21 июня в Бешенковичском районе прямую телефонную линию проведёт главный инженер Бешенковичского района газоснабжения ПУ Чашникигаз

Новости района

Да пятага Усебеларускага народнага сходу засталося менш за тыдзень. Круг дэлегатаў, якія паедуць на найважнейшы грамадска-палітычны форум для прыняцця важных дзяржаўных рашэнняў, самы шырокі: ад кіраўнікоў да простых рабочых.


У іх ліку і наша зямлячка – Любоў Аркадзьеўна Дзеравяга, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце СШ №2 г. п. Бешанковічы. Яе працоўны стаж у сферы адукацыі складае 17 гадоў. Вучылася Любоў Аркадзьеўна ў БДУ на гістарычным факультэце. Такую прафесію яна абрала таму, што хацела быць падобнай на сваю настаўніцу гісторыі Аксану Ігнацьеўну Асаевіч. Мара спраўдзілася, і сёння Л. А. Дзеравяга адбылася як прафесіянал у сваёй справе. Мы сустрэліся з Любоўю Аркадзьеўнай, каб пацікавіцца: што чакае педагог ад маючага адбыцца народнага веча, і якія тэмы будуць ёй найбольш цікавыя?


– Такая форма народаўладдзя, як Усебеларускі народны сход, арганічна ўпісваецца ў палітычную сістэму беларускай дзяржавы, аснова якой – вызначэнне асноўных напрамкаў і параметраў развіцця рэспублікі, выпрацоўка плана эканамічнага і сацыяльнага развіцця краіны на будучы пяцігадовы тэрмін, – кажа Л. А. Дзеравяга. – Прынцыповы ўлік меркаванняў людзей, мэтанакіраваная праца па рэалізацыі іх пажаданняў дазваляюць кожнаму з нас рэальна адчуваць сябе грамадзянінам Беларусі ў поўным сэнсе гэтага высокага звання.


Безумоўна, гэта ганаровая місія і вялікая адказнасць – прадстаўляць Бешанковіччыну на Усебеларускім народным сходзе, які, без перабольшвання, з’яўляецца вышэйшым форумам краіны. Таму я б хацела сказаць словы ўдзячнасці ўсім землякам, якія падтрымалі маю кандыдатуру ў якасці дэлегата. Пры гэтым я разумею і ўсю адказнасць, паколькі ўсяго 5 чалавек ад нашага раёна паедуць на народнае веча.


Пра што будуць гаварыць? Думаю, пра самае надзённае, пра тое, што сёння з’яўляецца топавымі тэмамі ў мас-медыя: інавацыі, высокія тэхналогіі, экспарт і інвестыцыі, развіццё малога і сярэдняга бізнесу, аднаўленне тэмпаў эканамічнага росту, словам, пра базу, на якой мяркуецца забяспечыць якаснае развіццё нашай эканомікі ў 2016-2020 гадах.


Упэўнена, што на чарговым усенародным форуме будзе абмяркоўвацца і шмат пытанняў, якія датычацца сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь, яе мадэрнізацыі і далейшага развіцця. Мабыць, хацелася б абмеркаваць на Усебеларускім народным сходзе ролю педагога ў сучасным грамадстве. Бо сёння перад намі пастаўлена задача – стварыць умовы для якаснай адукацыі і павышэння ўзроўню ведаў вучняў. Думаю, мы з гэтай прыярытэтнай задачай справімся. А яшчэ хачу пажадаць дабра нашаму агульнаму дому – Рэспубліцы Беларусь!



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *