Жители Забелья отметили праздник деревни

Событие

Паміж азёр, як ветразь карабельны,


Плыве на ўзвышшы вёсачка Забелле.


Шумяць вятры жытамі навакол,


Пяюць у чарацінкі азярныя.


Жанкі пасля даення рукі мыюць,


І пахне наваколле малаком.


Гэтым вершам вядомай беларускай паэтэсы Вольгі Іпатавай, прысвечаным роднаму краю, дзе яна жыла ў дзяцінстве, пачала сваё выступленне на свяце старэйшына вёскі Забелле Валянціна Андрэеўна Кавалеўская.


Кожны вялікі і маленькі населены пункт мае сваю гісторыю. У далёкія часіны пачынаецца гісторыя вёскі Забелле. У пачатку 1800-х гадоў, па дадзеных гістарычных успамінаў, тут налічвалася ўсяго 12 двароў. У 1878 годзе памесце Забелле належыла пану Казіміру Мацкевічу, які валодаў тут 55 дзесяцінамі зямлі.


У пачатку дваццатага стагоддзя памесце належыла пану Пашкоўскаму, які ў час рэвалюцыйных падзей пакінуў яго.


Аб тым, дзе раней стаяў маёнтак, і сёння нагадваюць кусты бэзу і чорных парэчак, якія растуць тут, а само месца мясцовыя жыхары называюць Пашкоўшчынай. З устанаўленнем Савецкай улады пачалося перасяленне людзей з хутароў. Забелле пачало расці і развівацца. У 1939 годзе тут быў створаны калгас «Ударнік».


Перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы налічвалася 55 двароў, у якіх пражывала 210 жыхароў.


Цяжкі лёс выпаў на долю вяскоўцаў у час акупацыі ворагам. Частка вёскі была спалена захопнікамі. Многія жыхары загінулі ў барацьбе з ворагам на франтах і ў партызанскіх атрадах, былі закатаваны фашыстамі. У 1969 годзе ў цэнтры вёскі Забелле ў памяць аб земляках устаноўлены помнік, на якім значыцца 91 прозвішча загінуўшых.


У пасляваенны час, у 1944 годзе, у Забеллі адкрылася пачатковая школа, дырэктарам якой была прызначана Марыя Піліпаўна Белязека, а праз тры гады школа стала васьмігадовай. З 1947-га па 1953 год яе дырэктарам быў Іван Амбросавіч Корбан. Яго змяніў Анатолій Сяргеевіч Якубцоў, які на працягу 33 гадоў узначальваў мясцовую навучальную ўстанову.


Пасля Вялікай Айчыннай вайны Забелле стала цэнтрам калгаса «Іскра», а ў 1963 годзе калгас быў перайменаваны. Гаспадарку з новай назвай «Наперад» на працягу 18-ці гадоў узначальваў мясцовы жыхар Васіль Ягоравіч Даўгяла. Гэта былі гады росквіту сельскай гаспадаркі. Працаўнікам вёскі сталі замест працадзён налічваць грашовую заработную плату.


У 1963 годзе ў вёску правялі электрычнасць, у хуткім часе пабудавалі гравійную дарогу, што дало магчымасць адкрыць аўтобусны маршрут. А ў 1972 годзе тут пабудавалі сельскі Дом культуры, у будынку якога размясціліся фельчарска-акушэрскі пункт, філіял камбіната бытавога абслугоўвання, кантора мясцовай гаспадаркі.


Сёння ў Забеллі налічваецца 32 дамы, у якіх пражывае 66 чалавек. Многія з іх з’яўляюцца доўгажыхарамі.


У гэты цёплы летні дзень сабраліся ўсе яны, каб адзначыць свята свайго любімага населенага пункта. Усіх прысутных цёплымі прывітальнымі словамі са святам павіншаваў старшыня Соржыцкага сельвыканкама Мікалай Аляксеевіч Аляксеенка. Ён пажадаў землякам моцнага здароўя, поспехаў у іх жыцці. Ад імя мясцовай улады ён уручыў многім сваім аднавяскоўцам памятныя сувеніры, якія будуць нагадваць аб свяце. А якое ж свята без вясёлай задорнай песні? Іх у гэты дзень з задавальненнем дарылі вяскоўцам на працягу трох гадзін удзельнікі вакальнай групы «Рэха» Задарожскага СДК: Н. Н. Адамовіч, Т. А. Ксенафонтава, Н. П. Рэўцкая, І. А. Хацкевіч, Л. Л. Адамовіч, А. Я. Адамовіч, Л. У. Семяніда, М. Ф. Красіцкая, С. М. Уласенка, Ю. І. Кухто. Пад кіраўніцтвам дырэктара СДК Т. Т. Сухоцкай і мастацкага кіраўніка У. В. Голубева ў выкананні самадзейных артыстаў прагучала шмат цудоўных мелодый аб харастве роднага краю, нашай радзімы. Жыхары в. Забелле шчыра ўдзячны артыстам за добра арганізаванае свята і падораны настрой.


Тэкст і фота Леаніда Акулёнка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *