Масленицу в Бешенковичах справили в лучших белорусских традициях

Событие

Шумна і весела жыхары гарпасёлка праводзілі зіму і сустракалі вясну на свяце Масленіцы, якое адбылося 26 лютага на цэнтральнай плошчы г. п. Бешанковічы. Сапраўднаму народнаму гулянню не перашкодзіла нават халоднае надвор’е. Настрой ва ўсіх быў выдатным!


Па ўжо існуючай традыцыі ўрачыстасць пачалася з тэатралізаванага прадстаўлення работнікаў культуры «Бывай, Зімачка-Зіма!» з удзелам казачных герояў: Бабы-Ягі, Лесуна, Дзеда Мароза, Вясны і Зімы. Каб нікому не давялося сумаваць, святочны настрой падхапіў канцэрт з удзелам калектываў мастацкай самадзейнасці клубных устаноў раёна. Не прыйшлося сядзець без справы і самым малым удзельнікам свята: для іх была арганізавана праграма гульняў «Вясёлая вёсачка». Песні, загадкі, конкурсы, гульні – усяго было ўдосталь.


Ну якое ж свята без бліноў – абавязковага атрыбута Масленіцы! Яны, безумоўна, маюць рытуальнае значэнне: круглыя, румяныя, гарачыя ўяўляюць сабой сімвал сонца, якое разгараецца ўсё ярчэй, падаўжаючы дні. Таму майстар-клас па выпечцы бліноў «Блін, як сонейка» народнага клуба беларускай нацыянальнай кухні, гульні і фальклору «Бараболя» Вярхоўскага СДК і клуба беларускіх нацыянальных напояў «Крамбамбуля» цэнтральнай раённай бібліятэкі прыйшоўся па душы многім прыдзвінцам. Не пакінула нікога абыякавым і выстава-продаж бліноў, ватрушак, гарачага чаю, рыбнай юшкі «Самабранка – не падманка, а капейчыну давай!». Людзі з задавальненнем частаваліся разнастайнымі прысмакамі.


Для ўсіх жадаючых была арганізавана выстава-продаж вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва майстроў і гурткоўцаў раённага Дома рамёстваў. Свае вырабы дэманстравалі таксама раённы Цэнтр дзяцей і моладзі і аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН. Разнастайныя прысмакі, тавары падрыхтавала для прыдзвінцаў і райпа.


Не абышлося і без традыцыйных святочных забаў – перацягвання каната і падняцця гіры, якія дапамаглі выявіць самых моцных прыдзвінцаў. Так, лепшым у падняцці гіры (45 разоў) стаў С. С. Маціеўскі. У армрэслінгу перамог В. П. Казак, а лепшым у перацягванні каната стаў Д. В. Абалевіч.


Свята парадавала ўсіх гасцей яшчэ адным вясёлым відовішчам: як і ў старажытныя часы мужчыны залазілі на слуп, каб з самага верху сарваць прыз. Раней слупы аблівалі вадой, каб ускладніць задачу, але цяпер гэта выпрабаванне і на часаным слупе здаецца вельмі складаным. На гэты раз слуп з цяжкасцю паддаваўся і нікому не пакарыўся.


Кульмінацыйнай падзеяй свята стала спальванне пудзіла Масленіцы, якое сімвалізуе адыход зімы, раставанне лёду, прыход першага вясновага цяпла і росквіт прыроды. Таксама з Масленіцай гараць усе беды і няўдачы, усё дрэннае ляціць як попел, а застаецца толькі светлае і чыстае…



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *