Полоцк в третий раз принимает День письменности

Ад Года культуры да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання

У першыя дні верасня ўвагу на сабе засяродзіць старажытны Полацк. Горад сёлета прымае нацыянальнае свята – Дзень беларускага пісьменства. Урачыстыя мерапрыемствы галоўнай літаратурнай падзеі пачнуцца ўжо сёння, 1 верасня, і працягнуцца да 3 верасня ўключна. Чакаецца вялікая колькасць гасцей з розных краін, у тым ліку пісьменнікі, артысты, афіцыйныя дэлегацыі. Пра самыя цікавыя моманты Дня беларускага пісьменства раскажуць больш за 100 акрэдытаваных журналістаў, у іх ліку і карэспандэнт «Зары».


Дарэчы, Полацк ужо ў трэці раз прымае Дзень пісьменства. Упершыню свята адзначылі ў 1994 годзе, і тады яго сталіцай стала радзіма Францыска Скарыны. Найстаражытнейшы горад Віцебшчыны прымаў Дзень пісьменства і ў 2003 годзе. Сімвалічна, што сёлета свята пройдзе менавіта на радзіме Францыска Скарыны ў год, калі краіна адзначае 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. А самому Полацку спаўняецца 1155 гадоў.


Горад значна змяніўся да свайго юбілею. У Полацку абнавілі больш за 300 аб’ектаў. Адноўленымі госці Дня беларускага пісьменства ўбачаць краязнаўчы музей, мастацкую галерэю, Сафійскі сабор. На беразе Заходняй Дзвіны з’явіўся новы памятны знак «Полацк – калыска беларускай дзяржаўнасці» (скульптар Уладзімір Піпін).


Заўтра, 2 верасня, палачане і госці раённага цэнтра будуць святкаваць Дзень горада, які пачнецца шэсцем працоўных калектываў. Будзе дадзены старт выставачным праектам, прысвечаным 500-годдзю беларускага кнігадрукавання (у тым ліку ў гонар 135-годдзя з дня нараджэння беларускіх класікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа, а таксама прэзентацыя кніг пісьменнікаў-юбіляраў П. Панчанкі і М. Стральцова), кніжным кірмашам і нават фестывалю беларускай кухні і беларускай прадукцыі, канцэртным праграмам, творчым конкурсам, літаратурна-музычным кампазіцыям. Адбудзецца прэзентацыя вынікаў абласнога конкурсу кнігі «Кнігу горада гартаючы».


У Музеі беларускага кнігадрукавання запланаваны міжнародны круглы стол беларускіх і замежных літаратараў «Дыпламатыя слова: Францыск Скарына ў сусветнай гуманітарнай прасторы».


Вялікі фестываль кнігі і прэсы размесціцца на плошчы Францыска Скарыны, тут пройдуць сустрэчы айчынных і замежных літаратараў, можна будзе нават прагуляцца па 3D-друкарні часоў Скарыны. У павільёне «Кнігі і прэса Рэспублікі Беларусь» прадставяць лепшыя выданні мастацкай і вучэбнай кнігі, літаратуры для дзяцей і юнацтва, энцыклапедычныя выданні. На выставе «СМІ Віцебшчыны» рэгіянальныя перыядычныя выданні прэзентуюць сябе, у экспазіцыі будзе прадстаўлена і Бешанковіцкая раённая газета «Зара».


Адметна, што майстры Бешанковіцкага раённага Дома рамёстваў таксама накіруюцца на Дзень пісьменства ў Полацк. Яны прымуць удзел у праекце «Майстры прыдзвінскага краю», арганізуюць выставу-продаж тэматычнай сувенірнай прадукцыі і правядуць майстар-класы па традыцыйных рамёствах. У прыватнасці, Алеся Іванаўна Аўчыннікава раскрые сакрэты вырабу бешанковіцкай свістулькі, Алена Анатольеўна Пагарэльская правядзе майстар-клас па вышыўцы і прадэманструе, як вырабляюцца бешанковіцкія рушнікі, Галіна Мікалаеўна Ханяк здзівіць гасцей свята аўтарскімі і народнымі лялькамі-мотанкамі.


У Полацкім гарадскім Палацы культуры адбудзецца фінал конкурсу чытальнікаў «Жывая класіка», ля памятнага знака «Полацк – геаграфічны Цэнтр Еўропы» – літаратурнае свята «Мая Полаччына». Запланавана ўрачыстае адкрыццё Культурна-мастацкага праекта «Тры Сафіі: Сафія Кіеўская, Сафія Наўгародская, Сафія Полацкая». Адбудзецца прэзентацыя кнігі знакамітага першадрукара «Малая падарожная кніжка» з калекцыі ААТ «Белгазпрамбанк».


Вечарам 2 верасня запланавана тэатралізаванае прадстаўленне ўрачыстага адкрыцця Дня беларускага пісьменства і лазернае шоу. А кульмінацыяй свята 3 верасня стануць традыцыйнае ўручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі і ўрачыстая цырымонія перадачы эстафеты Дня беларускага пісьменства гораду Іванава Брэсцкай вобласці.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *