Придвинцы, разрушающие стереотипы

Заботы сельские

Чым далей развіваецца грамадства, тым усё больш умоўным становіцца падзел прафесій на мужчынскія і жаночыя. Прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва ўпэўнена асвойваюць новыя сферы, якія з’яўляліся перш адзінаасобнай вотчынай мужчын. Моцная ж палова таксама не адстае ў займальнай справе ломкі стэрэатыпаў.


Мы прызвычаіліся, што жывёлавод, даярка – прафесіі больш жаночыя, а мужчына ў іх – з’ява даволі рэдкая. Але хто сказаў, што так абавязкова павінна быць? Падобныя стэрэатыпы разбураюць на Бешанковіччыне мужчыны-даяры. Так, яны сустракаюцца і ў нашым раёне, ды яшчэ якія! А сапраўды – якія? Адказ на гэтае пытанне карэспандэнт «Зары» паехала шукаць у ДП «ПалітаддзелецАгра», дакладней, у Камоскі, дзе з дня ў дзень, не саступаючы ў майстэрстве жанчынам, працуе Уладзімір Уладзіміравіч Казлоў. Дарэчы, тут за мінулы год усё малако (100%) было гатунку «экстра».


…Гадзіннік адлічыў амаль дванаццаць. Вось-вось пачнецца абедзенная дойка і ў аператара машыннага даення ёсць зусім мала часу для размовы. Чалавек ён нешматслоўны. Нарадзіўся ў Далосцах, пасля арміі пайшоў у жывёлагадоўлю. На ферму ў Камоскі прыйшоў працаваць з самага першага дня, калі пачала дзейнічаць даільная зала. Дагэтуль амаль дваццаць гадоў быў загадчыкам комплексу, так што не па чутках ведае, як цяжка бывае жанчынам. Пэўны час быў у яго дзейнасці перапынак: Уладзімір Уладзіміравіч працаваў у мясным цэху прыватнага прадпрыемства. Аднак лёс зноў завёў у сельскую гаспадарку. Ужо тры гады, як мужчына дзеліць з аператарамі машыннага даення працоўныя будні.


– Як гэта, быць даярам? – хітра ўсміхнуўся мне Уладзімір Уладзіміравіч. – Скажу шчыра: нічога асаблівага тут няма. Няхай і кажуць, што прафесія гэта – жаночая, але я так не лічу. Якая розніца, даярка, даяр, сэнс нашай працы ад гэтага не мяняецца. Рукі аднолькавыя, што ў мужчыны, што ў жанчыны. Галоўнае – гэта працаваць сумленна. Хоць, прызнаюся, хацелася і даказаць, што мужчына можа не горш валодаць гэтай прафесіяй. Мяркую, я не адзіны такі, хто схільны думаць, што аператарам павінен быць мужчына. Усё ж жанчынам працаваць тут цяжка.


Уладзімір Уладзіміравіч мае пасведчанні вадзіцеля і трактарыста. Аднак выбар прафесіі экстраардынарным не лічыць. Калегі-жанчыны таксама прынялі яго добра. З цягам часу прывыклі, пагадзіліся, што даяры павінны быць. Гэта і сіла, і дапамога. Сваёй сумленнай працай Уладзімір Уладзіміравіч змог заслужыць павагу кіраўніцтва гаспадаркі, калег. Таму што, каб быў добры вынік, неабходна не так ужо і шмат: збалансаванае кармленне жывёл, правільнае ўтрыманне і належны догляд. Справу сваю трэба любіць, укладваць у яе душу, тады і будзе адпаведная аддача: 100%-ная захаванасць маладняку, а малако – толькі гатунку «экстра».


…Час бяжыць, жыццё працягваецца. Мужчына абраў нетыповую працу даяра, не пабаяўся пайсці насуперак стэрэатыпам. Што можна сказаць? З такім характарам нічога не страшна. Любыя праблемы вырашальныя. Праўда гэта ці не, рассудзіць ужо толькі час…



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *