Семья Нестеренок

Новости района

Што мы маем на ўвазе, калі гаворым: хачу пасля сябе пакінуць след? Марым, каб поплеч заўсёды быў наканаваны лёсам чалавек, разам з якім будзем выхоўваць дзетак. Пакідаем частачку сябе ў добрых справах. Вучымся жыць так, каб праз гады, азіраючыся назад, не было да болю крыўдна за дарэмна праведзены час. Любім сваіх дзяцей. Імкнёмся даць ім усё самае лепшае. Замілаванне, з якім глядзім на гэты маленькі працяг нас, складана параўнаць з іншымі пачуццямі.

Шмат хто будзе згодны, што дзеці – асноўны сэнс жыцця. Сакрэты выхавання – у кожнага свае. Мы наведаліся ў аграгарадок Астроўна да маладой энергічнай сям’і Сяргея Частнага і Надзеі Несцяронак, якія выхоўваюць дваіх детак: дачку Сняжану і сына Дзіму. Гаспадары сустрэлі гасцінна. Надзея Уладзіміраўна займалася прыгатаваннем вячэры. Муж знаходзіўся побач. Дапаўняючы адзін аднаго, муж і жонка з задавальненнем расказвалі пра свае традыцыі, святы і працоўныя будні.

Надзея Уладзіміраўна працуе намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце ў Астровенскай дзіцячым садзе-сярэдняй школе. Сяргей Уладзіміравіч – участковы інспектар міліцыі.

– Упершыню мы з Надзеяй сустрэліся падчас выбараў. Яна была ў складзе камісіі, а я – на дзяжурстве, – пачаў аповяд гаспадар. – Яшчэ некалькі разоў бачыліся па справах. Потым я зразумеў, што закахаўся, і вось ужо 8 гадоў мы разам.

– Праўда, амаль увесь час знаходзімся на працы, – кажа Надзея Уладзіміраўна. – Збіраемся ўсе толькі вечарам. З Сяргеем, бывае, сустрэнемся на школьным савеце прафілактыкі.

Жыццё сям’і, нягледзячы на занятасць Сяргея і Надзеі, цікавае і актыўнае. Пікнікі на прыродзе, ля дома ці ў дзядулі, прыцягваюць і сяброў, і суседзяў. Нярэдка сям’я наведвае розныя выставы, бывае ў кавярні ці ў кіно. У вольны час гаспадыня спявае, вышывае або вяжа, працуе з бісерам ці гатуе што-небудзь смачненькае, а муж займаецца з дзецьмі. Яны любяць настольныя гульні: шашкі і шахматы, карткі. Сняжана піша вершы, казкі, танцуе. Дзіма з татам паважаюць спорт: вечарам у іх прабежка і футбол. З мамай жа дзеці цікавяцца валейболам.

– Наша сямейная традыцыя,– гаворыць Сяргей Уладзіміравіч, – сустракаць святы заўсёды разам. Памятаю, як у дзяцінстве цікава было жыць у прадчуванні навагодніх цудаў.

– Мы стараемся, нават моцна клічам Дзеда Мароза, – дадае маці. – Хочацца, каб кожнае свята надоўга засталося ў памяці.

Сям’я Надзеі і Сяргея таленавітая, энергічная, што даказаў конкурс «Уладар вёскі», дзе яны атрымалі галоўны прыз на раённым этапе спаборніцтва і годна прадставілі Бешанковіччыну на ўзроўні вобласці.

– Гэтае мерапрыемства (і асабліва падрыхтоўку) доўга не забудзем, – заўважае Сяргей Уладзіміравіч.

Размаўляць у атмасферы цеплыні і ўтульнасці было цікава. Як бацькі, Надзея і Сяргей бываюць і строгімі, і добрымі, паказваюць дзецям жыццёвы прыклад. Самае важнае, каб у сям’і заўсёды быў лад.

У канцы сустрэчы я запыталася, якія парады мае суразмоўцы могуць даць іншым сем’ям.

– Самае галоўнае правіла, – раіць жонка, – прымайце сваю другую палову такой, якая яна ёсць. Будзьце цярплівымі!

– Ахінайце родных клопатам, падтрымлівайце, не замыкайцеся ў сабе, пашырайце кругагляд, – працягвае муж.

Аднойчы адзін мудры чалавек сказаў мне: «Калі спытаць любую замужнюю жанчыну, у чым сакрэт сямейнага шчасця, то ў большасці выпадкаў пачуеш у адказ – быць любімай любімым мужам». Можа, і так. Хочаце – верце, хочаце – не…

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *