Для придвинской семьи Майструк счастье — в детях

Общество

Маці. Матуля. Мама… Гэта ганаровае званне жанчыны, што ўсю сябе аддае дзецям. Дні і ночы не спіць яна за калыскай. Штодзень занятая хатнімі справамі ці на кухні. Цяжка, але не скардзіцца, бо такі яе лёс: абараняць, выхоўваць, любіць…


Шчаслівыя тыя сем’і, дзе ёсць дзеці. Жыццё тут ідзе весела. Маленькія, цікаўныя, дапытлівыя сыночкі і дачушкі нікому не дадуць засумаваць. Калі дзетак двое, то і адказнасць у два разы большая, а ўявіце, што іх шэсць. Як паспець за ўсімі, асабліва самымі маленькімі, а яшчэ прыгатаваць ежу, памыць бялізну, прыбраць ў доме і захаваць заўсёды добры настрой? Каб адшукаць адказы на гэтыя пытанні, мы наведаліся ў вёску Семянцова, дзе жыве шматдзетная сям’я Майструк.


Гаспадыня Вольга Валер’еўна выйшла насустрач, запрасіла ў пакой, дзе сабраліся амаль усе. Ледзь толькі маці прысела, як малодшы двухгадовы сын адразу заняў месца ў яе на каленях.


– Я працавала паляводам у ЗАТ «ААБ-Агра Наватар», што таксама патрабавала вялікай адказнасці, але за ўсё жыццё ніколі не думала, што буду шматдзетнай маці, – прызналася Вольга Валер’еўна. – У бацькоў сярэдняя дачка (ёсць яшчэ старэйшая сястра і малодшы брат), я проста не магла сабе гэтага ўявіць. І вось цяпер выхоўваю шэсць дзетак. Яны ў мяне ўсе жаданыя, кожнага моцна люблю. Старэйшай – Ірыне – 24 гады, затым ідзе Наталля (ёй на год менш). Сына завуць Анатоль, ён у нас выпускнік, заканчвае адзінаццаты клас, дачка Ангеліна – другі клас. Два гады таму мы вырашылі: дзе чатыры, там і пятага зможам вырасціць, а Бог паслаў нам двойню. Не чакаўшы такога павароту, я крыху разгубілася, але потым падумала: нас шмат, значыць, справімся, бо заўсёды «адзін за ўсіх і ўсе за аднаго». Так у сям’і з’явіліся Максім і Маша.


Жанчына расказвала пра дзетак і тое, як хутка бяжыць жыццё, а з дня ў дзень адбываецца нешта цікавае. Аказваецца, Вольга Валер’еўна адначасова і маці, і бабуля, бо ў старэйшых дачушак ужо ёсць свае сем’і. Падзялілася маці і перажываннямі наконт будаўніцтва дома. Пакуль мы размаўлялі, Максім асвоіўся з прысутнасцю новага чалавека. Падышоў бліжэй, бо яго, як сапраўднага мужчыну, зацікавіла незнаёмая тэхніка – фотаапарат, да якога ён увесь час і цягнуўся сваёй маленькай ручкай. Мы крыху пажартавалі, а тут з’явіўся і галава сям’і – Павел Паўлавіч, які працуе механізатарам у ЗАТ «ААБ-Агра Наватар». За ім у пакой увайшла Наташа з маленькай дачкой Дашай.


– Калі ў сям’і шмат дзяцей, столькі ж і праблем, але яшчэ больш шчасця, – заўважае Павел Паўлавіч. – Усе збіраюцца на дні нараджэння ці іншыя святы, і ў доме тады не змаўкае вясёлы гоман. Шматдзетнай сям’ёй быць нялёгка, у кожнага – свой характар. Бацькоўскай ласкі ды ўвагі хочуць усе, а гэта займае шмат часу, акрамя таго хатнія справы дабаўляюць клопату, але мы стойка ўсё пераадольваем. Сакрэт – у адносінах, бо дзецям трэба крыху і волю даваць, абавязкова з разумнай доляй кантролю, тады яны растуць дастаткова самастойнымі і адказнымі. Наш Толя дапамагае малодшым, а яшчэ можа сам і ў доме прыбраць, вымыць посуд ці бульбы начысціць. Цаніць працу пачынаеш толькі тады, калі паспрабуеш выканаць яе сам. Не трэба гэтага баяцца.


У вялікай сям’і не выпадае перажываць пра тое, як паспець выканаць усё. Спраўляюцца проста: бяруць справу і выконваюць, і ўсё – з радасцю, атрымліваючы мора станоўчых эмоцый. І так ва ўсім. Таму ў перадсвяточны дзень усіх жанчын жадаем Вам, Вольга Валер’еўна, і ўсёй шчаслівай шматдзетнай сям’і і надалей падтрымліваць такі пазітыўны настрой і сонечнае надвор’е ў доме, бо, як вядома, калі чалавек гарыць справай, ён зверне горы. Са святам!



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *