Сообща приведём в порядок родную землю

Новости района

Механізатар – прафесія, вартая сапраўднага мужчыны. У любое надвор’е ён шчыруе, не скардзіцца на капрызы прыроды, заўсёды старанны і адказны, самаадданы, працавіты і ўважлівы. Сёння мы пазнаёмім чытачоў з руплівым працаўніком ДП «ПалітаддзелецАгра». Механізатар Дзяніс Аляксандравіч Бадзяка заняты на касавіцы. У пачатку тыдня не толькі ў гаспадарцы, але і ў раёне ён быў лепшым на адвозцы зялёнай масы. Захацелася даведацца, ці ёсць які сакрэт такой паспяховай працы? Мужчына ўсміхнуўся і прызнаўся, што ніякага сакрэту няма, проста трэба шчыра працаваць, быць адказным за свае ўчынкі.


– Біяграфія ў мяне звычайная, – заўважае Дзяніс Аляксандравіч. – Я родам з вёскі. Нарадзіўся і пэўны час жыў у Вярхоўі, закончыў мясцовую школу, затым – Ульскае СПТВ. Працаваць пачаў у калгасе, затым служыў у Віцебску ў знакамітай 103-й брыгадзе. Пасля службы ў арміі вярнуўся на радзіму, зноў стаў механізатарам, на гэты раз месцам працы быў ільнозавод.


Трэба адзначыць, што менавіта тут ён і сустрэў свой лёс – каханую жанчыну. Ледзь пабачыўшы Ганну, мужчына адразу вырашыў: яна будзе яго жонкай. Так і адбылося. Зараз выхоўваюць 12-гадовую дачушку Дар’ю. У пошуках лепшага жыцця перайшоў на новае месца работы. У ДП «ПалітаддзелецАгра» працуе пяць гадоў, усе – на «МТЗ-2822». За гэты час усякае было: то дождж сярод спёкі, то нечакана падвядзе тэхніка – і ў самы гарачы час прыходзіцца яе рамантаваць.


– Вядома, жыць і працаваць у вёсцы нялёгка: практычна з ранку да позняга вечара знаходзішся на полі, – кажа мужчына. – За дзень, у залежнасці ад адлегласці, можна зрабіць прыкладна 14-15 ці 25-26 рэйсаў. Сёння пачалі закладваць новую траншэю, а яна невялікая, таму спадзяюся, што за дзень справімся. Ведаеце, працы шмат, не паспееш закончыць адну справу, як ужо чакае іншая. Увесну я быў заняты на падрыхтоўцы глебы. Зараз прыйшоў час корманарыхтоўкі. Азірнуцца не паспеем, як зноў трэба будзе ўзяцца за «КЧ-6» і рыхтаваць глебу да сяўбы. Аднак праца займае не ўсе думкі. Усё ж галоўнае для мяне – гэта сям’я, здароўе родных. Пра іх памятаеш штодзень, дзеля гэтага і жывеш, і працуеш.


Пасля гэтых слоў Дзяніс Аляксандравіч зноў вярнуўся ў кабіну магутнага «баявога» сябра, каб імчаць туды, на палеткі, дзе плённа праходзіць частка чалавечага жыцця, вуркоча тэхніка, шчыруюць механізатары, выконваючы сваю неабходную працу…



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *