Для придвинских выпускников прозвучал последний звонок детства

Образование

Учора, 30 мая, апошні званок прагучаў для больш чым 17,5 тысячы выпускнікоў школ Віцебскай вобласці. Асаблівым школьнае свята было для 6840 выпускнікоў 11-х класаў, якім сёлета трэба будзе атрымаць атэстат аб сярэдняй адукацыі. Пасведчанне аб базавай адукацыi пасля здачы экзаменаў атрымаюць 10685 падлеткаў. На Бешанковіччыне апошні званок прагучаў для 1420 вучняў. Са школай ў гэты дзень развіталіся 90 выпускнікоў 11-х класаў і 153 навучэнцы 9-х класаў.


Віноўнікі ўрачыстасці – прыбраныя, прыгожыя, трохі сумныя – слухалі апошнія пажаданні з вуснаў педагогаў і бацькоў, атрымалі апошнія школьныя ўзнагароды. Яны чакалі гэтага дня з асаблівым пачуццём. Ужо не дзеці, але яшчэ не дарослыя. Не-не ды навярнуцца на вачах слёзы.


Мабыць, няма нічога больш кранальнага, чым заканчэнне школы. Гэта адзін з тых нешматлікіх момантаў, што запомняцца назаўжды і больш ніколі не паўторацца. Зараз перад чалавекам, які, здавалася б, так нядаўна быў першакласнікам, адкрываюцца ўсе шляхі ў гэтым свеце.


Наперадзе ў юнакоў і дзяўчат чарада сур’ёзных выпрабаванняў і час падвядзення вынікаў шматгадовай вучнёўскай працы – здача экзаменаў: выпускных і, вядома ж, уступных. Хочацца пажадаць усім паспяхова справіцца з імі.


11 чэрвеня ў школах Бешанковіччыны па графіку адбудзецца развітанне са школай і ўручэнне атэстатаў аб сярэдняй адукацыі, а ў 19 гадзін на цэнтральнай плошчы гарпасёлка адзінаццацікласнікі збяруцца на агульнараённы выпускны баль. У гэты дзень будзе абмежаваны продаж спіртных напояў.


…Скончылася выдатная школьная пара, але наперадзе цэлае жыццё, у якім шмат разоў будуць ацэньвацца ўменне заставацца чалавекам, веды, дабрыня, адносіны з людзьмі, значнасць абранай прафесіі. Ацэнкі гэтыя будуць часам больш суровыя, чым школьныя. Галоўнае – па жыцці крочыць аптымістычна.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *