Мост отправляется на зимовку

Новости района

Лёс чалавечы непрадказальны. Ніхто не ведае, куды яго завядзе чарговы віток. Перад намі столькі дарог, а выбраць трэба адну. Куды яна паверне – невядома. Часта лёс зноў і зноў падводзіць да скрыжавання, нібы выпрабоўвае нас на трываласць, правярае, наколькі моцная чалавечая душа. Напэўна, усе ці амаль усе жыхары раёна ведаюць таленавітага музыканта, цудоўную маці, бабулю і проста выдатную жанчыну Сафію Іванаўну Панкевіч. Жанчыну, чый талент знайшоў прызнанне, пра што сведчаць шматлікія граматы, дыпломы і падзякі. Камусьці можа здацца, што ўжо яна, наша зорка, заўсёды дакладна ведала, якую дарогу выбраць. Гэта не так.


Калі ўсе жанчыны адзначалі 8 Сакавіка, Сафія Іванаўна святкавала яшчэ і юбілей – 65-годдзе. Але адзначаць такую значную падзею, падзяліцца сваім пазітывам, запалам хацелася з ўсімі людзьмі: роднымі і знаёмымі, сябрамі. Усё яе жыццё напоўнена рэпетыцыямі і канцэртамі, нястомнай работай для мастацтва. Таму і гэтая дата не абышлася без яркага юбілейнага канцэрта.


Паўнюткая зала РЦК сведчыла, што артыстка прыйшлася па душы. У гледачоў яна, калі пажадае, можа выклікаць і смех, і слёзы. Сафія Іванаўна пела, танцавала, і гэта было цудоўна. Юбіляршу ўрачыста віншавалі родныя, сябры і розныя творчыя калектывы. На сцэну выйшаў і сын Аляксей, які выканаў песню з рэпертуара Стаса Міхайлава «Маці». Да віншаванняў далучыліся і лепшыя сяброўкі Людміла Пятроўна Бяляева з дачкой Кацярынай і Алена Фёдараўна Берасцень.


Праз нейкі час пасля канцэрта мы сустрэліся з Сафіяй Іванаўнай, і яна расказала гісторыю свайго, як аказалася, не такога ўжо і сонечнага, жыцця.


– Дзяцінства ў мяне было цяжкае, – пачала аповяд Сафія Іванаўна. – Нарадзілася я на Магілёўшчыне, у вёсцы Зубарэвічы Глускага раёна ў вялікай сям’і (пяцёра дзяцей). Маці была загадчыцай дзіцячага садка, умела добра шыць. Бацька – інвалід Вялікай Айчыннай вайны. У нас уся сям’я музыкальная – дзеці ігралі на балалайцы. Я была маленькага росту і зусім небаявая, а да школы ісці далёка, таму ў пятым класе мяне забрала да сябе жыць сястра Галіна, яна ж і адвяла ў музычную школу. З таго часу я жыла ў Глуску. Зведала таксама і жыццё ў інтэрнаце, дзе правяла тры гады, пакуль вучылася да восьмага класа. Вырашыла паступаць у Магілёў у дашкольна-педагагічнае вучылішча, ды не захацела здаваць апошні экзамен. Магчыма, тады мой лёс склаўся б па-іншаму. Музыкай я любіла займацца заўсёды, але чытаць з ліста, іграць па нотах не падабалася, толькі на слых. Таму пасля заканчэння дзесяцігодкі паступіла ў Магілёўскае культасвет вучылішча, зноў жа, паколькі заўсёды любіла танцаваць, захацела на харэаграфічнае аддзяленне, ды мяне ўгаварылі выбраць аддзяленне харавога дырыжыравання.


Пасля заканчэння вучылішча, калі ўсе прасіліся на радзіму, Сафія Іванаўна пажадала ўбачыць свет і сказала: «Дадому ехаць не хачу, адпраўляйце куды-небудзь яшчэ». І яе адправілі… да нас, на Бешанковіччыну, дзе і жыве ўжо 46 гадоў. Чым яна толькі не займалася! Спачатку працавала ў вёсцы Бачэйкава, была дырэктарам СДК, кіравала хорам, вяла і вакальную групу, і танцавальную, на сцэне сама чытала байкі. Затым перавялі на працу ў раённы Дом культуры, дзе Сафія Іванаўна была і метадыстам, і мастацкім кіраўніком, акампаніравала народным калектывам. Пэўны час была нават інспектарам у тагачасным аддзеле культуры. Атрымала кватэру, выхавала сыноў Алексея і Аляксандра, дачку Галіну, ужо мае чатырох унукаў: двух хлопчыкаў і дзвюх дзяўчынак. Вучыла дзяцей у дзіцячых садках музыцы, была тамадой на вяселлях. Нават тады, калі выйшла на пенсію, не спыніла работу. Узначаліла савет ветэранаў работнікаў культуры. Была кіраўніком і акампаніятарам народнага хору «Ветэран». Любіць кветкі, якіх у яе шмат, а яшчэ – працаваць на зямлі. Усё, за што б ні ўзялася гэтая мэтанакіраваная жанчына, гарыць у руках, бо справу яна любіць і нічога жанчыне не страшна. Калі наша Сафія Іванаўна на сцэне, у гледачоў – свята.


Моцнага здароўя вам, Сафія Іванаўна! Доўгіх гадоў жыцця, новых здзяйсненняў і новых юбілеяў! Для вас яны – не бяда. Няхай у сэрцы заўсёды будзе гэты таямнічы, чароўны свет музыкі, які вы на працягу столькіх гадоў дорыце прыдзвінскім аматарам мастацтва.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *