На сувязі з жыхарамі Бешанковіччыны — С. М. Аўчыннікаў

Новости района

Падчас Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску-2016» пад эгідай абласнога камітэта прафсаюза работнікаў культуры, дырэкцыі фестывалю мастацтваў і Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама прайшоў адкрыты пленэр-конкурс «Я малюю фестываль».


Удзел у ім прынялі больш за 70 навучэнцаў дзіцячых школ мастацтваў і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў Віцебшчыны, а таксама студэнты мастацкіх факультэтаў вышэйшых навучальных устаноў з Беларусі, Расіі і краін-удзельніц фестывалю. Маладым талентам былі выдзелены тры пляцоўкі пад адкрытым небам: каля помніка А. С. Пушкіну, помніка Альгерду і на пешаходнай вуліцы Талстога. На працягу некалькіх дзён маладыя майстры пэндзля на паперу і палотны пераносілі свае пачуцці і эмоцыі, якія адлюстроўваюць спецыфіку Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».


Сярод удзельнікаў пленэру была і наша зямлячка – таленавітая юная мастачка Анастасія Аўчыннікава.


– Мы прадстаўлялі свае работы кампетэнтнаму журы, якое ацэньвала мастацкі ўзровень, арыгінальнасць ідэі, тэхніку і якасць выканання, – распавяла пачынаючая мастачка. – У дзень закрыцця фестывалю ў Віцебскай школе мастацтваў адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў, дзе нам уручылі памятныя сувеніры і дыпломы Віцебскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў культуры.


Мая субяседніца з’яўляецца навучэнкай СШ №2 райцэнтра, дзяўчына перайшла ў 9-ы клас.


Як прызналася сама Анастасія, па-сапраўднаму захапляцца маляваннем пачала толькі некалькі гадоў назад. І гэта нягледзячы на тое, што дзіцячую школу мастацтваў яна наведвае ўжо даволі працяглы час.


– Напэўна, гісторыя, што звязала мяне з мастацтвам, не новая, – кажа Насця. – Яшчэ ў маленстве мяне, як і многіх іншых дзетак, у школу мастацтваў прывяла маці. Канешне ж, здаралася рознае, некаторы перыяд зусім не наведвала заняткі, але з цягам часу зразумела, маляваць – гэта маё.


Дарэчы, паўдзельнічаць у конкурсе дзяўчыне прапанавала яе першая настаўніца са школы мастацтваў Галіна Мікалаеўна Ханяк. І Насця пагадзілася.


– Мяне вельмі ўразілі майстар-класы, што правялі ў рамках пленэру рускія, беларускія і кітайскія мастакі, – адзначыла дзяўчына. – Шмат чаго ўзяла для сябе і з радасцю буду выкарыстоўваць набытыя веды.


Трэба адзначыць, што работа, якую прэзентавала наша юная зямлячка, засталася ў арганізатараў. А гэта, напэўна, многае значыць!


Спадзяёмся, што гэта толькі маленечкі крок Анастасіі на прыступку вышэй да вялікіх перамог.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *