Люди земли придвинской

В трудовых коллективах

Поспех заўсёды там, дзе ў ім зацікаўлены, дзе людзі не дзеляць выкананне абавязкаў на «маё» і «тваё», а працуюць у адной звязцы. Менавіта так сёння працуе калектыў МТК «Буднікі» адной з найбуйнейшых гаспадарак раёна – ЗАТ «ААБ-Агра Наватар».


– МТК «Буднікі» пачаў дзейнічаць у 2012 годзе, – адзначыла яго начальнік Анастасія Віктараўна Васько, праводзячы для нас на падуладнай тэрыторыі своеасаблівую аглядную экскурсію. – На сённяшні дзень комплекс налічвае 857 галоў буйной рагатай жывёлы, 331 цяля і складаецца з пяці памяшканняў: 3 – для кароў (два цэхі вытворчасці малака, адзін – сухастою і раздойвання з асобнай даільнай залай на 6 месцаў) і 2 – для размяшчэння цялятак. За 10 месяцаў бягучага года было рэалізавана 3153 т малака. Усе мы разумеем, што канчатковы вынік вызначае зладжанасць усіх звёнаў у працы, таму і дзейнічаем заадно. Праца на комплексе наладжана ў дзве змены. Работнікі, а іх 28, амаль усе складаюць сямейныя тандэмы: муж і жонка, сёстры і брат. Тэхналогія вырошчвання ў нас простая: спачатку нованароджаныя цяляткі на працягу месяца знаходзяцца ў прафілакторыі (іх так і завём – цяляты прафілакторнага перыяду). З месяца і да паўгода – цяляты на дагадоўванні. Далей быкоў адпраўляем на ферму ў Верхняе Крывіна, а цялушак – на комплекс «Малыя Галыні», дзе яны растуць да 1,5 года, пакрываюцца і зноў вяртаюцца да нас. Ад іх атрымліваем цялят, і ўсё пачынаецца зноў – такі нязменны кругазварот.


Праблемы, радасці і нягоды спецыялісты МТК «Буднікі» ўспрымаюць як уласныя і са сваімі абавязкамі спраўляюцца ўмела. У жыцці і працы яны – жывёлаводы, а ў душы – мастакі, бо кожны дзень памнажаюць гісторыю дасягненняў жывёлагадоўлі свайго раёна, дадаюць штодзённай мітусні працоўных будняў яркія фарбы. Падчас агляду тэрыторыі, знаёмства з тэхналогіямі мы не маглі не сустрэцца з працаўнікамі, паслухаць іх меркаванні. Першымі знаёмымі былі жывёлаводы па доглядзе за цялятамі. Іх усяго чатыры, мы пазнаёміліся з дзвюма – Аленай Ягораўнай Сакалоўскай і Ганнай Анатольеўнай Руколь. Для цялятак яны – і другія мамы, і выхавацелі. Жанчыны, ледзь заўважыўшы наведвальнікаў, прыемна заўсміхаліся, але пра заслугі сціпла маўчалі. Гэта ўжо потым, у кабінеце, Анастасія Віктараўна паведаміла, што сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе цялят да двух месяцаў – 600-650 г, з 2 да 4 месяцаў – 800-850 г. Паказчыкі, між іншым, нядрэнныя. Затым мы завіталі таксама ў цэх сухастою і раздойвання, дзе нас сустрэла жывёлавод Наталля Анатольеўн Мацюш. Пад яе наглядам у сярэднім знаходзіцца 217 галоў. Жанчына ўзрадавала сваім пазітыўным настроем на працу. З дня ў дзень яна корміць, чысціць, прымае ацёлы (дзесьці 62-64 за месяц). Згодай і руплівасцю, аднадушнасцю ў працы спадабаліся Аляксандр Міхайлавіч Ерашэвіч і яго жонка Галіна Паўлаўна – жывёлаводы па доглядзе за дойным статкам. Удваіх яны забяспечваюць усім неабходным 320 буронак. Увогуле ж пра ўсіх сваіх работнікаў Анастасія Віктараўна говорыць з цеплынёй, характарызуе як адказных і добрасумленных працаўнікоў.


– Для кагосьці праца на ферме ці комплексе здаецца чымсьці цяжкім і нецікавым, – кажа начальнік МТК «Буднікі». – Для нас жа гэта – штодзённы клопат пра жывёл. Вяртаешся дадому, а ў думках усё яшчэ застаешся на працы, перажываеш, як там кароўкі, цяляткі, ці ўсё ў іх добра. Для нас гэта і ёсць само жыццё.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *