Купалье в Бешенковичах встретили в лучших традициях

Общество

Старажытна-язычніцкае свята Купалле ў гонар летняга сонцастаяння адзначаецца з 6 на 7 ліпеня. Абрады з травой, агнём і вадой праводзяцца менавіта ў самую кароткую Купальскую ноч.


Дзень летняга сонцастаяння – галоўнае свята славян, час найвышэйшага развіцця жыццёвых сіл прыроды. Яго таксама называлі днём Івана Зёлкі: лекавыя расліны, сабраныя ў гэты час, валодаюць цудадзейнымі ўласцівасцямі. Шалфей, чарада, маці-і-мачаха, святаяннік, рамонак – усяго і не пералічыць. А чароўныя пералёт-траву, цірліч-траву, архілін ды прамяністую кветку папараці, якая па паданнях прыносіць небывалае шчасце, марылі знайсці ведзьмы і чарадзеі.


Вось і работнікі культуры запрасілі землякоў у гэтую чароўную ноч у цэнтральны парк г. п. Бешанковічы на «Купальскія прыгоды». Галоўнымі героямі тэатралізаванага прадстаўлення сталі Няптун (Сяргей Яўжэнка), Аграфена (Алена Краснова), Кікімара (Алеся Цапота), Лешы (Алег Акуневіч) і Купалінка (Таццяна Зайцава).


Купалле – гэта час абуджэння звышнатуральных сіл, не толькі добрых, але і злых. Напэўна, гэта яны заваражылі Няптуна, якога ў рэшце рэшт удалося расчараваць. Для гэтага выкарыстоўваліся абрады, звязаныя з вадой, каханнем, уласцівасцямі траў, прыкметамі ды варажбой на шчасце. У прадстаўленне ўцягваліся дзеці і дарослыя, з якімі праводзілі гульні, пераможцы атрымлівалі прызы. Бадай што самым вясёлым эпізодам прадстаўлення сталі выбары жаніха для Кікімары. Хлопцы, якія вызваліся паспытаць шчасця ў гэтым, прайшлі рад выпрабаванняў: адорвалі «нявесту» кампліментамі, плясалі і плялі купальскія вянкі.


Працягам свята стала канцэртная праграма і начная дыскатэка. Землякоў радавалі песнямі арт-група «Белыя росы», народны ансамбль народнай песні «Весялуха», калектыў «ОСВОГиС», баяністы (Міхаіл Буракоў, Кацярына Сулімава, Алена Ядрэўская, Таццяна Зайцава, Валянцін Казьміных), тэатр мініяцюр «Не промах», а таксама вакалісты Вольга Сергіенка, Ірына Паўлоўская, Ніна Ткачэнка, Валерый Гайко, Галіна Кальцова, Алег Акуневіч, Вольга Качанава, Сяргей Яўжэнка, Соф’я Панкевіч.


Безумоўна, цэнтральнае месца, вакол якога разгортвалася свята, заняў рытуальны агонь. Традыцыі продкаў прадпісваюць скакаць праз вогнішча, каб ачысціцца ад унутранага бруду, бо агонь – сімвал ачышчэння, вылечвання ад напасці, знак абноўленага жыцця. Галоўным героем Іванава дня з’яўляецца і кветка папараці, Перунова кветка, як яе называлі продкі. Кажуць, што роўна апоўначы ўсяго на некалькі імгненняў раскрываецца яе чароўнае вогненнае вока, а таму, хто паспее яе сарваць, становіцца бачным любы клад, як бы глыбока ён ні знаходзіўся, і ўсе жаданні ўладальніка кветачкі папараці спраўджваюцца…



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *