Интервью с заместителем председателя Бешенковичского райисполкома С. Г. Окуневичем

В райисполкоме

Сельская гаспадарка і перапрацоўчая прамысловасць АПК з’яўляюцца найважнейшым сектарам эканомікі краіны, у якім разам з вялізнымі прадпрыемствамі і прыватнымі фермерскімі гаспадаркамі занята больш за трэць насельніцтва Беларусі. Працаўнікі вёскі, як ніхто, залежныя ад літасці прыроды, і ў нашым раёне апрацоўваюць зямлю, даглядаюць жывёлу, што спрыяе харчовай бяспецы рэгіёна і дзяржавы.


Аб буднях тых, хто клапоціцца пра тое, каб у нашым штодзённым рацыёне былі малочныя і мясныя прадукты, садавіна і агародніна, наша гутарка з першым намеснікам старшыні райвыканкама, начальнікам упраўлення райсельгасхарчу С. Г. Акуневічам.


– Сяргей Генадзьевіч, якім быў бягучы год для аграрыяў раёна?


– Сёння стаўка робіцца на строгае выкананне ўсіх элементаў тэхналогіі вытворчасці ў жывёлагадоўлі, укараненне высокаўраджайных гатункаў і прагрэсіўных прыёмаў раслінаводства. У цэлым па раёне за 10 месяцаў 2016 года валавы аб’ём прадукцыі сельскай гаспадаркі склаў 44,6 млн рублёў, ці 103,4% да ўзроўню 2015 года. Вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі склала 30,6 млн рублёў, ці 116,1% да леташняга, раслінаводства – 14 млн рублёў (83,5%).


– Якіх поспехаў удалося дасягнуць у раслінаводстве?


– 2016 год з абільнымі ападкамі і капрызамі прыроды для хлебаробаў Бешанковіччыны стаў сапраўдным выпрабаваннем на прафесіяналізм і любоў да роднай зямлі, на жаль, пахваліцца важкім коласам сёлета не ўдасца, але год быў удалым для нарыхтоўкі кармавой базы. Валавы збор збожжа ў бункернай вазе склаў на 40% менш, чым летась: сабрана больш за 35 тыс. тон пры сярэдняй ураджайнасці 27,1 ц/га. Вытворчасць бульбы ў 2016 годзе склала 1,5 тыс. тон пры ўраджайнасці 174 ц/га (у 2015-м годзе – 1,6 тыс. тон пры ўраджайнасці 169 ц/га), ільновалакна атрымана 287 тон, ці 108,3% да ўзроўню мінулага года, пры сярэдняй ураджайнасці 8,2 ц/га (летась 265 тон і 8,8 цэнтнера на круг).


Назапашана 43,6 тыс. тон (у пераліку на кармавыя адзінкі) травяністых кармоў, што на ўмоўную галаву жывёлы складае 28,2 цэнтнера кармавых адзінак. Маецца 5,1 тыс. тон сена, 83,4 тыс. тон сенажу, 64,7 тыс. тон сіласу.


Па стане на 1 лістапада, узарана зябліва 3,6 тыс. гектараў, пасеяна азімых збожжавых 7,8 тыс. гектараў, азімага рапсу 945 гектараў.


– Якія вяршыні скарыліся перад нашымі жывёлаводамі?


– За студзень-кастрычнік 2016 года валавая вытворчасць малака павялічылася да ўзроўню мінулага года на 3,7% і склала 26,8 тыс. тон. Сярэдні надой малака на адну карову склаў 4616 кілаграмаў, прыбаўка на карову да леташняга – 147 кілаграмаў, ці 3,3%.


Значных поспехаў па вытворчасці малака дасягнулі УП «Свіціна-ВМК», дзе тэмп росту вытворчасці да ўзроўню мінулага года склаў 117,1%, ЗАТ «ААБ-Агра Наватар» (104,6%), ДП «ПалітаддзелецАгра» (103,1%).


Вытворчасць (вырошчванне) жывёлы і птушкі ў раёне вырасла на 18,8% і склала 10,7 тыс. тон. Сярэднясутачныя прывагі на адкорме і дарошчванні буйной рагатай жывёлы дасягнулі 579 грамаў. Продаж малака дзяржаве вырас на 4% пры таварнасці 90,4% і склаў 24,2 тыс. тон. Рэалізацыя жывёлы і птушкі ў жывой вазе павялічылася на 10,7% і склала 9,1 тыс. тон.


– Сяргей Генадзьевіч, Вашы пажаданні працаўнікам вёскі…


– Прафесійнае свята работнікаў аграпрамысловага комплексу невыпадкова прыпадае на канец восені, калі ўжо сабраны вырашчаны ўраджай, засыпаны засекі, жывёла пераведзена на зімова-стойлавае ўтрыманне: самы час падсумоўваць вынікі, ставіць задачы на перспектыву.


Карыстаючыся выпадкам, хочацца ад усяго сэрца павіншаваць працаўнікоў вёскі з Днём работнікаў сельскай гаспадаркі і сказаць ім вялікі дзякуй за добрасумленную працу! Хай гучнымі пададуцца гэтыя словы, але ад вас шмат у чым залежыць росквіт нашай краіны! Ваша праца – неабходны механізм для паўнацэннага функцыянавання вытворчасці. Жадаю вам пераадольваць усе перашкоды на вашым жыццёвым шляху, упэўнена ісці да пастаўленых мэт. Хай вашы «залатыя» рукі прыносяць не толькі даход, але і ўсе радасці жыцця, хай здзяйсняюцца запаветныя мары, а лёс радуе нечаканымі прыемнымі падарункамі! Сямейнага і фінансавага вам дабрабыту, каб вашы дамы былі поўнай чашай, і панавалі ў іх здароўе, шчасце і надзея!



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *