Бешенковичский районный историко-краеведческий музей ждёт посетителей

Событие

У дзяцінстве кожны, асабліва пад Новы год, чакаў нейкіх цудаў. Найбольш абвастраліся пачуцці, калі прыходзіў час прыбіраць елачку. У гэтым удзельнічала ўся сям’я. Даставаліся беражліва схаваныя бліскучыя, рознакаляровыя цацкі: фігуркі вавёрачак, зайчыкаў, святлафоры, вялікія і маленькія шары,сняжынкі. Многія з іх неаднойчы былі выпушчаныя з дзіцячых ручак на падлогу, але і такія, з адбітымі куточкамі, не выкідваліся, захоўваліся на памяць. Пакуль нясеш да лясной прыгажуні шарыкі, якісьці абавязкова разаб’еш. За што бываеш крыху пакараны маці. Яна пасварыцца, але па-добраму, бо свята ж! Гэтыя пяшчотныя ўспаміны выклікаюць усмешку, крыху нават і сумную, бо час той няўмольна мінуў.


Днямі пачула, што ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі, які часта здзіўляе цікавымі выставамі, дзейнічае яшчэ адна. Да канца студзеня тут размясцілася «Зімовая казка» – выстава рарытэтных і вінтажных навагодніх цацак калекцыянера-рэстаўратара Наталлі Анатольеўны Кавалёвай, якая, акрамя гэтага, яшчэ і выкладае французскую мову ў Віцебскай дзяржаўнай акадэміі сувязі.


Жанчына захапілася калекцыяніраваннем шэсць гадоў таму. Увогуле, на дадзены момант у калекцыі налічваецца каля трох тысяч елачных упрыгожванняў. Пра кожны экспанат яна можа гаварыць не адну гадзіну. За асобнай цацкай – свая гісторыя. Шмат можна даведацца пра тое, што адбывалася ў краіне ў пэўны час. На выставе ёсць цацкі 50-х-60-х гадоў ХХ стагоддзя. Апынуўшыся ў пакоі савецкага часу, дзе і размешчана выстава, нібыта вяртаешся ў чароўны свет дзяцінства, з’яўляюцца цьмяныя ўспаміны. Зараз, калі добра пашукаць, то дома кожны, дзе-небудзь у закутку, на гарышчы, знойдзе старую цацку ці пацеркі. Дарослы, пазіраючы на іх, уявіць сябе зноў малым, а дзіця больш даведаецца пра гісторыю сваёй краіны.


На выставе ёсць цацачныя дзеці розных нацыянальнасцей, згрупаваныя так, быццам рыхтуюцца да катання з горкі, касманаўты, ракеты, жывёлы, клоўны, зоркі, а таксама казачныя героі: залатая рыбка, доктар Айбаліт, Чыпаліна і шмат-шмат чаго яшчэ. Старшы навуковы супрацоўнік музея В. А. Грышановіч з задавальненнем праводзіць экскурсіі, расказвае пра беларускія ўпрыгожванні і пра самыя старадаўнія цацкі калекцыі, што адносяцца да сярэдзіны 30-х гадоў, калі, на радасць дзятве, зноў вярнулася традыцыя ставіць елку. Яны вырабленыя і распісаныя ўручную, не маюць двайнікоў.


Рэстаўрацыя – справа тонкая і няпростая. Хацелася, каб калекцыю пабачыла як мага больш людзей. Наталля Анатольеўна збірае іх не для таго, каб захоўваць у шафах, а каб людзі ўбачылі чароўны свет елачных упрыгожванняў, узгадалі мінулае. Аднак ад паказу ў Францыі жанчына адмовілася, бо там гэта хутчэй экзотыка, а не гісторыя, у адрозненне ад нас…



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *