Е. О. Щука — одна из лучших доярок в Бешенковичском районе

Заботы сельские

У рамках рэспубліканскага прафсаюзнага фестывалю «Працоўныя таленты», ініцыяванага Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі, на базе школы-фермы «Вучгас БСГА» ў Горках (Магілёўская вобласць) прайшоў рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства «Беларускі майстар-2017» па прафесіі аператар машыннага даення.


Гэта малочна-таварная вытворчасць як нельга лепш прыстасавана да такіх конкурсных эксперыментаў, бо першапачаткова школа-ферма будавалася для практычных заняткаў студэнтаў Беларускай сельгасакадэміі. Канкурсанты, а іх было 24 чалавекі (па чатыры прадстаўнікі ад кожнай вобласці нашай краіны), былі роўныя па майстэрству, энтузіязму і жаданні перамагчы. Кожная з даярак ехала на конкурс са шчырым жаданнем не толькі памерацца сілай, але і падзяліцца вопытам.


Прыемна, што сярод прадстаўніц Віцебшчыны, якім пашчасціла абараняць гонар вобласці, была і наша зямлячка – аператар машыннага даення філіяла «Свіціна-ВМК» ААТ «Віцебскі мясакамбінат» Алена Алегаўна Шчука. Каб зразумець, у чым сакрэт поспеху даяркі і пацікавіцца асабістымі ўражаннямі вясковай жанчыны, мы накіраваліся на МТК «Вярхоўе», дзе працуе ўдзельніца рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства.


Алену Алегаўну мы засталі за работай: якраз ішла абедзенная дойка, маладая жанчына завіхалася ля сваіх красунь, ласкава гладзіла то адну, то другую буронку па галаве і нешта прыгаворвала. Здаецца, бясконца любаваўся б, назіраючы за апантанай працай руплівай і адказнай жанчынай.


«Алена Алегаўна заслужыла такой пашаны – прадстаўляць Віцебшчыну на рэспубліканскім конкурсе – сваёй карпатлівай працай, адносінамі да людзей і ўвогуле стылем жыцця, – лічыць дырэктар філіяла «Свіціна-ВМК» Л. П. Мамойка. – Надоі ў яе групе радуюць. Простая ў гутарцы, сціплая, з адкрытай душой, добрая матуля… Усё гэта пра нашу Алену».


Сапраўды, А. А. Шчука – адна з лепшых даярак не толькі ў «Свіціне-ВМК», але і ў раёне. Летась жанчына стала пераможцай раённага спаборніцтва сярод аператараў машыннага даення. Яна можа шмат расказваць пра тэхналогію даення і кармлення, пра сваіх каровак – рэкардсменку Піяністку, што дае за дзень да 38 кілаграмаў малака, і любімую буронку Дзетку. Па ўсяму бачна, што Алена Алегаўна ведае і любіць сваю работу, хаця працуе даяркай усяго восем гадоў – чатыры з іх у «Свіціне-ВМК».


«Ніякага прафесійнага сакрэту ў мяне няма, – адказала на наша пытанне А. А. Шчука, – проста трэба любіць сваю работу. Калі жывёла накормлена і не хварэе, плён будзе». Але ж вернемся да рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства «Беларускі майстар-2017».


На думку Алены Алегаўны, спаборніцтва, па сутнасці, стала гімнам прафесіі. «Павага да нас, даярак, дэкларавалася прама з парога – удзельніц сустракалі як ганаровых гасцей. Думаю, гэту павагу мы заслужылі. Дзіўная добразычлівасць журы ўсяляла ўпэўненасць і стварала добры настрой», – падзялілася свіцінская даярка.


Як і раённы, рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства складаўся з двух этапаў. Спачатку канкурсанткі трымалі іспыты па тэорыі. Галоўным этапам спаборніцтва, вядома ж, стала практычная частка. Аператарам трэба было выканаць конкурснае заданне: разабраць і сабраць даільны апарат, паказаць клас работы на ўстаноўках тыпу «елачка» і «паралель». Прадстаўнікі Віцебскай вобласці годна справіліся з прапанаванымі заданнямі: вынік – агульнакаманднае чацвёртае месца. У асабістым заліку Алена Шчука заняла шостае месца ў турнірнай табліцы конкурсу.


Праца аператара машыннага даення за апошнія гады стала больш камфортнай і прэстыжнай, а вынікі працы прадстаўніц малочнай галіны краіны радуюць. Як прагучала на рэспубліканскім конкурсе прафмайстэрства «Беларускі майстар-2017» з вуснаў намесніка міністра сельскай гаспадаркі Ігара Вячаслававіча Брыло, летась у Беларусі рукамі гэтых людзей надаілі 7 мільёнаў тон малака, забяспечыўшы краіну малочнай прадукцыяй. Асвойваюцца і рынкі больш за 60 замежных дзяржаў. Згадзіцеся, мы маем поўнае права ганарыцца такімі працалюбівымі людзьмі, як Алена Шчука!



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *