Трудолюбивые люди Придвинского края

Человек и его дело

Хто любіць працаваць, таго і людзі шануюць. Гэта збітая простая ісціна, якая большасцю з нас успрымаецца алегарычна, для Галіны Анатольеўны Хмызавай – працоўныя будні і пытанне рэпутацыі. Аднак акрамя майстэрства ў сферы паслуг вельмі важныя асабістыя якасці. Да злосных швачак людзі не ідуць, пераканана працаўніца, маці дваіх дзяцей і бабуля траіх унукаў па сумяшчальніцтве.


Вось ужо сапраўды: прыгожа шыць не забароніш. Нават калі гаворка ідзе не пра гатовы выраб, а ўсяго толькі пра строчку. Бо без роўнага, майстэрскага шва ніколі не з’явіцца добрая рэч.


– Сучаснай моладзі гэта рамяство не зусім падабаецца, – заўважыла Г. А. Хмызава. – Яна ідзе вучыцца, наіўна мяркуючы, што выбірае лёгкі шлях: на швачку заўсёды возьмуць. Але асабіста я ўпэўнена: не варта займацца тым, да чаго душа не ляжыць.


Прыдумляць і шыць разнастайныя ўбранні Галіна Анатольеўна пачала ў дзяцінстве. Першымі мадэлямі, як гэта водзіцца ў любой дзяўчынкі, былі, вядома ж, лялькі. Неўзабаве паспрабавала шыць на сябе, абмерваючы сантыметрам толькі самыя асноўныя параметры і малюючы выкрайкі амаль наўздагад. Гэта ўжо потым у вучылішчы яна асвойвала розныя швейныя прамудрасці. Паступова папаўнялася і «кліентура». Галоўнымі мадэлямі сталі дочкі – Надзея і Кацярына. Шыла вопратку і для сябе. Цяпер у адзенні, створаным рукамі бабулі, дэфілююць яе ўнукі, здзіўляючы ўсіх сваім непаўторным і індывідуальным выглядам.


З вуснаў Галіны Анатольеўны працэс шыцця здаўся мне настолькі лёгкім і падуладным любому дылетанту, а на самай жа справе, тут далёка не ўсё так проста.


– Па адукацыі я закройшчыца мужчынскага і жаночага адзення, – тлумачыць сваю прыналежнасць прафесіі майстрыха. – Шыю з таго часу, як паступіла ў Віцебскае тэхнічнае вучылішча №19 у далёкім 1977 годзе, так што сферу паслуг ведаю не па чутках. Быў час, калі мне давялося сысці з прафесійнай нівы, але шыць я і тады не пераставала. З цягам часу зразумела што не магу без гэтага. На шчасце, у той час у Бешанковічах адкрывалася ТАА «Бель Бімба плюс».


Пераступіўшы парог швейнага прадпрыемства, Галіна Анатольеўна знайшла тут сваё прызванне і засталася вернай прафесійнаму выбару на доўгія гады. Тут жанчына працуе з дня яго заснавання. Сёння яна – майстар швейнага цэха №2 ТАА «Бель Бімба плюс».


– Наогул, працуем з любымі відамі тканін, шыем вопратку для дзяцей, – кажа працаўніца. – Ёсць даволі складаныя мадэлі, але быў бы навык, а час знойдзецца. Дарэчы, вучыцца даводзіцца і зараз, нягледзячы на багаты прафесійны вопыт. На прадпрыемства прыходзяць новыя людзі. дапамагаючы ім унікнуць у спецыфіку работы, вучуся сама.


Так, жыццё пражыць – не поле перайсці. Аднак, як вядома, цяжкасці загартоўваюць. А таму, напэўна, і па сённяшні дзень у жанчыне столькі энергіі і сіл. І хай менавіта так будзе заўсёды!



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *