На прошлой неделе в Бешенковичском районе начался сезон заготовки кормов

Заботы сельские

На мінулым тыдні ў раёне распачаўся сезон нарыхтоўкі кармоў. Гаспадаркі актыўна ўключаюцца ў працу. Першымі на палеткі выйшлі вядзераўскія рупліўцы, у суботу далучыліся палітаддзельцы, затым – сельгасвытворцы ААТ «Бешанковічы аграсэрвіс», наватарцы і свіцінцы.


«Зялёны канвеер» дзейнічае зладжана, усё ж такі адна каманда. Днямі мы завіталі на палеткі ДП «ПалітаддзелецАгра». Па аператыўных дадзеных, у гаспадарцы скошана 160 га, падабрана 1155 тон, нарыхтавана 1040 тон сенажу.


Бязмежныя палі нібы разлінаваныя: сляды ад камбайнаў і трактароў уюцца стужкай на зялёных прасторах. З раніцы да вечара тэхніка ў полі, але для механізатараў гэта няпростая справа ўжо звыклая.


– Сёлета нарыхтоўка кармоў пачалася пазней. Неспрыяльнае надвор’е затрымала пачатак «зялёнага жніва», – расказвае галоўны аграном гаспадаркі В. Ю. Аўчыннікаў. – Таму зараз самая галоўная каштоўнасць – гэта час. Хутчэй будзем весці ўборку – меншая верагоднасць, што трава перасохне, значыць, і якасць корму будзе лепшай. Узнагародай за правільна спланаваную і праведзеную корманарыхтоўку будзе паляпшэнне стану здароўя жывёл і, вядома, высокія надоі.


Знайсці час для гутаркі механізатарам няпроста – тут кожная хвіліна дарагая. Але настрой ва ўсіх баявы: ідзе гарачая пара, калі зямля асабліва багатая і ўрадлівая. Багатая яна і на добрасумленных работнікаў. На «КВК-800» заняты Андрэй Міхайлавіч Аўчыннікаў. Адвозяць зялёнку на «МТЗ-2822» Дзяніс Аляксандравіч Бадзяка, на «МТЗ-1221» – Руслан Яўгенавіч Чачанец, Аляксандр Валянцінавіч Сімака, на «МТЗ-3522» – Віктар Іванавіч Гарбачэўскі. На касьбе ў гаспадарцы задзейнічаны на «КПР-9» Сяргей Аляксандравіч Гусакоў, на «КДН-2,6» – Сяргей Пятровіч Марозаў і Яўген Віктаравіч Апатаў. На «МТЗ-82» з граблямі шчыруюць Аляксандр Анатольевіч Макараў і Ігар Леанідавіч Ткачонак. Нарыхтоўваць і прэсаваць сена даручана на «МТЗ-82» адпаведна Васілю Кірылавічу Кавалёнку і Аляксандру Уладзіміравічу Талстому.


Хоць працаўнікі і разумеюць усю адказнасць аграрнай справы, але пра работу расказваюць сціпла. Яна ж у палітаддзельскіх рупліўцаў ідзе няспынна. Побач з «КВК» снуюць трактары – верныя памочнікі механізатараў. Пасля кароткай размовы працаўнікі спяшаліся за штурвалы, а наш шлях ляжаў далей, на сянажную траншэю. Дарэчы, у ДП «ПалітаддзелецАгра» на момант нашага візіту пачалі закладваць ужо другую. На трамбоўцы тут шчыруюць Пётр Фёдаравіч Марозаў на «К-744» уночы і Сяргей Аляксандравіч Радкевіч на «К-701» удзень. Сяргей Аляксандравіч, які працуе ў сельскай гаспадарцы ўжо гадоў 10, паведаміў, што галоўнае тут – не спыняцца, трамбоўка павінна ісці раўнамерна і няспынна. Ля траншэі мы сустрэліся таксама з Зояй Іванаўнай Ерашовай, загадчыцай МТФ «Лабачова». Жанчына адзначыла, што вільготнасць і тэмпература пры закладцы траншэі трымаюцца ў межах нормы. Кожныя тры гадзіны яны вымяраюцца. Апошні паказчык вільготнасці – 60%, тэмпературы – 30 0С.


Як адзначылі самі механізатары, барометр поспеху – спраўная тэхніка. Калі так, то ўсе работы пройдуць на «ўра». У полі ніколі не бывае лёгка, але ці можа хоць адна справа быць без цяжкасцей?



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *