Бешенковичские труженики организованно ведут жатву

Заботы сельские

Нават сонца за імі не паспявае: устае – а яны ўжо на нагах, заходзіць – яны яшчэ на нагах. Яны – гэта хлебаробы, у іх самы прыпар – жніво. Хапае клопатаў і механізатарам, і поварам, і кіраўнікам – ад старшыні калгаса да старшыні райвыканкама. Якасная і аператыўная ўборка ўраджаю – галоўная тэма апошніх дзён.


Па раёне на канец мінулага тыдня было ўбрана каля 40% збожжавых. Арганізавана вядуць жніво працаўнікі філіяла «Свіціна-ВМК» ААТ «Віцебскі мясакамбінат». Тут у поле выйшлі 8 камбайнаў, а на адвозцы збожжа заняты 7 «МАЗаў». Гэта значны тэхнічны патэнцыял, але ж і работы ў свіцінскіх хлебаробаў багата.


– Трэба ўбраць больш за1500 гектараў збожжавых і зернебабовых культур. Нагрузка на камбайн складае 197 гектараў. Убралі ўжо каля 40% плошчаў, – расказвае дырэктар гаспадаркі Л. П. Мамойка. – Віды на ўраджай сёлета нядрэнныя. Абы надвор’е не падвяло, тады тыдні за два завяршылі б жніво. Пакуль маем па 31 цэнтнеры на круг. Летась ураджайнасць складала 28,7 ц/га, у 2015 годзе збіралі з гектара 41,7 цэнтнера. Стаўку робім на вырошчванне гібрыднага жыта. Летась культура займала 100 гектараў, сёлета ўдвая павялічылі пасяўныя плошчы.


Вядома ж, хлебны колас не трывае абыякавасці. А «Свіціна-ВМК» славіцца сваімі працалюбівымі хлебаробамі. Шмат добрых слоў у адрас сваіх працаўнікоў выказала Людміла Пятроўна падчас нашай размовы. Напрыклад, лідар жніва Аляксандр Васільевіч Шэлест, на рахунку якога ў пятніцу раніцай быў намалот у 362 тоны, прыехаў у гаспадарку са Століншчыны больш за 20 гадоў назад працаваць будаўніком, ды так і застаўся жыць у гэтых мясцінах, асвоіў новую прафесію і задае тон сярод калег у працоўным спаборніцтве.


Усяго каля 20 тон збожжа саступаў яму гэтым ранкам малады камбайнер Аляксей Гурко, а замыкаў тройку лідараў Аляксей Уладзіміравіч Шчука з вынікам – больш за 300 тон. Адказнасцю да даручанай справы вызначаюцца і камбайнеры Віктар Мікалаевіч Дарожка, Фёдар Фёдаравіч Заяц, Юрый Рыгоравіч Галай. Расце і надзейная маладая змена хлебаробаў – Анатоль Мачыха і Канстанцін Скрабнеўскі лоўка ўпраўляюцца за штурваламі даручаных ім камбайнаў.


На адвозцы ў лідарах Уладзімір Віктаравіч Прошчанка – ён перавёз з поля 650 тон хлеба. Старанна падыходзяць да справы і вадзіцелі Мікалай Аляксеевіч Дрозд, Генадзь Якаўлевіч Петухоў. ААТ «Віцебскі мясакамбінат» прыслала на дапамогу хлебаробам вадзіцеля Уладзіміра Міхайлавіча Клешчанку – руплівага і безадказнага працаўніка. Мікалай Віктаравіч Шут і Аляксандр Уладзіміравіч Аскера дастаўляюць збожжа на Віцебскі КХП для вытворчасці камбікармоў.


Безумоўна, сіл на збор ураджаю траціцца шмат, на палях камбайнеры па 13-14 гадзін пад няшчадным сонцам. Страты калорый і фізічных сіл больш чым значныя, таму клопат пра іх узнаўленне – адна з важных задач кіраўніка гаспадаркі. Абавязковае патрабаванне – двухразовае гарачае харчаванне. У філіяле «Свіціна-ВМК» ААТ «Віцебскі мясакамбінат» яно бясплатнае і разнастайнае.


Удзельнікі жніва сілкуюцца з велізарным апетытам. Іх «палявы карміцель» Святлана Пятроўна Казак аб’едзе ўсе палі, кожнага камбайнера знойдзе. Па 180 абедаў за дзень гатуе для ўдзельнікаў жніва і будаўнікоў ААТ «Віцебскі мясакамбінат», якія ўзводзяць у в. Луг новую ферму для гаспадаркі, повар вышэйшага класа Галіна Уладзіміраўна Наквасевіч.


Дарэчы, свіцінцы не толькі працуюць да стомы, але і знаходзяць хвілінку для адпачынку, а дапамагаюць ім у гэтым культработнікі. З пачаткам жніва на хлебныя палі раёна выйшлі не толькі камбайнеры, але і агітбрыгады. Вось і да свіцінцаў завіталі работнікі раённага Цэнтра культуры. Міні-канцэрт праходзіў прама на полі. Спявалі прыпеўкі, танчылі – ад душі павесялілі працаўнікоў вёскі. Выступіўшы на адной «імправізаванай пляцоўцы», агітбрыгада паспяшалася на іншыя палі, а працаўнікі вёскі вярнуліся да звыклай для іх хлебаробскай справы.


…Шырокае палатно пшанічнага поля на пад’ездзе да аграгарадка Вярхоўе. Адзін за адным па полю павольна плывуць камбайны. Каласы цяжка гнуцца долу. Яны пахнуць сонцам, полем і летняй свежасцю. Жытні водар бадзёрыць. Пабываць на тых бясконцых палях, паглядзець і палюбавацца зладжанай працай хлебаробаў, залатымі каласамі новага ўраджаю, удыхнуць водар лугавой травы са стойкім пахам мядовага лета і пачуць строкат конікаў – гэта сапраўднае шчасце.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *