадпрыемствам і райпа склалі прыватныя падворкі. Напрыдклад, бойка ішоў гандаль у сялянска-фермерскай гаспадаркі «Марыя» з Сенненскага раёна, якая прывезла на кірмаш капусту, моркву, бульбу. Садаводы-аматары змаглі набыць саджанцы дрэў і кустоў. Шырокі выбар пладовых насаджэнняў прывезлі на кірмаш з гадавальнікаў Лепеля і Ушач.


Сваю прадукцыю прадставілі ААТ «Віцебская панчошная фабрыка «Новіт», ААТ «Віцебскія дываны». КУП БА «Бешанковічы КБА» гандлявала збожжам, крупамі і швейнымі вырабамі, ААТ «Бешанковічы аграпрадукт» — кармамі для жывёлы і аксэсуарамі для хатніх гадаванцаў. Прыватныя гандляры прапаноўвалі як садавіну-гародніну, мёд, так і галаўныя ўборы, упрыгожванні і біжутэрыю, прадметы хатняга ўжытку і іншыя рэчы.


Святочны настрой землякам у гэты дзень дарылі ансамбль народнай песні «Весялуха» і культработнікі аграгарадка Астроўна, якія арганізавалі канцэртную праграму на цэнтральнай плошчы.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *