С. Ф. Кравченко из УП Вядерево не боится работы

Заботы сельские

На свеце ёсць людзі, якія могуць шмат, эмацыйна і з непрыхаваным задавальненнем расказваць пра сваю працу, як напрыклад, галоўны аграном сельгаспрадпрыемства «Вядзерава» Сяргей Фёдаравіч Краўчанка (на здымку), які працуе ў гаспадарцы з 2010 года. Гэты вясёлы і энергічны чалавек цікавіцца ўсім, што знаходзіцца вакол. Нарадзіўся на Дубровеншчыне, вучыўся ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках. Працаваў у розных гаспадарках з рознымі людзьмі і да ўсіх адносіўся з павагай.


– Лёс прывёў мяне на Бешанковіччыну, дзе і асеў, – кажа Сяргей Фёдаравіч. – З жонкай Зінаідай Архіпаўнай выхавалі дачушак Наталлю, Марыю і Яўгенію, ужо ёсць два ўнука, дзве ўнучкі і двое праўнукаў (Соф’я і Архіп). Я вельмі люблю іх усіх, а яшчэ сваю працу люблю і паважаю, бо яна вельмі адказная. Раніцай трэба разабрацца, каго куды накіраваць, на якое поле. Бывае, што ўвесь дзень наладжваю сеялкі, апырсквальнікі, раскідвальнікі мінеральных угнаенняў. Акрамя гэтага трэба яшчэ кантраляваць ход працы. Клопатаў хапае. Даводзіцца і хвалявацца: за спраўнасць тэхнікі, каб не падвяла, за механізатараў, ну і вядома, за будучы ўраджай. Цяжка, але не скарджуся, за столькі гадоў звыкся. Вам цікава, ці падабаецца мне праца? Адназначна, калі б не падабалася, не працаваў.


Да справы мужчына падыходзіць сур’ёзна і з гумарам, а вось у вольны час любіць адысці ад штодзённых клопатаў. Калі хочацца цішыні і спакою, ён бярэ ў рукі стрэльбу і накіроўваецца на палі, але ўжо не шчыраваць, а проста прайсціся, развеяцца, адчуць душой подых вольнага ветру.


– Не так важна, удалае паляванне ці не, – прызнаецца Сяргей Фёдаравіч. – Гэта проста спартыўны інтарэс. Галоўнае, што такія прагулкі яднаюць з прыродай, на імгненне прыадчыняюць заслону яе таямніц, дапамагаюць разабрацца ў сабе, упарадкаваць думкі і супакоіць пачуцці. Кожнаму сваё, а мне – быць аграномам, разумець не толькі люзей, але і расліны, па розных прыкметах «прачытаць», чаго ім не хапае, ды вырашыць праблему. Перамагчы пустазелле, дадаць мікраэлементы, забяспечыць асаблівыя ўмовы, каб расліна развівалася і давала багаты ўраджай – вось што важна і за што трывожна аграному. Але ўсе праблемы вырашальныя, было б толькі жаданне!



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *