Бешенковиччину посетил Чрезвычайный и Полномочный Посол Кыргызской Республики в Республике Беларусь Кубанычбек Касымович Омуралиев

Общество

На мінулым тыдні Бешанковіччыну наведаў Кубанычбек Касымавіч Амураліеў – Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Кыргызскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, Пастаянны паўнамоцны прадстаўнік Кыргызскай Рэспублікі пры статутных і іншых органах Садружнасці Незалежных Дзяржаў.


Асноўная місія вялікага госця – наведванне мемарыяльнага комплексу на Узрэччы, дзе пахаваны верны сын кіргізскага народа – Герой Савецкага Саюза Джумаш Асаналіеў.


Дарэчы, невялікую экскурсію для Кубанычбека Амураліева правялі намеснікі старшыні райвыканкама Т. І. Ждановіч, М. А. Заблоцкі і старшыня раённага Савета дэпутатаў Г. М. Шведаў.


Паводле слоў Амбасадара, для яго наведванне мемарыяльнага комплексу – гэта не толькі даніна традыцыі, а, у першую чаргу, – асабістае жаданне. Кубанычбек Амураліеў упершыню наведаў Узрэчча. Амбасадар адзначыў, што гэта месца выклікае моцнае эмацыянальнае ўражанне.


Кіргізская дэлегацыя ўшанавала памяць пахаваных на мемарыяльным комплексе хвілінай маўчання і ўсклала кветкі да месца пахавання іх земляка.


Падчас сустрэчы Амбасадару нагадалі, што Джумаш Асаналіеў – кулямётчык 199-га гвардзейскага стралковага палка 1-га Прыбалтыйскага фронту – 25 чэрвеня 1944 года адным з першых пераправіўся з кулямётам праз раку Заходняя Дзвіна ля вёскі Лабейкі (Бешанковіцкі раён). У ходзе бою замяніў параненага камандзіра кулямётнага разліку. Калі скончыліся патроны, апошняй гранатай падарваў сябе і фашыстаў, што акружылі яго.


– Трагедыю, якая адбылася тут у гады Вялікай Айчыннай вайны, немагчыма забыць, мы проста не маем на гэта права, – адзначыў Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Кыргызскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь. – Тыя падзеі немагчыма апісаць словамі, таму што толькі чалавек, які іх перажыў, можа зразумець, што тут адбылося. Хочацца выказаць словы падзякі за тое, што не забываецеся пра гэтае памятнае месца, праводзіце тут мітынгі, ды і проста сочыце за добраўпарадкаваннем.


Кубанычбек Касымавіч таксама падкрэсліў, што ў гонар яго земляка, кіргізскага героя Джумаша Асаналіева, названа вуліца ў Мінску.


– Гэты мемарыяльны комплекс на самай справе стварае трагічнае ўспрыманне таго, што адбылося на Узрэччы, – лічыць Амбасадар Кіргізіі. – Вайна ўсюды пакінула свой крывавы след. Мы памятаем і ўшаноўваем усіх герояў, якія прынеслі нам мірнае жыццё. Трэба ведаць і вывучаць гісторыю ва ўсіх яе аспектах і праявах. А для гэтага трэба сустракацца і мець зносіны з жывымі сведкамі тых страшных часоў, прыкладаць усе намаганні, каб пазбегнуць паўтарэння трагічных падзей мінулага.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *