Бешенковичский ветеринар отмечен государственной наградой Республики Беларусь — медалью За трудовые заслуги

Они живут рядом

На старонках «Зары» мы часта знаёмім нашых чытачоў з цікавымі падзеямі і лёсамі землякоў, распавядаем пра зменлівасць іх працы, стаўленне да жыцця, хобі і іншае. Сёння хочацца расказаць яшчэ пра аднаго выдатнага спецыяліста, кваліфікаванага, добрасумленнага, ініцыятыўнага працаўніка і проста добрага чалавека, які карыстаецца заслужаным аўтарытэтам і павагай сярод калег, з’яўляецца дэпутатам Верхнякрывінскага сельскага Савета.


Многія, магчыма, ведаюць яго, бо гэты мужчына вось ужо 36 гадоў працуе ў сферы ветэрынарнай медыцыны. За значны асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці і высокія паказчыкі ветэрынарны ўрач ЗАТ «ААБ-Агра Наватар» Міхаіл Валянцінавіч Піскуноў адзначаны дзяржаўнай узнагародай Рэспублікі Беларусь – медалём «За працоўныя заслугі». Мужчына ўпэўнены, што можна займацца любой працай, але быць ветурачом – прызванне. У гэтай прафесіі без любові да жывёл ніяк нельга.


– Праца ветурача цяжкая, але і даволі цікавая, разнастайная, – дзеліцца меркаваннем Міхаіл Валянцінавіч. – Яна ніколі не зможа надакучыць. Ад дзейнасці ветэрынара залежыць жыццё жывой істоты. Трэба мець шмат ведаў, цярпення і індывідуальны падыход да кожнага «пацыента», бо ва ўсіх жывёл, як і ў чалавека, свой характар і звычкі.


Мая малая радзіма – вёска Заезвіна. Жывёлы і птушкі падабаліся з дзяцінства, збіраў пра іх кнігі. Трыццаць гадоў назад скончыў Віцебскі ветэрынарны інстытут. Дарэчы, нядаўна ездзіў на сустрэчу, там многія былыя выпускнікі сабраліся. Узгадалася, як раней, калі толькі пачалі працаваць, дасылалі лісты, раіліся адзін з адным, што будзе лепш для жывёл. Першае месца працы было на Ушаччыне з лютага 1988 года. Я зусім малады быў, таму рады быў любой парадзе. Часта прыязджалі ўрачы з мясцовай райветстанцыі, дапамагалі. Паўтара года там адпрацаваў, потым трапіў сюды. Пэўны час быў інжынерам па ахове працы, аднак папяровая работа – не для мяне, вось ветурач – тут заўсёды трэба быць напагатове, ні на хвіліну не супакоішся. Неяк, гады тры таму, якраз пасля Новага года, патэлефанавалі: карова захварэла, і я першага студзеня з сямі раніцы да трох дня – на працы. Такіх выпадкаў шмат. Бывае, і ў шэсць, і ў пяць гадзін раніцы трэба быць на ферме. Калі заходзіш туды – буронкі вушы насцярожваюць, кагосьці трэба прылашчыць, супакоіць, угаварыць.


Пад пільным вокам наватарскага доктара Айбаліта знаходзяцца тры малочнатаварныя фермы. Між імі ветурач курсіруе штодзень: Ржаўка – Семянцова – Саннікі. Падапечных – безліч.


Гэта чалавек скажа, дзе баліць, а карова не паведаміць, толькі па паводзінах, апушчаных вушах і сумных вачах здагадаешся, што нешта з ёй не тое. Дома ў Міхаіла Валянцінавіча шмат кніг, у якіх неаднаразова знаходзіў парады.


– Толькі калі адпрацаваў гады тры, з’явілася ўпэўненасць, што я нешта магу, – шчыра прызнаецца, усміхаючыся, ветурач. – У чалавека, кажуць, усе хваробы ад нерваў, а ў жывёлы – ад корму. Нязначны збой у працэсе харчавання – і жывёла захварэе. На яе стан уплывае і атмасфера ў калектыве, свядомае стаўленне працаўнікоў. Нас вучылі: калі ветурач ходзіць са шпрыцам – ён не ветурач. Але гэта ідэал, усё роўна і са шпрыцам трэба пахадзіць.


Сям’я, любімая праца і хобі (пчалярства) – усё аднолькава галоўнае для мяне. Раней была вялікая гаспадарка: свінні, авечкі, зразумела, каровы, сабака, кот або кошка. Зараз 20 пчоласем’яў маю, планую заняцца арганічным пчалярствам, але гэта не так проста, бо ёсць адна ўмова: трэба, каб у радыусе 2 км не праводзіліся ніякія сельгасработы. Сёлета паспрабую з дапамогай новага спосабу бульбу вырошчваць.


…Жывёлы ніколі не здрадзяць. Кату, сабаку, карове ўсё роўна, хто ты. Іх любоў цяжка з чымсьці параўнаць, яна безумоўная, асаблівая. Людзям так падабаецца іх лашчыць, бо энергетыка дабратворна ўплывае на нас, супакойвае. Заводзіць дома жывёл трэба – такая парада мясцовага доктара Айбаліта, які штодзень завіхаецца на працы, своечасова выконвае вакцынацыі і апрацоўкі, назначае эфектыўнае лячэнне, а яшчэ аказвае дапамогу не толькі сваім падапечным, але і хатняй жывёле землякоў, як і сапраўдны добры казачны доктар…



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *