Страницы жизни придвинского земледельца

Заботы сельские

Ля сянажнай траншэі спыняецца агракарабель. Яго капітан – механізатар ДП «ПалітаддзелецАгра» Мікалай Пятровіч Надзёжка – адзін з тых, хто заняты на корманарыхтоўцы. Мужчына на імгненне паказваецца ў вакне трактара, толькі каб павітацца, а потым зноў спяшаецца на разгрузку. Нягледзячы на занятасць, працаўнік усё ж такі згаджаецца крыху расказаць пра тое, як ідзе вясковае жыццё-быццё.


– Вёска – мой дом, мая крэпасць, – справядліва лічыць Мікалай Пятровіч. – Чалавек я просты, вясковы. У сям’і – малодшы сын (ёсць яшчэ старэйшая сястра Ірына). Жыву ў вёсцы Касарэўшчына, а нарадзіўся ў Чаўнышках. Лідзія Віктараўна – маці – усё жыццё адпрацавала на ферме, а бацька – Пётр Пятровіч – вадзіцель з 30-гадовым стажам. Магчыма, гены перамаглі, узялі сваё, бо я пайшоў па яго слядах, нікуды не з’ехаў, застаўся на роднай зямлі, на ўлонні прыроды. Уранку ці ўвечары яе прыгажосць асаблівая, чароўная, кожны раз заўсёды розная, непаўторная. Як можна яе не любіць?


Нястомны руплівец, імя якога красуецца на раённай Дошцы гонару, некалькі хвілін каштоўнага працоўнага часу ўдзяліў карэспандэнту раёyнай газеты. Аднак, хоць размова наша была кароткай, яна запомнілася надоўга. Мужчына прызнаўся, што не ведае сакрэту поспеху, шчаслівага жыцця, а проста жыве, маючы мэту, ды ўсе сілы аддае, каб яе дасягнуць.


– Спачатку закончыў школу, –з усмешкай узгадвае Мікалай Пятровіч, прыжмурыўшы вочы. – Сачыненні я пісаў дрэнна, таму Пушкін з мяне не атрымаўся. Пайшоў служыць у армію. Затым працаваў у калгасе «Дружба», восем гадоў – у лясгасе. Аднойчы камандзіравалі на дапамогу гаспадарцы, так я ўпершыню трапіў у ДП «ПалітаддзелецАгра». Напэўна, праявіў сябе добра, бо праз нейкі час мяне папрасілі застацца. Я згадзіўся, бо праца спадабалася, ды і жонка Святлана Уладзіміраўна не была супраць. Так, з 2009 года ў жыцці нашай сям’і пачалася новая старонка.


– Калектыў у нас добры, – працягвае механізатар. – Усе з пачуццём гумару. Вялікі дзякуй, што не кідаюць у бядзе. Неяк у дождж, калі мая «баявая» машына загразла на полі, выцягнуць яе дапамог Уладзімір Марозаў.


Па прыкладзе дзеда і бацькі вызначае жыццёвы шлях і сын Мікалая Пятровіча Аляксандр, які зараз вучыцца ў Гарадку, каб у будучым стаць механікам. Такія вось яны, лёсы людскія, спланаваныя і нечаканыя, дзіўна простыя і мудрагелістыя, але галоўнае – усе па-свойму цікавыя.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *