Декрет о привлечении денежных средств во вклады

Тема недели

У Беларусі з 12 лістапада ўводзяцца безадзыўныя банкаўскія ўклады, пры якіх датэрміновае вяртанне па ініцыятыве ўкладчыка не прадугледжваецца. Адпаведная норма закладзена ў дэкрэце Прэзідэнта Беларусі ад 11 лістапада 2015 года №7 «Аб прыцягненні грашовых сродкаў ва ўклады (дэпазіты)». Дакумент уступіў у сілу з дня яго афіцыйнага апублікавання і распаўсюджвае сваё дзеянне толькі на новазаключаемыя дагаворы банкаўскага ўкладу (дэпазіту)».


Зараз банкаўскія ўклады ў Беларусі падраздзяляюцца на некалькі відаў: тэрміновыя ўклады (вяртанне ўкладу ажыццяўляецца пасля заканчэння тэрміну, вызначанага дагаворам, працэнтная стаўка залежыць ад сумы і тэрміну размяшчэння ўкладу – чым большая сума ўкладу і тэрмін яго размяшчэння, тым вышэйшы працэнтны даход); умоўныя ўклады (вяртанне ўкладу ажыццяўляецца пры надыходзе пэўнай умовы (падзеі), зафіксаванай у дагаворы); уклады да запатрабавання (грошы з такога ўкладу можна знімаць у любы час без страты працэнтаў, але працэнтная стаўка па іх звычайна ніжэйшая ў параўнанні з іншымі відамі ўкладаў).


«У адпаведнасці з дэкрэтам №7, пачынаючы з 12 лістапада 2015 года, дагаворы тэрміновага і ўмоўнага банкаўскага ўкладу будуць падраздзяляцца на безадзыўныя і адзыўныя. Галоўнай адметнай асаблівасцю гэтых двух відаў дагавораў стануць умовы датэрміновага вяртання ўкладу», – расказалі ў Нацбанку.


Пры заключэнні адзыўнага дагавора будзе прадугледжвацца магчымасць датэрміновага вяртання ўкладу па ініцыятыве ўкладчыка. Пры гэтым канкрэтныя тэрміны і ўмовы вяртання ўкладу будуць прапісвацца ў дагаворы паміж банкам і ўкладчыкам.


Безадзыўным дагаворам датэрміновае вяртанне ўкладу па ініцыятыве ўкладчыка не прадугледжваецца. Вярнуць уклад да заканчэння тэрміну дзеяння дагавора можна будзе толькі са згоды банка.


Як адзначылі ў прэс-службе Нацбанку, дагаворы банкаўскіх укладаў (дэпазітаў), заключаныя да 12 лістапада 2015 года, будуць выконвацца на ранейшых умовах на працягу ўсяго тэрміну дзеяння. Пры прадаўжэнні дагавора на новы тэрмін яго палажэнні будуць прыведзены ў адпаведнасць з патрабаваннямі дэкрэта №7.


«Пры гэтым дзяржава па-ранейшаму гарантуе поўную захаванасць грашовых сродкаў фізічных асоб у беларускіх рублях і замежнай валюце, размешчаных на рахунках і (або) ва ўклады ў банках, і кампенсацыю 100 працэнтаў сумы гэтых сродкаў у валюце рахунку або ўкладу з выплатай працэнтаў», – падкрэслілі ў Нацбанку.


Дэкрэтам №7 прадугледжана і яшчэ адна навацыя: працэнты па кароткатэрміновых банкаўскіх укладах з красавіка 2016 года будуць абкладацца падаходным падаткам.


«Дэкрэтам прадугледжана змяненне падыходаў да льготнага падаткаабкладання даходаў, атрыманых фізічнымі асобамі ў выглядзе працэнтаў па банкаўскіх рахунках і ўкладах (дэпазітах) у банках і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыях. Так, з 1 красавіка 2016 года вызваленню ад падаходнага падатку з фізічных асоб не будуць падлягаць працэнтныя даходы, атрыманыя пры фактычным размяшчэнні грашовых сродкаў на бягучых (разліковых) банкаўскіх рахунках і ва ўкладах (дэпазітах) на тэрмін меншы за 1 год – у беларускіх рублях, і меншы за 2 гады – у замежнай валюце. Пры гэтым падаходны падатак будзе спаганяцца толькі з працэнтных даходаў, а не з усёй сумы ўкладу, і толькі ў тым выпадку, калі працэнтная стаўка, па якой атрыманы даход, перавышае памер дзеючай у банку працэнтнай стаўкі па ўкладзе да запатрабавання», – заявілі ў Нацбанку.


У выпадку неабходнасці выплаты падаходнага падатку з атрыманых працэнтных даходаў ніякіх дадатковых дзеянняў з боку ўкладчыка не спатрэбіцца – банк сам разлічыць суму падатку і пералічыць яе ў дзяржаўны бюджэт. Пры заключэнні дагавора банкі абавязаны падрабязна інфармаваць укладчыкаў аб усіх умовах прыцягнення ўкладу, а ў выпадку неабходнасці спагнання падаходнага падатку з атрыманых укладчыкам працэнтных даходаў – аб суме пералічаных у бюджэт сродкаў.


«У многіх краінах свету распаўсюджана катэгорыя банкаўскіх укладаў, якія адрозніваюцца ад укладаў да запатрабавання. Агульным прынцыпам з’яўляецца неабходнасць узгаднення магчымасцей і ўмоў датэрміновага вяртання ўкладаў паміж банкам і ўкладчыкам. Як правіла, укладчык можа забраць грошы да заканчэння тэрміну ўкладу, але закон не абавязвае банк вяртаць уклад датэрмінова», – расказалі ў прэс-службе.


Так, у Італіі, Фінляндыі, Францыі, Германіі магчымасць датэрміновага вяртання тэрміновых укладаў вызначаецца банкам і ўкладчыкам самастойна ў дагаворы. У Аўстрыі датэрміновае вяртанне тэрміновага банкаўскага ўкладу разглядаецца як крэдыт, за які выплачваюцца працэнты ад датэрмінова вернутай сумы за кожны поўны месяц, якога не хапае да надыходу тэрміну вяртання ўкладу. У Вялікабрытаніі паняцце «тэрміновы банкаўскі ўклад» не выкарыстоўваецца, аднак заканадаўства не перашкаджае дагаворным бакам узгадняць любыя тэрміны і ўмовы банкаўскіх укладаў, уключаючы штрафы і г. д. Такім чынам, усе ўмовы і правілы павінны быць вызначаны і ўзгоднены ў кожным асобным дагаворы паміж банкам і ўкладчыкам.


Па матэрыялах БелТА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *