День Независимости Республики Беларусь и 570-й день рождения Бешенковичи отметили ярко

Событие

Галоўнае свята беларускай дзяржаўнасці адзначаецца штогод трэцяга ліпеня ў гонар вызвалення сталіцы Беларусі, Мінска, ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1944 годзе.


Так ужо склалася, што многія беларускія гарады ў гэты дзень таксама святкуюць свае імяніны. Вось і Бешанковічы трэцяга ліпеня адзначылі свой 570-ы дзень нараджэння ўшаноўваннем ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і працы, лепшых прадстаўнікоў раёна, выставамі, конкурсамі, акцыямі, канцэртнымі праграмамі, спартыўнымі спаборніцтвамі. І нават дажджлівае надвор’е не змагло азмрочыць настрой прыдзвінцаў, якія сабраліся ў цэнтральным парку на юбілей роднага гарпасёлка.


Ад удзячных нашчадкаў


Старт святочным мерапрыемствам пад гукі званоў Свята-Ільінскага храма дала акцыя «Памяць», у рамках якой кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі працоўных калектываў усклалі вянкі да падножжа помніка У. І. Леніну на цэнтральнай плошчы і мемарыяла ў парку камсамольцаў. Даніну павагі загінуўшым аддалі на брацкай магіле каля СШ №2 г. п. Бешанковічы, на Алеі Славы.


Да падножжа Кургана Славы, дзе сабраліся галоўныя віноўнікі ўрачыстасці – героі Вялікай Айчыннай вайны і ветэраны працы, вянок усклалі выконваючы абавязкі старшыні райвыканкама С. Г. Акуневіч і старшыня райсавета дэпутатаў Г. М. Шведаў, а члены ГА «БРСМ» – гірлянду. Сяргей Генадзьевіч паціснуў руку кожнаму ветэрану, пажадаў абаронцам Айчыны здароўя і працвітання.


Затым свята перамясцілася ў цэнтральны парк, над якім кружыў верталёт з Дзяржаўным сцягам. Кіраўнік раёна звярнуўся да прысутных з прывітальным словам. «Дзень Рэспублікі займае галоўнае месца ў лёсе нашай Радзімы і з’яўляецца самым дарагім у жыцці нашага народа, выклікае найвышэйшы духоўны ўздым і яднанне ўсіх, хто шануе слаўную гісторыю роднага краю і верыць у яго шчаслівую будучыню. Абараніўшы свабоду і незалежнасць Айчыны, беларускі народ унёс вялікі ўклад у разгром фашызму, выяўляючы нязломную волю, смеласць духу і сілы. Шлях да незалежнасці быў цяжкім і крывавым, – падкрэсліў Сяргей Генадзьевіч. – Кожны трэці загінуў, памёр ад ран, быў пакалечаны. Спаленыя гарады і вёскі, выпаленая зямля. За свабоду малой радзімы змагаўся кожны жыхар Прыдзвіння. Сем нашых землякоў удастоены звання Героя Савецкага Саюза».


На стваральную працу і шчаслівае жыццё прыдзвінцаў блаславіў настаяцель Свята-Ільінскага храма Віталь Кісель.


Імі ганарыцца Бешанковіччына


На галоўнай сцэне свята адбылася цырымонія ўшанавання ветэранаў вайны і працы. Падарункі з рук кіраўніка раёна прымалі Героі-Пераможцы Дзмітрый Нічыпаравіч Агейчанка, Міхаіл Ігнатавіч Бабаед, Канстанцін Карпавіч Вялічка, Сяргей Несцеравіч Карась, Павел Фёдаравіч Гнеўка, Іван Іосіфавіч Захарчанка, а таксама заслужаны лесавод Рэспублiкi Беларусь, узнагароджаны ордэнамі «Знак Пашаны» і Працоўнага Чырвонага Сцяга, Мікалай Апанасавіч Лабкоў, які 35 гадоў узначальваў Бешанковіцкі лясгас, 17 гадоў быў старшынёй раённай ветэранскай арганізацыі; Фёдар Міхайлавіч Артамонаў, што плённа працаваў старшынёй калгаса імя Дзімітрава, дырэктарам саўгаса імя Каранеўскага, і Валянціна Ільінічна Гатоўка – настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы №2 г. п. Бешанковічы, узнагароджаная ордэнам «Знак Пашаны».


За шматгадовую добрасумленную працу і ў сувязі з 570-годдзем гарпасёлка Бешанковічы Ганаровай граматы райвыканкама ўдастоены: Ігар Аскера, слесар аварыйна-аднаўленчых работ Бешанковіцкага РГЗ філіяла ВУ «Чашнікігаз»; Фёдар Ганчароў і Аляксей Курносаў, трактарысты-машыністы ЗАТ «ААБ-Агра Наватар»; Дзмітрый Карась, начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі РАУС; Раман Качан, майстар будаўнічых і мантажных работ ДЛГУ «Бешанковіцкі лясгас»; Таццяна Кандраценка, галоўны бухгалтар райбальніцы; Кацярына Мароз, старшая медыцынская сястра тэрапеўтычнага аддзялення райбальніцы; Мікалай Савіла, машыніст бульдозера УП «Бешанковіцкае ПМС»; Дзмітрый Смігельскі, цясляр 4-га разраду УП «Бешанковіцкая ПМК-41»; Валянціна Станкевіч, загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму ТЦСАН; Алена Ядрэўская, кіраўнік народнага аркестра народных інструментаў.


Падзяка старшыні райвыканкама аб’яўлена: Аляксандру Адамовічу, участковаму інспектару міліцыі аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі РАУС; Таццяне Воранавай, вядучаму ветурачу-эпізаатолагу Бачэйкаўскай участковай ветлячэбніцы; Наталлі Варахобка, загадчыцы аптэкі райбальніцы; Сяргею Ермаковічу, галоўнаму механіку УП «Бешанковіцкае ПМС»; Вользе Акуневіч, аператару ПЭВМ Бешанковіцкага РГЗ філіяла ВУ «Чашнікігаз»; Марыне Папко, загадчыцы Бачэйкаўскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі; Генадзю Пралічу, вадзіцелю аўтамабіля ДЛГУ «Бешанковіцкі лясгас»; Алене Раманавай, спецыялісту па сацыяльнай рабоце ТЦСАН; Валянціне Ушал, настаўніку па класе фартэпіяна філіяла аг. Ула Бешанковіцкай ДШМ.


«Рукатворныя цуды»


Працягам свята стаў тэматычны канцэрт «Красуй, квітней, Бешанковіччына!». У першай палове дня ў цэнтральным парку праходзілі выставы-продажы прадуктаў пчалярства «Смак мёду!» клуба пчаляроў-аматараў «Пчала», работ майстроў дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Рукатворныя цуды». Мыла ручной работы і сувенірную прадукцыю, прысвечаную 570-годдзю г. п. Бешанковічы, прапаноўвалі бібліятэчныя работнікі, якія таксама арганізавалі акцыю «Мы за чытаючую Беларусь», бяспройгрышную латарэю, падрыхтавалі выставы «Бешанковічы: гісторыі старонкі» і «Асветнікі зямлі беларускай».


Цікавасць выклікалі творы клуба майстроў народных мастацкіх рамёстваў «Скарбонка» раённага Дома рамёстваў Эдзіты Макаравай, Аксаны Лейчанка, Веры Стажык, Сяргея Вярцёлкі, Алены і Віталя Пагарэльскіх, Дзмітрыя Піскунова, Ганны Гудоўскай, Галіны Ханяк, Алесі Аўчыннікавай. Чаго тут толькі не было: вырабы з саломкі і гліны, разьба па дрэве, вышыўка, фотаработы, плеценыя паясы, выцінанкі, лялькі і кошыкі ручной работы.


Майстар кавальскай справы Андрэй Трубецкі прадставіў выставу «Старая коўка», а таксама разам з адзінадумцам Андрэем Бурнейкам правёў майстар-клас. На «Бешанковіцкім падворку» працавалі клуб аматараў нацыянальных беларускіх напояў «Крамбамбуля» і клуб беларускай нацыянальнай кухні «Бараболя», дзе прыдзвінцам прапаноўвалі прадэгуставаць розныя смачнасці. Разыначкай стаў і «Духмяны закуток» з лекавымі травамі лугоў Бешанковіччыны.


Шчодрым быў і падворак, які да Дня Незалежнасці і юбілею Бешанковіч падрыхтавалі сельскія Саветы, разнастайнасць страў цешыла вока, знайшлося нямала жадаючых пачаставацца.


Зацікавілі публіку выставы аб’яднання па інтарэсах «Акварыумістыка» і дэкаратыўна-прыкладной творчасці раённага Цэнтра дзяцей і моладзі, наведвальнікаў аддзялення для інвалідаў ТЦСАН. «Горад атракцыёнаў» працаваў для самых маленькіх гасцей свята, культработнікі і педагогі РЦДіМ праводзілі з дзятвой гульнявыя праграмы. На гарадскім стадыёне разгарнуліся спартыўныя гульні. На працягу дня райпа і прыватныя гандлёвыя прадпрыемствы гандлявалі ў парку.


Вышыванкі для беларусаў


Шматлюдна было і на пляцоўцы, дзе размясцілася раённая арганізацыя ГА «БРСМ». Яе валанцёры праводзілі адразу некалькі акцый – «За любімую Беларусь!» і «Кветкі Вялікай Перамогі». Удзельнікам святкаванняў прапаноўвалася на стылізаваным нацыянальным арнаментам сэрцы пакінуць свае пажаданні Бацькаўшчыне, а наўзамен атрымаць вышыванку.


– Падобная тэматычная акцыя праходзіць па ўсёй Беларусі і накіравана на папулярызацыю культурнай спадчыны беларусаў, стымулюе цікавасць да гісторыі сваёй краіны, – падзялілася першы сакратар РК ГА «БРСМ» Т. А. Жукоўская. – Усе мы аб’яднаныя агульнай ідэяй – гэта наша краіна, у якой ёсць свая культура і спадчына. Наша задача папулярызаваць нацыянальныя традыцыі, захоўваць сувязь паміж пакаленнямі, развіваць і рэалізоўваць грамадска значныя ініцыятывы.


Сапраўдным патрыётам сваёй Айчыны валанцёры ГА «БРСМ» таксама прапаноўвалі намаляваць на шчацэ сцяг Беларусі ці стылізаванае сэрцайка. Жадаючых паўдзельнічаць у гэтай акцыі было некалькі дзясяткаў.


Плячо Ў плячо за бяспеку


Асаблівыя ўражанні пакінулі паказальныя выступленні па рукапашным боі разведузвода, выстава ўзораў зброі, з якой на свята прыехалі воіны 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады з Віцебска. На працягу дня ўсе жадаючыя маглі на верталёце «Мі-2» здзейсніць аглядныя палёты над Бешанковічамі.


Свой падарунак да юбілею гарпасёлка і Дня Незалежнасці Беларусі падрыхтавалі і супрацоўнікі Бешанковіцкага РАНС. Яны запрасілі землякоў на пляцоўку бяспекі, арганізаваную недалёка ад гарадскога стадыёна. Тут прайшла забаўляльна-пазнавальная праграма з конкурсамі і віктарынамі. Пры праходжанні навучальных пляцовак удзельнікам налічваліся балы, а ў залежнасці ад набранай сумы яны атрымлівалі розныя падарункі ад супрацоўнікаў МНС, у тым ліку разыгрываліся купоны на бясплатнае наведванне батута.


– Мы далі магчымасць як дзецям, так і дарослым даведацца шмат новага і карыснага для сваёй бяспекі, – распавяла інспектар групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю РАНС Ю. І. Касцюкова. – І не толькі даведацца, але і навучыцца на практыцы. «Збіраючыся па трывозе на выезд», удзельнікам неабходна было на хуткасць надзець баявую вопратку выратавальніка, пры «Тушэнні пажару» – ліквідаваць ачаг узгарання з дапамогай пераноснага парашковага вогнетушыцеля, паспрабаваць сілы можна было і ў «Выратаванні тапельцаў». Каб прайсці іспыты «Трапнага ствольшчыка», прапанавалася напорам вады з пажарнага ствала збіць конус на адлегласці.


За паспяховае выкананне онлайн-тэста ўдзельнікі атрымлівалі граматы ад работнікаў МНС. Адбывалася фотасесія на фоне банэра «Ганарымся, што навучылі!». Усе засталіся задаволеныя і атрымалі зарад добрага настрою, а таксама карысныя веды.


Факел Міру – у Бешанковічах


Знакавай падзеяй юбілейнага для Бешанковіч дня стала наведванне райцэнтра ўдзельнікамі міжнароднай факельнай эстафеты дружбы, узаемаразумення і адзінства «Бег Міру». Замежных гасцей на ўездзе ў гарадскі пасёлак сустракалі кіраўніцтва раёна, актывісты ГА «БРСМ», прафсаюзнага руху і жыхары райцэнтра. Па традыцыі гасцям уручылі хлеб-соль, народны ансамбль народнай песні «Весялуха» выканаў прывітальную песню. Удзельнікаў факельнай эстафеты вітаў намеснік старшыні райвыканкама М. А. Заблоцкі.


Пасланнікі Міру наведалі аздараўленчы лагер «Арляня», што працуе на базе гімназіі, а таксама прынялі ўдзел у вячэрняй праграме святкавання Дня Рэспублікі і юбілею Бешанковіч. Як распавёў Мікалай Ягораў – каардынатар эстафеты «Бег Міру» ў Еўрапейскай частцы Расіі, з моманту стварэння эстафеты ў 1987 годзе ў ёй прынялі ўдзел мільёны чалавек. За 30 гадоў бегуны з факелам пабывалі больш чым у 155 краінах, пераадолеўшы больш за 600000 км. Асноўнымі ўдзельнікамі «Бегу Міру» з’яўляюцца каманды валанцёраў-энтузіястаў спорту, прафесійных спартсменаў і аматараў, якія перадаюць факел Міру з рук у рукі. Удзел у праекце – гэта прыклад актыўнай жыццёвай пазіцыі бегуноў і далучэнне дарослых і дзяцей да здаровага ладу жыцця.


– Мы – пасланнікі Міру, – падзяліўся Канстанцін Рыбін – каардынатар Уральскай каманды эстафеты, шматразовы ўдзельнік 6-сутачных забегаў. – Гэты буйнамаштабны праект у розны час падтрымалі вядомыя людзі планеты і нашай краіны: Маці Тэрэза, Далай Лама, Нэльсан Мандэла, Міхаіл Гарбачоў, каралева Лізавета, прынцэса Дыяна, Вячаслаў Фяцісаў, Ірына Радніна, Анатоль Карпаў, Таццяна Лебедзева, Мікалай Валуеў, Пол Макартні, Барыс Грабеншчыкоў і многія іншыя. У 1996 годзе касманаўт Генадзь Стракалаў даставіў факел Міру ў космас на арбітальнай станцыі «Мір» і перадаў яго амерыканскім астранаўтам. У 2006 годзе агонь Міру быў узняты на вяршыню гары Эльбрус, у 2008 годзе сцяг эстафеты пабываў на Паўночным полюсе.


Аўтарам ідэі гэтага ўнікальнага праекта выступіў Шры Чынмой – вядомы грамадскі і гуманітарны дзеяч, спартсмен і міратворац, які шмат гадоў праводзіў у штаб-кватэры ААН сустрэчы, прысвечаныя міру і гармоніі, і эстафета носіць яго імя.


Пасланнікі Міру з факелам стартавалі 9 чэрвеня з Масквы. Яны прайшлі па Цэнтральнай і Паўночна-Заходняй федэральных акругах Расійскай Федэрацыі, па тэрыторыі Латвійскай Рэспублікі, удзельнікі акцыі сустрэліся ў Смаленскай вобласці з камандай са Смаленска і далей накіраваліся ў Рэспубліку Беларусь. 2 ліпеня пасланнікі Міру былі ў Віцебску, адкуль накіраваліся ў Бешанковічы. Міжнародная каманда складаецца з прадстаўнікоў Расіі, Чэхіі, Польшчы, Латвіі.


Такія ж пасланнікі Міру рухаюцца з абласных цэнтраў Магілёў, Гродна, Брэст, Гомель. Пяць каманд эстафеты адначасова злучацца ў Мінску на плошчы Перамогі 8 ліпеня ў 11 гадзін, каб адсвяткаваць фініш еўрапейскай часткі прабегу і 30-годдзе эстафеты.


Адна з галоўных задач акцыі – даць магчымасць усім жадаючым дакрануцца да факела Міру і выказаць пажаданні гармоніі і адзінства ўсіх людзей нашай планеты. За 30 гадоў існавання міжнароднай факельнай эстафеты дружбы галоўны сімвал Міру пабываў у руках больш за 10 мільёнаў чалавек. Іх колькасць папоўнілі і жыхары Бешанковіч. Нашы землякі загадвалі жаданні, фатаграфаваліся з факелам Міру і перадавалі яго адзін аднаму.


Вячэрняя праграма ў цэнтральным парку была не менш насычанай, чым дзённая: тэматычны канцэрт, вогненнае шоу, акцыя «Спяём гімн разам» і святочны салют пакінулі шмат станоўчых эмоцый. Скончылася свята далёка за поўнач начной дыскатэкай.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *