Не имеет границ талант придвинцев

Они живут рядом

У кожнага чалавека свае захапленні і хобі. Сярод нашых землякоў таксама нямала творчых асоб. Талент многіх бязмежны. Сёння хочацца пазнаёміць вас з жанчынай, якая амаль 37 гадоў адпрацавала ў галіне медыцыны. Гэта Тамара Андрэеўна Праліч.


– Працоўную дзейнасць пачала пасля заканчэння медыцынскага вучылішча ва ўчастковай бальніцы Докшыцкага раёна ў цэнтры саўгаса (в. Бярозкі), – апавядае Тамара Андрэеўна. – Адпрацавала два гады, там жа выйшла замуж. За гэты час атрымала добрую практыку і значныя веды. Пасля вяселля лёс завёў нас з мужам у Бабруйск, дзе працавала ў гарадской бальніцы ў аддзяленні рэанімацыі. Потым нарадзілася дзіця, вярнуліся на радзіму ды тут і засталіся. Працавала ў дзіцячых яслях у Бешанковічах, потым перайшла ў ЦРБ: спачатку была патранажнай медсястрой у дзіцячай кансультацыі, потым – у паліклініцы, рабіла прышчэпкі дарослым, затым – на прыёме з урачом-тэрапеўтам і, нарэшце, трапіла ў аддзяленне інтэнсіўнай тэрапіі. Была працэдурнай медсястрой, затым паставой.


За гады працы жанчына зарэкамендавала сябе сапраўдным майстрам сваёй справы, добрасумленным, адказным, працавітым. Мае шмат узнагарод, падзяк. Акрамя ўсяго іншага Тамара Андрэеўна прымала актыўны ўдзел у спартыўных мерапрыемствах, неаднаразова абараняла гонар бальніцы (здавалі нарматывы ГПА), а яшчэ жанчына 25 разоў бескарысліва здала кроў. Яна піша вершы, спявае (раней нават хадзіла на рэпетыцыі ў хор, што быў арганізаваны пры бальніцы).


– Жыццё пражыла не дарэмна, – шчыра дзеліцца яна. – А было ў ім усё: шмат смутку і гора, але і шмат добрага, з цяжкасцямі змагалася і перамагала. Некалі сама сабе шыла сукенкі, вязала (гэта ў нас сямейнае). Дом пабудавалі, дрэвы пасадзілі. Дзве дачкі маю, два ўнукі і ўнучку. Старэйшая дачка стала прадпрымальнікам, а малодшая пайшла па маіх слядах – працуе медсястрой. Стараюся дапамагчы ім, як магу.


Не пакладаючы рук працавала. Калі трэба было – падоўгу затрымлівалася на дзяжурствах, бо не магла адмовіць. Выйшла на пенсію і думала, чым сябе заняць, бо не прывыкла, што вольнага часу можа быць так многа. Яшчэ доўга мне бальніца снілася. Напэўна, усё ж мне было наканавана быць медсястрой, дапамагаць людзям. І бабуля, і маці заўсёды людзям дапамагалі, і я такая ж. Усе казалі, што мне пойдзе белы халат.


Летам Тамара Андрэеўна бавіць час у вёсцы на дачы, вядзе здаровы лад жыцця (раней, у маладосці, цікавілася лыжамі, акрабатыкай). Сонца, чыстае паветра і вада, пара сотак агарода… Вось у чым зараз яе шчасце. І вершы там пішуцца добра.


– Рыфмаваць я пачала яшчэ з дзяцінства, пісала віншаванні да дня нараджэння і іншых свят, – расказвае Тамара Андрэеўна. – У маці нас было чацвёра, і ўсіх хацелася павіншаваць па-новаму, так, каб было непадобна да астатніх. Я і зараз, бывае, яшчэ пішу віншаванні. Сур’ёзна пачала тварыць з гора, калі памерла маці. Я ўжо выйшла на пенсію, таму пераехала ў вёску. За год там я быццам зноў ажыла, душа мая абудзілася. Дагэтуль жыццё было занятае праблемамі і працай, а яшчэ я такі чалавек, што ўсім хацела дапамагчы, чужая бяда была як свая.


Жанчына беражэ тое, што мае. Любіць кветкі, а яшчэ – гатаваць бліны, сваю каронную страву. Яе натхняе ўсё прыгожае: прырода, нашы беларускія лясы, азёры і рэкі. Усё гэта і апісвае ў вершах. Любоў да ўсяго ўзнёслага паэтэса пранесла праз ўсё жыццё. Магчыма, гэта і дапамагала ёй, узмацняла жыццёвую энергію. Тамара Андрэеўна гартае сшытак, увесь спісаны акуратным почыркам. Вершы яе простыя, але глыбакадумныя, чытаюцца і запамінаюцца лёгка. Падчас гутаркі жанчына расчулілася. Мы доўга размаўлялі, але і пасля развітання я ўсё ніяк не магла забыць яе словы і перажыванні. Гэта не проста жанчына ці паэтэса, а чалавек з чыстай, адкрытай лірычнай душой, гэта Чалавек з вялікай літары.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *