В Бешенковичском районе приём граждан проведёт начальник землеустроительной службы Витебского облисполкома

Новости района

7-8 чэрвеня ў Мінску праходзіў III Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Галоўная яго мэта застаецца нязменнай – пашырэнне беларуска-расійскага рэгіянальнага супрацоўніцтва і садзейнічанне ўсталяванню прамых кантактаў паміж прадпрыемствамі і арганізацыямі ў сацыяльна-эканамічнай, навукова-адукацыйнай, культурна-гуманітарнай і іншых сферах. Спецыяльна да Форуму рэгіёнаў прымеркавалі і адкрыццё 26-й Міжнароднай спецыялізаванай выставы «Белагра-2016», якая праходзіла ў рамках Беларускага аграпрамысловага тыдня.


Экспазіцыя выставы размяшчалася на пляцоўцы аэрапорта «Мінск-1», яе плошча склала 31271 кв. м. Удзел у «Белагра-2016» прынялі 535 кампаній з 23 краін свету. Калектыўныя экспазіцыі на выставе прадставілі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, Міністэрства прамысловасці, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях, канцэрны «Белнафтахім», «Беллегпрам», «Белдзяржхарчпрам», Белкаапсаюз, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, іншыя міністэрствы і ведамствы, а таксама прыватны сектар і фермерскія гаспадаркі.


Ганаровымі гасцямі выставы сталі Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін, члены парламентаў і ўрадаў абедзвюх краін.


Намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка падчас афіцыйнага адкрыцця Міжнароднай спецыялізаванай выставы «Белагра-2016» адзначыў, што Беларусь 7-8 гадоў таму цалкам вырашыла пытанне харчовай бяспекі. Беларусы забяспечаны прадуктамі харчавання, краіна выйшла на сусветны паказчык па зборы збожжа на чалавека, на ўраджайнасць 38 ц/га, а таксама мы вырашылі прынцыповую задачу – экспарт прадуктаў харчавання стаў адным з асноўных артыкулаў экспарту краіны. У 2015 годзе на экспарце мяса-малочнай прадукцыі краіна зарабіла 6 млрд долараў. Акрамя таго, АПК атрымаў сучасную тэхніку і на 100% закрыта патрэба ў ёй сельскагаспадарчай вытворчасці.


На выставе «Белагра-2016» было прадстаўлена больш за 300 высокатэхналагічных навукова-тэхнічных і інавацыйных распрацовак. Дарэчы, годнае месца тут занялі і прадпрыемствы мяса-малочнай, перапрацоўчай галіны і машынабудавання Віцебшчыны. 15 прадпрыемстваў-экспарцёраў Віцебскай вобласці, у асноўным з гарадоў Віцебск, Орша, Полацк і Наваполацк, а таксама прадстаўнікі канцэрнаў «Мяса-малочныя прадукты» і «Белдзяржхарчпрам» прыехалі ў Мінск, каб сустрэцца на форуме са сваімі дзелавымі партнёрамі з надзеяй заключыць кантракты на суму больш за 1 млрд расійскіх рублёў.


Развіццё сельскай гаспадаркі ў краіне сёння ідзе хуткімі тэмпамі. І Віцебшчыне ў гэтым кірунку таксама ёсць чым ганарыцца. Напрыклад, ААТ «Віцебскі маторарамонтны завод» прадставіў на выставе свае інавацыйныя распрацоўкі і імпартазамяшчальныя праекты – механічную навясную зернетукавую сеялку СЗТМ-4Н, сцэпку СС-12. Высокатэхналагічную прадукцыю дэманстраваў Віцебскі завод ветпрэпаратаў. РУП «Віцебскае племпрадпрыемства» прывезла на выставу племянных матак і барана-вытворцу пароды «Раманаўская», племянных ярак і барана-вытворцу пароды «Тэкстыль» (комплексны клас «Эліта»), быка-вытворцу пароды «Герафордская».


Напэўна, ніхто не будзе аспрэчваць, што здароўе знаходзіцца ў малочных прадуктах. Удзельнікі выставы «Белагра-2016» змаглі пераканацца ў гэтым, паспрабаваўшы прадукцыю ААТ «Малако» (г. Віцебск), Пастаўскага малаказавода, Лепельскага малочнакансервавага і Аршанскага малочнага камбінатаў і іншых.


Моду на здаровае харчаванне падтрымалі і мясаперапрацоўчыя прадпрыемствы. Яны звярнулі ўвагу гасцей і партнёраў на дыетычнае, узбагачанае вітамінамі і мінераламі мяса індычкі. У прыватнасці, ААТ «Птушкафабрыка Гарадок» на выставе прадставіла астуджаную прадукцыю з індычкі, а Віцебская бройлерная птушкафабрыка «Ганна» і Аршанскі мясакансервавы камбінат – гатовую прадукцыю.


Немагчыма было прайсці міма разнастайных прысмакаў ад кандытарскага камбіната «Віцьба» і Віцебскага мясакамбіната («Мясковит»). Свае вырабы прэзентавалі таксама Полацкі і Аршанскі камбінаты хлебапрадуктаў. Сярод гандлёвых сетак было прадстаўлена ТАА «Гандлёвы дом «АРІС» Аршанскай інтэграванай структуры, створанай на базе 11 прадпрыемстваў рэгіёна. Талачынскі кансервавы завод прэзентаваў натуральныя сокі ў тэтра-пакетах «Фрута-крута» (гэта таксама імпартазамяшчальны праект).


Дарэчы, віцебскія вытворцы атрымалі добрую магчымасць заявіць пра сябе. У цэлым гандлёва-эканамічныя сувязі Віцебскай вобласці з расійскімі рэгіёнамі ўстойлівыя, наменклатура паставак склалася даўно. Яе штогадовае змяненне дыктуе рынак. Сярэднегадавы аб’ём тавараабароту апошнія 5 гадоў складае каля 4,5 мільярда долараў.


«Неабходна адзначыць скарачэнне аб’ёму адмоўнага сальда на 164,5 млн долараў. Тэмп росту экспарту перавысіў 100% у Варонежскую, Іванаўскую, Калужскую, Ліпецкую вобласці – усяго 33 рэгіёны. Пачаты пастаўкі ў Амурскую вобласць, Рэспубліку Тыва», – адзначыў начальнік аддзела стратэгічнага планавання экспартнай дзейнасці камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Ціханаў.


У Расію сёння пастаўляецца больш за 400 найменняў тавараў. Запатрабаваныя мяса-малочныя вырабы, абутак, трыкатаж, упаковачныя і будаўнічыя матэрыялы, кабельная прадукцыя і прадукцыя хімічнай прамысловасці. Суб’екты гаспадарання вобласці супрацоўнічаюць з усімі 8 федэральнымі акругамі Расійскай Федэрацыі і 76 рэгіёнамі з 95. Асноўнымі і значнымі партнёрамі з’яўляюцца Цэнтральная, Паўночна-Заходняя, Прыволжская і Сібірская акругі. У пяцёрку галоўных партнёраў па экспарце традыцыйна ўваходзяць Маскоўская вобласць, Масква, Смаленская вобласць, Санкт-Пецярбург і Татарстан. Асноўны аб’ём паставак тавараў прыходзіцца таксама на Пскоўскую, Бранскую, Ленінградскую, Наўгародскую, Ніжагародскую, Свярдлоўскую вобласці.


Больш падрабязна пра тое, як Віцебшчына была прадстаўлена на Міжнароднай спецыялізаванай выставе «Белагра-2016» чытайце ў бліжэйшых нумарах «Зары».