Придвинская труженица Антонина Белезеко любит то, чем занимается

Человек и его дело

Калі надыходзіць адказны час выбару прафесіі, кожны імкнецца да той, да якой ляжыць душа. Хтосьці з дзяцінства марыць пра неба, вырастае і становіцца пілотам, хтосьці гуляе ў школу ці бальніцу, едзе вучыцца і вяртаецца на радзіму настаўнікам ці ўрачом. Аператар машыннага даення ДП «ПалітаддзелецАгра» Антаніна Рыгораўна Белязека марыла, каб праца была звязана з жывёламі. Так і здарылася.


– Амаль уся мая працоўная біяграфія (без малога дваццаць гадоў) звязана з фермай, – расказвае жанчына. – Я мясцовая жыхарка. Пасля заканчэння васьмі класаў пайшла вучыцца ў Лужаснянскі саўгас-тэхнікум. Нарадзіла дачку Людмілу, працавала работнікам малочнага блока. Аднойчы мне прапанавалі ўзяць групу каровак. Было крыху боязна, але я рашылася. Выстаўляю на гадзінніку час пад’ёму – палова чацвёртай, бо дойка кароў трохразовая: з 4 гадзін і да 7, з 12 да 15 і з 19 да 22. З цягам часу звыклася. Калі ўжо стомішся, хвіліну-другую пагутарыш з напарніцай, лічы, што адпачыла. Хачу заўважыць, што вельмі ўдзячная нашаму калектыву. Вопытныя людзі падказвалі, што і як рабіць. Цяпер, калі узгадваю першы раздой, нават смешна зробіцца. Моцна хвалявалася, бо то адно, то другое не атрымлівалася. Вялікі дзякуй і маёй дачушцы. Яна ў мяне проста залатое дзіця. Бывае, прыбяжыць, гляне, як мне цяжка, скажа: «Мамачка, я табе дапамагу!» – і пачынае працаваць. З ёй мы не толькі маці і дачка, але і сяброўкі.


Антаніна Рыгораўна – добрасумленная і адказная, незаменная працаўніца і проста добры чалавек. Гэта пацвердзіла і галоўны заатэхнік гаспадаркі Т. Л. Кавалёнак.


– За чатыры месяцы бягучага года Антаніна надаіла 110 тон малака (2655 кг – на адну кароўку), – кажа Таццяна Леанідаўна, – з іх 24 тоны – у красавіку. Заўсёды выконвае тэхналагічны працэс даення. За якой бы групай яе ні замацавалі, усюды вынік аднолькавы – паспяховы. Ніколі не пойдзе дадому, пакуль даручаную справу не закончыць.


Сама ж працаўніца, аднак, заўважае, што на першым месцы ў яе – сям’я, а потым ідзе праца.


– Чатыры гады назад у нашай сям’і з’явілася новае шчасце – маленькая Вікторыя, – з гонарам заўважае Антаніна Рыгораўна. – Унучачка мая, што тая гарэза з мультфільма «Маша і Мядзведзь», такая ж цікаўная і актыўная.


Пагаварыўшы яшчэ нейкі час, мы развіталіся цёпла, нібы добрыя знаёмыя. Жанчына зноў узялася за працу, бо кароўкі (а іх 51) зачакаліся. Яе ўмелыя рукі рухаліся хутка, звыкла, як і заўсёды бывае ў сапраўдных прафесіяналаў, мэтанакіраваных, моцных, незалежных…



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *