Награды нашли придвинских работников

Заботы сельские

Галоўнае не тое, кім працуе чалавек, а наколькі якасна, як ставіцца да сваёй справы, ці любіць яе, ці стала яна для яго сэнсам жыцця. І калі прыступаць да працы з добрым настроем, атрымліваць ад яе задавальненне, яна будзе ў радасць і, значыць, можна быць упэўненым, што гэты чалавек знайшоў сваё месца ў жыцці, не марнуе дарэмна час – абы дзень да вечара. Добры спецыяліст – той, хто ведае і любіць сваю справу, працуе сумленна. Гэта цалкам пацвярджае гутарка з аператарам машыннага даення ДП «ПалітаддзелецАгра» Аленай Мікалаеўнай Лазука.


Зусім нядаўна ў жыцці гэтай сціплай жанчыны адбылася знамянальная падзея. За значны асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны і высокія вытворчыя паказчыкі Алена Мікалаеўна адзначана дзяржаўнай узнагародай Рэспублікі Беларусь – медалём «За працоўныя заслугі».


Аператар машыннага даення пачала сваю працоўную дзейнасць больш за 15 гадоў назад пасля заканчэння сярэдняй школы. За гэты час набыла глыбокія веды па тэхніцы машыннага даення, выкарыстанню і абслугоўванню даільных апаратаў – стала майстрам сваёй справы.


– Час і тэхналогіі не стаяць на месцы, – заўважае Алена Мікалаеўна. –Прафесія старая – умовы працы сучасныя. Аднак скажу вам шчыра: механізацыя механізацыяй, а добрае стаўленне да жывёл як было патрэбным, так і засталося. Ласку ды добрае слова ўсе любяць. Нават раздаіць карову не так і проста. Тут важны вопыт, уменне працаваць з жывёламі. Ад таго, як даярка папрацуе, залежыць прадукцыйнасць буронкі ў будучым, таварнасць і якасць малака. Вядома, мы стараемся, таму што ад гэтага залежыць і рэпутацыя фермы, і наша зарплата.


Сёння жанчына тыя свае першыя працоўныя будні ўзгадвае з добрай усмешкай. Не, яна не баялася цяжкасцей, таму што нарадзілася і вырасла ў вялікай сям’і, дзе было шасцёра дзяцей, і ведае, што такое праца. Проста, каб назаўсёды звязаць сваё жыццё з вёскай, а тым больш працаваць у жывёлагадоўлі, неяк не думалася. На будучыню былі іншыя планы. Аднак лёс распарадзіўся па-свойму, і цяпер у нас ёсць такі выдатны спецыяліст.


Шмат увагі Алена Мікалаеўна надае выкананню правілаў утрымання сельскагаспадарчай жывёлы, асабліва кармленню, арганізацыі пашавага ўтрымання, што значна ўплывае на павышэнне малочнай прадукцыйнасці кароў. Усё малако, якое атрымана ад кароў даручанай групы, ідзе толькі гатункам «экстра». Як заўважылі ў гаспадарцы, за апошнія пяць гадоў паступова павялічваецца валавы надой па групе, якую яна абслугоўвае. За мінулы год ён склаў 342,893 т, удой малака на карову – 7,049 кг. Штодзень ад кожнай буронкі жанчына надойвае больш за 19 кілаграмаў. Эфектыўная работа па своечасоваму асемяненню кароў, правядзенню мерапрыемстваў па доглядзе за маладняком БРЖ дазволіла захаваць 99% пагалоўя.


Не дзіва, што Алена Мікалаеўна неаднаразова выходзіла пераможцай раённых, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод аператараў машыннага даення. Па ўсім бачна, што работы жанчына не баіцца, а яе – непачаты край. У непрацяглых прамежках паміж дойкамі яшчэ трэба і хатнюю гаспадарку дагледзець, агарод і кветнік. Акрамя таго, што Алена Мікалаеўна – старанны і адказны работнік, яна яшчэ і клапатлівая маці, і добрая дарадчыца, і настаўніца маладым работнікам. У працоўным калектыве карыстаецца павагай і аўтарытэтам.


Атрыманымі вынікамі можна ганарыцца. Што ж, застаецца толькі пажадаць працаўніцы і далей не змяншаць абароты і дасягаць новых вышынь. З узнагародай!



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *