Настоящий придвинский милиционер

К 100-летию милиции Беларуси

Напоўненая гераічнай рамантыкай, дзякуючы яркім персанажам высакародных вартавых парадку з фільмаў і серыялаў, прафесія міліцыянера заўсёды ўяўлялась ганаровай, небяспечнай і цікавай, справай для сапраўдных мужчын, якія штодзень рызыкуюць жыццём у пагоні за крымінальнымі элементамі. Аднак лёгкай службу ў органах унутраных спраў не назавеш.


Пра гэта і думалася па дарозе ў Астроўна, дзе жыве Рыгор Сяргеевіч Чалаў – вядомая сярод мясцовых жыхароў асоба. Адказны, дысцыплінаваны, эмацыйна ўстойлівы, здольны знайсці асобы падыход да розных людзей, адважны, ветлівы, рашучы, патрабавальны да сябе самога, назіральны, сапраўдны міліцыянер. У сакавіку Рыгор Сяргеевіч адзначыць 71-ы дзень Гаспадар сустрэў яшчэ на вуліцы, праводзіў у пакой, пазнаёміў з гаспадыняй – Марыяй Піліпаўнай. Яны ідуць па жыцці душа ў душу разам 45 гадоў. Маюць сына і дарослага ўнука. А пазнаёміліся муж і жонка на танцах. Прыгожы, упэўнены ў сабе юнак у міліцэйскай форме запрасіў на танец. «Я дрэнна танцую», – адказала дзяўчына. «Затое я – добра», – хітра ўсміхнуўся юнак. Наступны раз сустрэліся выпадкова і хлопец папрасіў дазволу праводзіць Марыю. «Калі маеце вольны час», – такі быў адказ. Напэўна, моцна гэта запала хлопцу ў душу, бо пасля трэцяй сустрэчы ён забраў яе ў Будзілава, дзе пэўны час і жылі.


– У жыцці давялося пабачыць шмат чаго, – пачаў аповед ветэран органаў унутраных спраў. – Нарадзіўся я ў вёсцы Холм, вучыўся ў Сініцкай школе. Да службы ў арміі некалькі месяцаў працаваў трактарыстам. Прыйшоў час апрануць вайсковую форму, і я зрабіў гэта з радасцю. Пасля службы ў арміі прапаноўвалі застацца, але да гэтай працы не ляжала душа. Спачатку чатыры месяцы быў слесарам, а з кастрычніка 1968 года пачаліся працоўныя міліцэйскія будні. На службу ў органы ўнутраных спраў пайшоў па накіраванні райкама камсамола. Асвойваць прафесію дапамагалі інтуіцыя, спецыяльная літаратура і калегі.


Рыгор Сяргеевіч быў участковым упаўнаважаным. Два гады – у Бешанковічах, а калі надышоў час стаць зменай франтавікам і ветэранам праваахоўных органаў такім, як А. Г. Красноўскі, П. С. Лапатачкін, М. Д. Палавінка, пачаў працаваць у Соржыцы, затым – у Астроўне. У гэты час мужчына ўжо скончыў школу міліцыі ў Магілёве. Адным словам, Рыгор Сяргеевіч практычна ўсё жыццё быў участковым інспектарам міліцыі, апошнія гады служыў інспектарам-дзяжурным РАУС. За добрасумленнае выкананне службовых абавязкаў мужчына мае нямала ўзнагарод, у тым ліку медалі «За бездакорную службу» першай і другой ступеняў.


– Вам цікава, чаму я выбраў такую прафесію? Можа, што нарадзіўся ў Дзень Парыжскай камуны, таму і вабілі пагоны, – жартуе Рыгор Сяргеевіч. – Хацелася, каб людзі давяралі і паважалі. Праца складаная, але, калі дапамог чалавеку, то ўвечары, нягледзячы на стомленасць, дадому вяртаўся з радасцю ў душы. Суседзі здзіўляліся, пыталіся, калі я дома бываю. Прыйшоў, пераапрануўся і зноў знік.


Калі б не мая Марыя Піліпаўна, не ведаю, як бы спраўляўся са службай! А выпадкі бывалі розныя. Аднойчы (магчыма, гэта нейкая інтуіцыя мяне падштурхнула) хацеў праверыць у грамадзяніна пашпарт, а той замест дакумента дастаў нож. Аднак мне ўдалося затрымаць гэтага чалавека. Такая прафесія. Я на тое і пастаўлены быў, каб быць у курсе ўсяго, што адбываецца.


…З гонарам Рыгор Сяргеевіч насіў міліцэйскі кіцель да 1991 года. Ён і цяпер прыйшоўся якраз. Пагаварылі, зрабілі фотаздымак. Вось ён, пазірае смела і ўпэўнена. Адразу бачна – вопытны, паважаны чалавек. Але ўсё роўна ёсць нешта ў вачах мужчыны ад таго ўзнёслага, рамантычнага юнака, мужчыны, які столькі гадоў прысвяціў любімай справе, усё жыццё ахоўваючы закон і правапарадак… Моцнага здароўя Вам, Рыгор Сяргеевіч! Шчасця, невычэрпнай жыццёвай энергіі, аптымізму і бадзёрасці духу!..



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *