Полувековой юбилей открытия Кургана Вечной Славы отметили на Бешенковиччине

Событие

Паўвекавы юбілей адкрыцця Кургана Вечнай Славы – велічнага рукатворнага помніка героям Вялікай Айчыннай вайны, людзям, якія аддалі свае жыцці за вызваленне раёна, за тое, каб над нашай зямлёй заўсёды было чыстае неба, за мірную працу, за смех дзяцей, за ўсё, што маем мы цяпер, – у мінулую пятніцу, 4 лістапада, якраз напярэдадні 99-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі, адзначылі ўрачыстым мітынгам, каб зноў аддаць даніну павагі абаронцам Айчыны, якія загінулі ў той страшнай вайне.


На ім прысутнічалі прадстаўнікі ўлады, жыхары райцэнтра, моладзь, людзі, якія ўдзельнічалі ў стварэнні помніка воінскай славы, і, вядома ж, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, працаўнікі тылу – С. Н. Карась, Д. Н. Агейчанка, П. Ф. Гнеўка, М. І. Бабаед, І. І. Захарчанка.
Завіталі на Бешанковіччыну і госці з Расійскай Федэрацыі – кіраўнік пошукавага руху «Вахта памяці ў Беларусі», настаўнік гімназіі №14 г. Беларэцка, што ў Рэспубліцы Башкартастан, М. І. Лукін разам са сваімі вучнямі (падрабязней пра сустрэчу з гасцямі з суседняй краіны мы раскажам у бліжэйшых нумарах раёнкі). Мікалай Іванавіч ужо на працягу 30 гадоў вядзе збор дадзеных аб воінах 298-га палка 186-й стралковай дывізіі, якія ў першыя дні вайны сустрэлі ворага на беларускай зямлі.


У сваёй прамове на мітынгу намеснік старшыні райвыканкама М. А. Заблоцкі нагадаў пра гісторыю стварэння Кургана Славы:


– 50 гадоў таму, у дзень 22-й гадавіны вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, жыхарамі Прыдзвіння быў закладзены Курган Вечнай Славы. У яго падмурак лягла зямля з падмаскоўных палёў, дзе ўпершыню былі разгромлены нямецкія войскі, з блакаднага Ленінграда, з Брэсцкай крэпасці, з усіх воінскіх пахаванняў нашага раёна. Праз 4 месяцы, дзякуючы нястомнай працы прадстаўнікоў працоўных калектываў, прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў, школ раёна, гэты велічны помнік вырас вышынёй 7 метраў.


6 лістапада 1966 года ўсе неабыякавыя да гісторыі свайго народа жыхары прыдзвінскага краю прыйшлі сюды, каб урачыста адкрыць помнік воінскай славы, яшчэ раз сказаць «дзякуй» вызваліцелям Айчыны, усім, хто не вярнуўся з палёў бітваў, хто змагаўся з ворагам у акупацыі.


Аб маштабах таго мерапрыемства можна было меркаваць па фатаграфіях, якія размясцілі на стэндзе ля ўвахода на Курган Славы. Цырымонія адкрыцця месца воінскай славы 50 гадоў таму адбывалася ўрачыста, велізарную калону жыхароў Бешанковіччыны ўзначалілі госці з абкама камуністычнай партыі Беларусі, рэдакцый абласной і раённай газет, дэлегацыі з 10 раёнаў Віцебшчыны. Ганаровае месца ля Кургана занялі былыя франтавікі, партызаны, падпольшчыкі, а таксама родныя Герояў Савецкага Саюза – ураджэнцаў нашага раёна.
З тых часоў менавіта тут, ля падножжа Кургана, праходзяць усе мітынгі і ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне. Яе ўрокі вельмі павучальныя.


Як адзначыў у сваім выступленні старшыня райсавета ветэранаў А. В. Крачкоўскі, Вялікая Айчынная вайна – адна з самых трагічных старонак самабытнай гісторыі нашага раёна. Танкавая бітва ў ліпені 1941-га года, знішчальныя аперацыі партызан у 1942-м і 1943-м гадах, бязмежная мужнасць абаронцаў Айчыны пры масавым фарсіраванні Заходняй Дзвіны на тэрыторыі Бешанковіцкага раёна ў 1944-м годзе садзейнічалі пералому ходу гісторыі і адкрылі шлях да вызвалення роднай Беларусі. За мужнасць і гераізм, праяўленыя пры вызваленні Бешанковіччыны, 168 воінаў Чырвонай Арміі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза.


Памяць пра абаронцаў Айчыны ўшанавалі хвілінай маўчання. Моладзь ХХІ стагоддзя таксама пакланілася вялікаму подзвігу абаронцаў Айчыны і працягнула традыцыю, закладзеную 50 гадоў таму. Тады камсамольцы, якія прыйшлі на адкрыццё Кургана Славы, запалілі дзясяткі факелаў у гонар загінуўшых і прайшлі на брацкую магілу, размешчаную побач з СШ №2 г. п. Бешанковічы, дзе далі клятву вечна памятаць усіх герояў, хто аддаў жыццё за Радзіму.


Такое ж маладзёжнае шэсце арганізавалі і ў гэты раз. Члены ГА «БРСМ» з запаленымі факеламі прайшліся па галоўнай вуліцы райцэнтра, на брацкай магіле далі клятву ўсе свае веды, сілы і вопыт аддаваць на карысць роднай зямлі і спрыяць росквіту Рэспублікі Беларусь, заўсёды памятаць пра тую страшную цану, якую заплаціў савецкі народ за перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне, за нашу свабоду і незалежнасць, а затым адправіліся на цэнтральную плошчу, дзе ўсклалі вянок да помніка У. І. Леніну.


…Сёння, як і 50 гадоў таму, ля Кургана Славы гарыць вечны агонь, у ганаровай вахце змяняюцца піянеры мясцовых школ. Створаны рукамі жыхароў раёна ён і далей будзе нагадваць усім нам пра подзвіг у імя жыцця, захоўваць у сабе боль і слёзы пра блізкіх, якія не вярнуліся з палёў бітваў.


Праз 3 гады, у дзень 75-годдзя вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, нам з вамі трэба будзе дастаць капсулу часу, пакінутую нашчадкам у нішы Кургана Славы ў дзень 50-годдзя вызвалення Прыдзвіння. Напэўна, там абавязкова будзе наказ: «Памятаць заўсёды, ніколі не забываць, якой цаной дасталася нам Вялікая Перамога». Бо перамога – гэта тое, што аб’ядноўвае нас. Гэта слова свята сёння, як і 50 гадоў таму.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *