Факты об образовании Бешенковичского района

К 570-летию Бешенкович

17 ліпеня 1924 года 2-я сесія ЦВК БССР прыняла пастанову «Аб адміністрацыйна-гаспадарчым дзяленні БССР», адпаведна якой былі ўтвораны Бешанковіцкі раён у складзе Віцебскай акругі і Ульскі раён у складзе Полацкай акругі. Бешанковіцкі раён у той час падзяляўся на 13 сельсаветаў.


20 жніўня ў памяшканні Бешанковіцкага валаснога Савета адбылося пасяджэнне арганізацыйнага камітэта, які разгледзеў наступныя пытанні: аб стварэнні райвыканкама; аб афармленні сельсаветаў; аб скліканні раённай партыйнай канферэнцыі; аб скліканні раённай беспартыйнай сялянскай канферэнцыі. Тройка пастанавіла стварыць раённы выканаўчы камітэт з 9 чалавек. А райвыканкам у сваю чаргу зацвердзіў старшынь і сакратароў створаных сельсаветаў.


Як і планавалася, 26 жніўня 1924 года адбылася 1-я раённая партканферэнцыя. На ёй было выбрана бюро РК КП(б)Б: Кейсман і Мандрык – члены бюро, Марголіс і Дунаеў – кандыдаты. Са справаздачай выступіў Кейсман. Ён расказаў прысутным аб прычынах новага раяніравання – наблізіць уладу да насельніцтва. На работу ў сельскія Саветы пасылаліся, як правіла, партыйцы, а таксама дэмабілізаваныя чырвонаармейцы.


31 жніўня прайшла шырокая беспартыйная канферэнцыя сялян раёна. У яе рабоце прыняў удзел 231 чалавек. На абмеркаванне былі вынесены наступныя пытанні: аб міжнародным становішчы; аб сельскагаспадарчым падатку; аб двухтыднёвіку школ. Райкамам партыі надавалася народнай асвеце ў той час самая пільная і выключна сур’ёзная ўвага.


У раёне ў канцы 1923–1924 навучальнага года налічвалася 38 школ, з іх 17 мелі ўласныя памяшканні, 11 – наёмныя. 80 працэнтаў настаўнікаў – з сялян, астатнія 20 працэнтаў – з іншага саслоўя. Усяго вучняў налічвалася паўтары тысячы чалавек. Бюро райкама прыняло шэраг канкрэтных мер па аказанні дапамогі школе. Праз два месяцы, 18 кастрычніка, пленум райкама партыі заслухаў справаздачу загадчыка РАНА Марголіс. Яна паведаміла, што ў раёне налічваецца 30 аднакамплектных школ, 8 – двухкамплектных, у т. л. 1 – яўрэйская і 1 – сямігодка. Уласныя памяшканні маюць 16 школ, 23 – наёмныя. Для ўсіх школ ёсць тысяча кніг. На 90 працэнтаў школы адрамантаваны ў час правядзення двухтыднёвіка. Школьны радыус – тры вярсты. 80 працэнтаў вучняў – дзеці сялян. У грамадскай рабоце ўдзельнічаюць 40 працэнтаў настаўнікаў, каля 15 працэнтаў школьных работнікаў – выхадцы з духоўнага асяроддзя.


Райарганізатар ЛКСМБ (сакратар райкама камсамола) Рудзінскі паведаміў пленуму, што ў раёне налічваецца каля 200 камсамольцаў. У дзвюх школах створаны піянерскія атрады: у Бачэйкаўскай – 23 чалавекі, у Бешанковіцкай – 150 чалавек. Бачэйкаўская камсамольская ячэйка – самая лепшая ў раёне, у яе наладжана цесная сувязь з вясковымі ячэйкамі і Акадэміяй РККА. З вясковых ячэяк лепшая – Забалоцкая. Яшчэ раней, 3 жніўня, на пасяджэнні бюро райкама партыі абмяркоўвалася пытанне паляпшэння медыцынскага абслугоўвання насельніцтва, паколькі бальніца ў Бешанковічах знаходзілася ў цяжкім становішчы – не хапала абсталявання, паліва. Адчувалася вострая неабходнасць адкрыцця ў раёне яшчэ трох фельчарска-акушэрскіх пунктаў.


У 1923–1925 гадах аднавілі сваю работу Бешанковіцкі і Бачэйкаўскі цагельныя заводы. На працягу 1926–1927 гадоў на Бешанковіцкім цагельным заводзе пабудаваны новыя і значна пашыраны старыя сушыльныя збудаванні і печ для абпалу, што дазволіла падвоіць вытворчасць цэглы. Ішло істотнае рэканструяванне прамысловай арцелі «Чырвоны ваціннік», майстэрань кравецка-шавецкага кааператыву. У сярэдзіне 1920-х гадоў ажыццёўлены шэраг мерапрыемстваў па ўздыме сельскай гаспадаркі: аказвалася дапамога бядняцкім і серадняцкім гаспадаркам, эканамічна заахвочвалася ўзнікненне калектыўных гаспадарак.


Партыйная ячэйка ў Бешанковічах была па-ранейшаму адной з самых дзеяздольных. У 1927 годзе ў ёй налічвалася 7 членаў партыі і 7 кандыдатаў. Бюро местачковай ячэйкі, у склад якога уваходзіла тры чалавекі, узначальваў адказны сакратар Навугольны. Важную ролю яна адыгрывала ў жыцці мястэчка, насельніцтва якога было дастаткова шматнацыянальным. Прывядзём некалькі цікавых лічбаў і фактаў з жыцця тагачасных Бешанковіч. Са справаздачы местачковага камітэта нацыянальнага Савета за перыяд з 1 лютага 1927 года па 1 лютага 1928 года бачна, што ў Бешанковічах разам са Стрэлкай пражывала 2870 чалавек, у тым ліку яўрэяў – 1740, беларусаў – 1087, палякаў – 22, латышоў – 3, рускіх –1. Па родзе заняткаў налічвалася: земляробаў – 78 сем’яў, кустароў-паўземляробаў –412, гандляроў і пазбаўленых выбарчых правоў – 98 сем’яў, сем’яў, якія жылі за кошт Амерыкі (былі і такія!) – 48, часткова жабрацкіх – 5-8 сем’яў. Цікава, што на 148 сем’яў, звязаных з земляробствам, мелася 190 дзесяцін зямлі.


Уладу ў Бешанковічах ажыццяўляў нацыянальны Савет з 14 чалавек (9 яўрэяў і 5 беларусаў). З іх служачых – 5, кустароў –4, сялян –2. Мужчын – 13. Партыйных – 1. Камсамольцаў – 5.


У Бешанковічах працавалі 3 школы, дзе навучалася каля 90 працэнтаў дзяцей. За год ліквідавалі непісьменнасць 76 чалавек дарослага насельніцтва. Прапускная здольнасць мясцовай лазні была ўсяго 125 чалавек у тыдзень. Для насельніцтва арганізавана бясплатная медыцынская дапамога. Жыхары мястэчка выпісвалі 178 газет і часопісаў.


Анатоль КРАЧКОЎСКІ, краязнаўца.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *