Белый халат — визитная карточка Светланы Бородавко

Человек и его дело

Незалежна ад надвор’я і часу спяшаецца на выклік машына хуткай дапамогі. Ні дождж, ні снег не пужаюць яе пасажыраў. Не зважаюць яны і на бездарожжа: думкі занятыя пошукам выратавання, падборам лекаў. Прафесію гэту ведаюць усе. Белы халат – іх візітная картка. Сёння мы пазнаёмім вас з жанчынай, якая 31 год працуе ў сферы медыцыны.


Сваю прафесію медсястра Ульскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі Святлана Дзмітрыеўна Барадаўка выбрала некалі выпадкова, але беспаваротна.


– Ула – мая малая радзіма, з ёй звязаны самыя незабыўныя ўспаміны дзяцінства, – пачала аповяд жанчына. – Таму, калі прыйшоў час выбіраць жыццёвы шлях, далёка ад’язджаць не планавала. Спачатку хацела стаць педагогам, але сястра бацькі адгаварыла мяне, яна ж і параіла паспрабаваць сілы ў медыцыне. Я ўзяла дакументы і паехала вучыцца ў Даўгаўпілс, да родных. Пасля вучобы яшчэ нейкі час працавала ў Латвіі, але сэрца цягнула на радзіму. З 1987 года працавала рэнтгенлабарантам, з 1997 – участковай медсястрой. Са студзеня бягучага года працую медсястрой дзённага стацыянара. Азіраюся зараз назад і разумею: не шкадую, што зрабіла такі выбар, бо дапамагаць людзям трэба. Нярэдка многія прыходзяць да мяне самі: то ціск праверыць, то тэмпературу.


Дзень для Святланы Дзмітрыеўны пачынаецца з дэзінфекцыі памяшкання бактэрыцыднай лямпай, потым надыходзіць чарга ін’екцый і працы з дакументацыяй. Бывае, што дадому жанчына вяртаецца позна. Хутка даставіць хворага ў рэанімацыю – не так гэта і проста. Святлана Дзмітрыеўна згадвала розныя цікавыя выпадкі са сваіх медыцынскіх будняў. Потым размова перайшла на сям’ю. Жанчына расказала пра першую сустрэчу з будучым мужам: ён быў сярод тых, хто згадзіўся стаць донарам. Так яны і пазнаёміліся. Зараз маюць двух сыноў (старэйшы, да слова, нядаўна ажаніўся). Для маці, вядома, на першым месцы знаходзіцца сям’я, таму ў вольны час Святлана Дзмітрыеўна поўнасцю прысвячае сябе мужу і дзецям, займаецца вязаннем (на кожнай рэчы – узор, якому навучылася ў Латвіі).


Увогуле ж працу сваю жанчына любіць, хоць і звязана яна з чалавечым болем і пакутамі, патрабуе дакладных дзеянняў, амаль матэматычнага разліку. Але ў душы жыве патрэба ў прыгажосці і мелодыі. Выкройваючы ў напружаных буднях лірычныя імгненні, лягчэй захаваць унутраную гармонію.


Пазіраючы на гэтую светлую жанчыну, разумею, што быць медсястрой гэтак жа складана, як і ўрачом. На кожным з іх ляжыць вялікая адказнасць за чалавечае жыццё і, калі ўрач дае клятву Гіпакрата, то медсястра – клятву Флоранс Найтынгейл, абяцаючы заўсёды дапамагаць урачу і тым, хто даверыўся яе апецы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *