Праздник Зажинки провели в ЗАО АСБ-Агро Новатор Бешенковичского района

Заботы сельские

Для хлебаробаў Бешанковіцкага раёна наступіла самая адказная пара – уборка ўраджаю. Па добрай традыцыі кожнае жніво ў рэгіёне пачынаецца са старажытнага абраду «Зажынкі». Сёлета на свята былі запрошаны не толькі кіраўнікі і спецыялісты гаспадарак раёна, але і сельвыканкамаў, прадпрыемстваў, арганізацый, начальнікі аддзелаў і службаў райвыканкама.


Спелае хлебнае поле радуе вока. Каласы ціхенька звіняць, перашэптваюцца, пазіраючы на магутныя камбайны, застыўшыя на ўскрайку поля непадалёку ад вёскі Ранчыцы. Менавіта хлебаробам ЗАТ «ААБ-Агра Наватар» выпаў гонар стартаваць на раённых «Зажынках».


І вось у поле выходзяць жнеі з сярпамі, у такіх жа кашулях і спадніцах, як некалі нашы бабулі. Яны схіляюцца ў паклоне перад спелымі каласамі, зажынаюць першы сноп. Кланяючыся, аддаюць яго гаспадару поля – кіраўніку ЗАТ «ААБ-Агра Наватар» Дзмітрыю Валер’евічу Пятрашку. Яму пачэсна і адказна. Ён абяцае, што гаспадарка не падвядзе. І механізатары ёсць надзейныя, яны выстраіліся ў шэраг побач са сваімі камбайнамі, чакаюць каманды «На старт!».


«Сапраўды хвалюючы момант, – кажа, адкрываючы свята, выконваючы абавязкі старшыні райвыканкама Сяргей Генадзьевіч Акуневіч. – Колькі зроблена, колькі недаспана начэй дзеля таго, каб сёння магутныя караблі-камбайны пайшлі ў поле і ў бункеры пачаў сыпацца хлеб. Няхай гэта поле, як і іншыя палеткі раёна, будзе добрым і шчодрым».


Як адзначыў кіраўнік раёна, перад аграрыямі Бешанковіччыны стаіць задача – у сціслыя тэрміны (на працягу 20-25 дзён) убраць хлеб. Задача няпростая, бо на палетках раёна расце 13741 гектар збожжавых і зернебабовых культур, каля 2 тысяч гектараў рапсу.


Ва ўборачнай кампаніі будуць задзейнічаны 64 камбайны. Першае збожжа ўжо гатовы прыняць 19 збожжасушыльных комплексаў, 2 з іх працуюць на газе, астатнія – на дызельным і мясцовым відах паліва. Ёсць 5 перасоўных сушылак і комплексы, якія дазваляюць апрацоўваць да 500 тон збожжа ў суткі. Нагрузка на камбайн сёлета складзе 250 га.


– Гаспадаркам раёна выдзелілі таварны крэдыт, – паведаміў С. Г. Акуневіч. – Ён невялікі – 298 тон дызельнага паліва, але на першы час яго хопіць. ГЗМ будуць закупляцца і за кошт крэдытных рэсурсаў. Бо паралельна са жнівом трэба весці іншыя работы: уборку саломы, адвозку збожжа з поля, яго сартаванне і сушку, падрыхтоўку глебы і сяўбу азімых. Аб’ёмы работ чакаюцца вялікія.


Сяргей Генадзьевіч нагадаў аграрыям пра задачы, якія паставіў Кіраўнік дзяржавы перад працаўнікамі сяла 2 жніўня падчас рэспубліканскай селектарнай нарады па пытаннях уборкі ўраджаю ў 2017 годзе:


– Мэта адна – не дапусціць страт. Мы не можам удабраць збожжам глебу. Трэба накіраваць усе сілы і кадры на тое, каб штодзённае заданне па ўборцы хлеба і дапрацоўцы збожжа выконвалася, – акцэнтаваў увагу прысутных кіраўнік раёна. – Зладжаная праца калектыву павінна спрыяльна адбівацца на канчатковым выніку. Нам трэба будзе выканаць дзяржаўны заказ па пастаўцы 4300 тон збожжа і 1950 тон рапсу, а таксама забяспечыць кармамі грамадскае пагалоўе ў зімова-стойлавы перыяд утрымання жывёлы. Па папярэдніх прагнозах хлебны каравай раёна павінен быць працэнтаў на 20 большым, чым летась.


Адсюль выцякае задача нумар адзін – ва ўсім павінны быць дысцыпліна і парадак. Каб ні адзін колас не заставаўся на полі, ні адно зярнятка не звалілася міма бункера. Захаваць збожжа трэба і пры перавозцы яго з поля. Важны груз транспартаваць з зачыненымі тэнтамі, каб не было страт збожжа на дарозе. Задача кіраўнікоў гаспадарак – накіраваць працу ў патрэбнае рэчышча, арганізаваць работу так, каб уся каманда дзейнічала зладжана.


Для гэтага ў раёне створаны штаб па ўборцы ўраджаю, які ўзначаліў С. Г. Акуневіч. У час жніва будзе працаваць і тэхналагічная група, на якую ўскладзены функцыі кантролю за ўборачнай кампаніяй, а таксама рэйдавыя групы з ліку работнікаў РАНС, РАУС, спецыялістаў па ахове працы, прадстаўнікоў упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама.


Да сказанага Сяргеем Генадзьевічам намеснік начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу А. А. Булаўкін дадаў, што ў час жніва не губляе актуальнасці пытанне нарыхтоўкі кармоў. У кожнай гаспадарцы трэба арганізаваць працу па адным мехатрадзе, а таксама звярнуў увагу кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, што абмалот збожжа ў асабістых падсобных гаспадарках варта весці паралельна з уборкай грамадскага сектара.


Пасля абмеркавання вытворчых пытанняў прыйшоў час уручыць каравай са збожжа новага ўраджаю кіраўніку раёна. Святочную праграму «Зажынак» з элементамі народных абрадаў і песень падрыхтавалі фальклорны ансамбль «Крыніца» і клубныя работнікі. Настаяцель храма прарока Ільі ў г. п. Бешанковічы протаіерэй Віталь Кісель блаславіў пачатак жніва і пажадаў хлебаробам важкага каравая.


І вось яны, героі жніва, сур’ёзныя, упэўненыя, прыбраныя ў спецвопратку, бадзёрыя (быццам спёка – драбяза, на якую проста не варта звяртаць увагі). Частуюцца квасам і хлебам са збожжа новага ўраджаю – і ў добры шлях. Адзін за другім выводзяць камбайны ў поле – убіраць ураджай.


Было ж працы: пасеяць, дагледзець, вырасціць. Цяпер бы ўбраць без страт і перашкод. Каб да «Дажынак» Бешанковіцкі раён прыйшоў з пышным важкім караваем. Словы жыта і жыць – аднакарэнныя. І гэта невыпадкова, бо хлеб заўжды служыў мерай жыцця. Ёсць хлеб – і чалавек сыты ды вясёлы. Інакш кажучы: ад зямлі – хлеб, ад хлеба – багацце.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *