На Бешенковиччине прошли мероприятия, приуроченные к 27-летию вывода советских войск из Афганистана

Событие

Розныя па змесце мерапрыемствы, прымеркаваныя да 27-годдзя вываду савецкіх войскаў з Афганістана, прайшлі на Бешанковіччыне. У школах раёна праводзіліся інфармацыйныя гадзіны, пазакласныя ўрокі патрыятызму. У гісторыка-краязнаўчым музеі і бібліятэках арганізаваны тэматычныя выставы і экспазіцыі.


А ў мінулы панядзелак адбылося галоўнае мерапрыемства, прысвечанае памятнай даце. Па традыцыі, якая ўжо даўно склалася, дзень 15 лютага ў воінаў-афганцаў пачаўся з наведвання могілак сваіх баявых таварышаў. У спісе загінуўшых на чужыне апынуўся і наш зямляк – Аляксандр Сухвал. У гэты дзень наведалі яго маці – Розу Данілаўну. Справіліся пра здароўе жанчыны, уручылі кветкі, матэрыяльную дапамогу, а таксама дапамаглі ў расчыстцы двара ад снегу. Потым накіраваліся на мясцовыя могілкі. Там да помніка воіну-афганцу быў ускладзены вянок. Светлую памяць Аляксандра Міхайлавіча Сухвала ўшанавалі мінутай маўчання.


– Сёння ўсе жыхары Прыдзвіння па праве могуць ганарыцца сваімі землякамі, якія годна выканалі загад і аддалі воінскі абавязак у Афганістане, – падкрэсліў старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» В. В. Сафонаў. – Людзі, якія прайшлі гэтую вайну, для сучаснай моладзі павінны стаць яркім прыкладам сапраўднага гераізму і мужнасці. Больш за чвэрць стагоддзя не сціхае боль ад панесеных страт, не слабее памяць пра тых, хто сумленна і самааддана выконваў свой патрыятычны абавязак. Цяпер наша галоўная задача – не дапусціць паўтарэння тых страшных падзей.


Па дарогах дзевяцігадовай вайны ў Афганістане прайшлі 28 тысяч 832 грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Народ паважае памяць тых, хто сумленна выканаў свой воінскі абавязак, свята служыў Воінскай прысязе – клятве на вернасць Радзіме.


У Віцебскай вобласці жыве 4242 воіна, якія прымалі ўдзел у баявых дзеяннях у Рэспубліцы Афганістан. Пра адвагу і мужнасць салдат у баю сведчаць баявыя ўзнагароды на іх грудзях, раненні, кантузіі, калецтвы. Больш за 3600 з іх узнагароджаны ордэнамі і медалямі, 278 – сталі інвалідамі…


Вярнуўшыся ў райцэнтр, воіны-афганцы размясціліся ў класе прызыўніка райваенкамата, дзе абмеркавалі надзённыя пытанні.


Дарэчы, у гэты дзень ваенны камісар Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў Андрэй Міхайлавіч Савіч ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыў грамату ваеннага камісарыята Віцебскай вобласці Валерыю Віктаравічу Сафонаву за дасягнутыя поспехі, а таксама ў сувязі з 27-годдзем з дня вываду савецкіх войскаў з Рэспублікі Афганістан.


Урачыстыя мерапрыемствы гэтага памятнага дня скончыліся ўскладаннем вянка да памятнага знака, устаноўленага ў гонар воінаў-інтэрнацыяналістаў раёна.


Шкада, але з цягам часу ветэранаў-афганцаў становіцца ўсё менш. Памяць пра іх патрэбна не толькі матулям, але і тым пакаленням, якія прыйдуць за намі… А мне застаецца толькі дадаць, што мы ганарымся вамі, воіны ветэраны-афганцы! І колькі б часу не прайшло – будзем помніць пра ваш подзвіг, бо гэта наша гісторыя. Без мінулага не бывае будучыні. Радзіма памятае сваіх герояў!