Придвинцы приняли участие в VIII-ом фестивале духовного песнопения и народной песни

Наш бешенковичский край

«Святая Русь. Сувязныя ніці». Пад такой назвай у канцы кастрычніка ў Расійскай Федэрацыі – у Дзямідаўскім Доме культуры
Смаленскай вобласці – прайшоў VIII-ы фестываль духоўнага песнапення і народнай песні.


Яго арганізатарамі выступілі Дзямідаўскі Дом культуры сумесна з благачынным Дзямідаўскай акругі протаіерэем Аляксандрам Міронавым. Ролю спонсараў на сябе ўзялі Вялікалуцкі мясакамбінат, ТАА «Катанскія каўбасы», мясная кампанія ІП Новікаў, дэпутат гарадскога Савета А. В. Шастакоў, магазіны «Магніт», «Макі», «Язмін», ІП Купрэева, хлебакамбінат.


У культурным форуме, які ў гэты раз набыў статус міжнароднага, прынялі ўдзел: хор Смаленскай Праваслаўнай гімназіі і Успенскага кафедральнага сабора горада Смаленска, дзіцячы хор нядзельнай школы храма прападобнага Аўрамія Смаленскага пасёлка Галынкі Руднянскага раёна, сямейны дуэт іерэя Дзмітрыя і Юліі Капейчыкавых. На сцэну падняліся і 15 творчых калектываў, сярод якіх два прадстаўлялі Рэспубліку Беларусь. Гэта народны ансамбль «Пчоланька» (ААТ «Віцебскдрэў») і нашы землякі з аграгарадка Астроўна – народны ансамбль «Вакаліз». У яго склад уваходзяць А. А. Карбоўскі, Т. Э. Уліціна, Т. Л. Новікава, Д. А. Ізмайловіч, а кіруе калектывам Н. С. Кандрацьева.


Адкрыццё фестывалю атрымалася ўрачыстым: на сцэну з песнямі выйшлі адразу ўсе яго ўдзельнікі. Па старадаўнім рускім звычаі творчыя калектывы велічальнай песняй сустракаў народны ансамбль «Парэчанка». З прывітальным словам на сцэну падняліся намеснік кіраўніка Адміністрацыі муніцыпальнай адукацыі «Дзямідаўскі раён» Смаленскай вобласці Таццяна Мікалаеўна Крапівіна і благачынны Дзямідаўскай акругі протаіерэй Аляксандр Міронаў.


Па палажэнні фестывалю кожны калектыў выконваў два творы духоўныя і два народныя. Радуе, што сёння, у век камп’ютарызацыі, арганізатары і ўдзельнікі культурнага форуму засталіся вернымі сабе і сваім вытокам, сваёй культуры і роднай зямлі, якая іх узгадавала. Кожны калектыў атрымаў падзячнае пісьмо і памятны падарунак, але лепшай узнагародай для артыстаў сталі апладысменты гледачоў, якія доўга не змаўкалі ў зале.


– Мы ўпершыню ўдзельнічалі ў гэтым культурным форуме, – падзялілася кіраўнік народнага ансамбля «Вакаліз» Наталля Сяргееўна Кандрацьева. – На мой погляд, і, думаю, са мной пагодзяцца калегі, фестываль «Святая Русь. Сувязныя ніці» дае магчымасць дакрануцца да дзіўнага і прыгожага свету старадаўняй пеўчай культуры, дапамагае ўмацоўваць сувязныя ніці мінулага і сучаснасці.


Гэта цудоўнае свята, у якім прымаюць удзел тыя, каму дарагая народная песня, хто свята шануе традыцыі і веру нашай неабсяжнай Радзімы, для каго маюць асаблівае значэнне не скарбы, якія збіраюцца на зямлі, а вечныя каштоўнасці, беражліва захаваныя нашымі продкамі для будучых пакаленняў знатакоў прыгожага і нятленнага.


Захаванне народнай культуры, духоўных каштоўнасцей – адна з найважнейшых і найвысакароднейшых задач. Наш калектыў поўны творчых ідэй, ужо цяпер мы пачалі падрыхтоўку да абласнога свята духоўнай музыкі, якое традыцыйна праходзіць на Каляды ў Віцебскай духоўнай семінарыі, музычным каледжы імя І. І. Салярцінскага і на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *